Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі абурыліся стэлямі, якімі беларусы ўшанавалі паўстанцаў Каліноўскага і якія зьніклі


Стэля паўстанцам 1863 году ля вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці
Стэля паўстанцам 1863 году ля вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці

Стэлі, усталяваныя беларускімі актывістамі ў гонар паўстанцаў 1863 году ўлетку ў Мастоўскім раёне, таямніча зьніклі празь некалькі дзён. Свабода праверыла польскі і дзяржаўны сьлед у гэтай справе.

Дзьве драўляныя стэлі грамадзкія актывісты з Горадзенскай вобласьці ўсталявалі каля вёсак Пацавічы і Мінявічы Мастоўскага раёну сёлета напрыканцы жніўня. Гэта месцы пахаваньня больш як 50 паўстанцаў 1863 году. Тут яшчэ ў міжваенны час палякі стварылі месцы ўшанаваньня з крыжамі і камянямі.

Польскі гісторык: «Гэта скандал, крадзеж памяці і непрыстойнасьць»

Празь некалькі дзён пасьля ўсталяваньня стэляў польскі прафэсар, ганаровы сябар неафіцыйнага Саюзу палякаў на Беларусі Зьдзіслаў Юліян Віньніцкі выказаўся пра гэта крытычна. Дзеяньні беларусаў ён назваў «скандалам, крадзяжом памяці і непрыстойнасьцю».

На думку гісторыка, польскае паўстаньне 1863–1864 гадоў ня мае нічога супольнага з барацьбой за незалежнасьць Беларусі. Ён думае, што беларусы хочуць адмовіць ролю польскіх змагароў у паўстаньні і прыпісаць яе беларусам, а гэта «гістарычная няпраўда».

Беларускі актывіст: «Маем ня толькі права, але абавязак ушанаваць»

Горадзенскі актывіст БХД Сяргей Верамеенка, які спрычыніўся да ўсталяваньня стэляў, думае, што гэта не пазыцыя большасьці палякаў Беларусі, а польскі прафэсар самотны ў сваім перакананьні.

Сяргей Верамеенка
Сяргей Верамеенка

«Найбольш выгадна сьпіхваць на палякаў уладам, сутыкнуць ілбамі палякаў і беларусаў», — кажа Верамеенка.

Актывіст ня верыць, што палякі маглі спрычыніцца да зьнікненьня стэляў. Ён адзначыў, што канфліктаў з Саюзам палякаў ніколі не было, нягледзячы часам на рознасьць пазыцый.

Грамадзкі актывіст зь Ліды Валер Мінец, які ўсталёўваў стэлі, таксама не падазрае ў іх крадзяжы палякаў.

Валер Мінец
Валер Мінец

«Думаю, гэта малаверагодна, бо ўсё ж гэта сьвятое месца і для палякаў, і для беларусаў», — кажа Мінец.

Ён патлумачыў, што яны стараліся не сапсаваць выгляд закладзенага палякамі мэмарыялу, які ўжо існуе. Таму драўляныя калёны паставілі крыху наводдаль ад крыжоў, «рабілі ўсё акуратна».

«Нагоды для канфлікту проста ня можа быць», — упэўнены ён.

На закіды польскага боку Мінец патлумачыў, што ў месцах ушанаваньня памяць павінна быць і ад палякаў, і ад беларусаў.

«Палякі дбаюць пра гэтыя месцы, за гэта ім вялікі дзякуй. Яны лічаць гэта сваёй спадчынай, мы гэта лічым спадчынай беларускай. Таму мы ня толькі маем права, але і абавязак даглядаць за гэтымі мясьцінамі, дзе ляжаць нашы палеглыя героі», — кажа Валер Мінец.

Саюз палякаў: «Навошта дзясяткі крыжоў, калі ёсьць адзін?»

Старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс патлумачыла, што яны ўспрымаюць усталяваньне стэляў беларускімі актывістамі як недахоп пашаны да ўдзельнікаў СПБ і да іхнай дзейнасьці. Па ейных словах, палякі ўшаноўваюць гэтае месца шмат год, яшчэ з даваенных часоў. Яна не разумее, навошта нешта дадаткова рабіць у дагледжаным месцы памяці.

Анжаліка Борыс
Анжаліка Борыс

«Уявіце, ёсьць пахаваньне. Як будзе выглядаць, калі нехта нешта іншае будзе туды ставіць? Мы ж ня ставім там, дзе стаіць праваслаўны крыж. Проста неэстэтычна там ставіць», — кажа Борыс.

— Ці сапсавалі гэтыя стэлі першапачатковы помнік?

— Калі на каталіцкім пахаваньні мы зараз будзем ставіць нейкую шыльду, як гэта будзе выглядаць? Навошта пхацца туды, дзе ўжо дагледжанае месца, каб проста нейкую дошку туды ўкапаць? — кажа кіраўніца польскай супольнасьці.

На ейнае перакананьне, месца памяці — гэта не ялінка, на якой можна невядома што вешаць.

«Навошта дзясяткі крыжоў, калі ёсьць адзін? Гэта чалавечае глупства. Відавочна, што людзі ніколі не займаліся ўшанаваньнем месцаў», — камэнтуе Борыс.

Старшыня неафіцыйнага СПБ мяркуе, што лепей было б ушанаваць іншыя месцы, дзе яшчэ няма мэмарыялаў. Пры гэтым яна прызнае, што кожны мае права ўшанаваць памяць. Паводле яе, беларусы ня мусяць кансультавацца з палякамі, калі хочуць гэта зрабіць.

«Кожны мае права ўшанаваць, але гэта трэба было рабіць крыху раней», — кажа яна.

Месца пахаваньня сарака паўстанцаў у вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёну
Месца пахаваньня сарака паўстанцаў у вёсцы Мінявічы Мастоўскага раёну

Анжаліка Борыс ня хоча пераносіць пытаньне ў шырэйшы, палітычны кантэкст і выклікаць польска-беларускі канфлікт.

«Гэта па-чалавечы крыху не ў парадку. Кажу толькі пра чалавечы кантэкст. Няўжо мы ня маем іншых праблем, толькі спрачацца палякам зь беларусамі?» — кажа яна.

Наконт гістарычнай праўды старшыня польскага саюзу не бярэцца выказвацца. Тлумачыць, што яна не гісторык і ня будзе ўступаць у дыскусію з ганаровым сябрам СПБ прафэсарам Віньніцкім.

Адначасова Борыс запэўніла, што палякі не маглі быць датычныя да зьнікненьня знакаў, якімі ўшанавана памяць герояў.

«З палякаў ніхто ня можа спрычыніцца да зьнікненьня стэляў, бо нашыя крыжы таксама зьнікалі. Гэта выключана і ніколі ня зможа стацца».

Улады: «Як праводзіць праверку, калі тут нічога не было?»

Мясцовыя ўлады сказалі, што нічога ня ведаюць пра ўсталяваньне і зьнікненьне стэляў, толькі на ўзроўні інфармацыі, «што пішацца на нейкіх там незразумелых сайтах».

«Мастоўскі райвыканкам не валодае ніякай інфармацыяй па ўсталяваньні стэляў. Ніхто не зьвяртаўся ні з нагоды ўсталяваньня, ні з нагоды выдаленьня», — адказаў начальнік аддзелу ідэалёгіі Мастоўскага райвыканкаму Сяргей Дзейкала.

Ён дадаў, што праверку яны праводзіць не плянуюць, бо не валодаюць дэталямі таго, што адбылося.

«Мы нават не валодаем пытаньнем, калі там хто што паставіў, калі там што было скрадзена. На падставе чаго праводзіць праверку, калі тут нічога не было?» — кажа ён.

Да таго ж, тлумачыць Дзейкала, стэлі калі і былі ўсталяваныя, то з парушэньнем заканадаўства. За гэта, па словах ідэоляга, існуе адказнасьць.

Ён кажа, што ўсталёўваць любыя памятныя знакі і шыльды трэба згодна з адпаведнай адміністратыўнай працэдурай, якую прадугледжвае адпаведны заканадаўчы акт. Першым крокам дзеля гэтага павінна стаць заява ў райвыканкам.

Грамадзкія актывісты чакаюць днямі вяртаньня ў Беларусь каардынатара ініцыятывы Вадзіма Саранчукова. Тады яны плянуюць выехаць на месцы зьнікненьня стэляў і прыняць рашэньне, што рабіць далей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG