Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэлі ў гонар паўстанцаў 1863 году ў Мастоўскім раёне не прастаялі і дзесяці дзён


Стэля паўстанцам 1863 году каля вёскі Мінявічы Мастоўскага раёну Горадзенскай вобласьці

Дзьве драўляныя стэлі на месцы пахаваньня паўстанцаў 1863 году, усталяваныя напрыканцы жніўня ў Мастоўскім раёне, таямнічым чынам зьніклі.

Дзьве стэлі паставілі 27 жніўня прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці, сябры палітычных партый і арганізацый. Першую — каля вёскі Пацавічы, дзе пахаваныя 12 паўстанцаў, другую — каля вёскі Мінявічы, дзе спачываюць 40 паўстанцаў. Стэлі вышынёй звыш трох мэтраў у выглядзе падвойных калёнаў вырабілі з дрэва. На іх замацавалі крыж і шыльду з надпісам: «Айчына абаронцам сваім. Беларусь перадусім».

Пра зьнікненьне стэляў у абодвух месцах стала вядома 6 верасьня. Хто гэта зрабіў, якім чынам і навошта, пакуль невядома.

Актывісты ля стэлі паўстанцам 1863 ля вёскі Пацавічы
Актывісты ля стэлі паўстанцам 1863 ля вёскі Пацавічы

Каардынатар ініцыятывы Вадзім Саранчукоў патлумачыў, што зьвяртацца ў міліцыю ці некуды яшчэ з нагоды зьнікненьня стэляў пакуль ня будуць: спачатку трэба разабрацца ў сытуацыі.

Актывіст БХД Сяргей Верамеенка сказаў Свабодзе, што падазрэньні, хто гэта мог зрабіць, ёсьць, але выказваць іх пакуль не бяруцца да высьвятленьня абставінаў.

«Вядома, што скралі. Занадта многа людзей зацікаўленыя, каб іх (стэляў. — РС) там не было. Гэта даволі цяжкія помнікі — драўляны, прамочаны брус. Іх было цяжка ставіць. І каб дэмантаваць, трэба мець каманду чалавек дзесяць, ня менш», — кажа Сяргей Верамеенка.

Да таго ж, па ягоных словах, патрэбная была машына. Да месца пахаваньняў вядзе вузкая дарога праз поле, па якой складана заехаць.

Верамеенка паведаміў, што актывісты і надалей плянуюць усталёўваць падобныя стэлі ў іншых месцах, каб ушанаваць змагароў за вольнасьць Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG