Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дэмакратычная Польшча чакае ад Беларусі добрасуседзтва, а прафэсар Віньніцкі — палянізацыі»


Mагіла сарака паўстанцаў 1863 г. у Мінявічах.

У артыкуле, апублікаваным газэтай Саюзу палякаў Беларусі «Głos znad Niemna» («Голас з-над Нёмана») б’е трывогу прафэсар Віньніцкі з Уроцлаўскага ўнівэрсытэту: «Гэта скандал, крадзеж памяці і звычайная несумленнасьць».

Артыкул называецца «Беларуская дэпалянізацыя польскіх месцаў нацыянальнай памяці». Гнеў і трывогу сп. Віньніцкага выклікалі дзеяньні беларускіх патрыётаў, якія ўшанавалі месцы пахаваньняў паўстанцаў 1863 году. Паводле Віньніцкага, яны ня мелі ніякага права гэтага рабіць, бо тое выключна прэрагатыва палякаў. Беларусы ня маюць ніякага дачыненьня да польскага паўстаньня 1863 году (да болю знаёмы пасаж з падручніка Якава Трашчанка).

Як выкладчык польскай вышэйшай вучэльні, я даволі добра знаёмы з асяродзьдзем і поглядамі польскіх інтэлектуалаў. Таму адразу хачу папярэдзіць беларускіх патрыётаў пра прафэсара Зьдзіслава Юльяна Віньніцкага — ягоныя погляды і перакананьні, мякка кажучы, даволі нетыповыя. Гэта чалавек, які лічыць беларусаў ворагамі Польшчы, прычым усіх — ад «лукашыстаў» да «пазьнякоўцаў». Ён ужо выклікаў скандал сваёй кнігай, у якой даказваў, што беларуская ідэалёгія — як афіцыёзная, так і апазыцыйная — варожая да Польшчы і палякаў. Кніга атрымала разгромную рэцэнзію прафэсара Алеся Смалянчука. Тым ня менш сп. Віньніцкі здабыў па ёй ступень доктара навук (доктара габілітаванага) — сьведчаньне, што ён ня цалкам самотны са сваімі поглядамі ў Польшчы нават сярод прафэсійных гісторыкаў.

Гэта той выпадак, калі абурацца, зьняпраўджваць, пратэставаць няма толку і сэнсу, бо мы маем справу з фанатыкам. Гэта прыкладна тое самае, як даказваць камусьці існаваньне закону гравітацыі, калі чалавек не жадае ў яго верыць.

Але варта зьвярнуць увагу на некалькі момантаў, найперш на факт сапраўды велізарнай дапамогі і падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці з боку польскага грамадзтва і дзяржавы, што таксама выклікае моцнае раздражненьне сп. Віньніцкага. Ягонае разыходжаньне з польскім дэмакратычным урадам (няважна — правым, цэнтрысцкім ці лібэральным) палягае на тым, што дэмакратычная Польшча ў адказ на падтрымку чакае ад Беларусі добрасуседзтва, а спадар Віньніцкі хоча яе палянізацыі.

Актывісты ля стэлі паўстанцам 1863 ля вёскі Пацавічы
Актывісты ля стэлі паўстанцам 1863 ля вёскі Пацавічы

Польскія палітычныя эліты, здаецца, ужо канчаткова зразумелі, што добрай суседкай Польшчы можа быць толькі дэмакратычная Беларусь. Усе спробы навязаць сяброўства з аўтарытарным рэжымам, апошні раз узноўленыя пару таму гадоў таму візытамі да «цёплага чалавека» Лукашэнкі, закончыліся фіяска.

Шмат гадоў адпрацаваўшы ў польскіх унівэрсытэтах з прычыны немагчымасьці ўладкавацца ў беларускіх (хоць і маючы дыплём доктара навук), магу з пэўнасьцю канстатаваць — палякі чакаюць ад нас прыязнасьці, а ня службы. Неаднакроць даводзілася і даводзіцца дыспутаваць з польскімі калегамі аб праблемах гісторыі Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага, але ніхто ніколі не спрабаваў дыктаваць ці вучыць, што і як я маю пісаць.

Пад артыкулам сп. Віньніцкага адзін спакойны польскі грамадзянін, падпісаўшыся поўным імем і прозьвішчам, напісаў камэнтар — добры адказ прафэсару. Варты, каб яго зацытаваць:

«1. У час студзеньскага паўстаньня сьвядомасьць сялянаў з Кялеччыны (рэгіён вакол польскага гораду Кельцы. — РС) зусім не была лепшай, чым сялянаў з Горадзеншчыны. 2. Тэрыторыя сёньняшняй Беларусі ніколі да 1918 г. не належала да Кароны — гэта былі землі Вялікага Княства Літоўскага. 3. Прыпісваньне палякамі сабе паўстанцкіх баёў шляхты ВКЛ — перабольшваньне. Дык як можна казаць пра дэпалянізацыю, калі найперш была палянізацыя месцаў памяці. 4. Тое, што нехта гаворыць па-польску, зусім не азначае, што ён ёсьць палякам. З двух братоў Ромэраў адзін быў палякам, другі літоўцам. Тое, што шляхціч з-пад Горадні змагаўся ў Студзеньскім паўстаньні, зусім не азначае, што ён быў палякам. Аднак калі мы прыпісваем сабе гэтую частку агульнай гісторыі, то чаму адмаўляем у тым самым беларусам? Чым гэта нам перашкаджае?»

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG