Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праз два-тры тыдні паведамім». Чаму дагэтуль невядомыя вынікі ДНК-экспэртызы парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягонага брата Віктара?


Крыж з магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы
Крыж з магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

Сьледчы камітэт, Генэральная пракуратура і Дзяржкамітэт судовых экспэртыз Беларусі пакуль не камэнтуюць, на якой стадыі генэтычныя экспэртызы братоў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. МЗС Беларусі запэўнівае, што «працэс ідзе», і абяцае раскрыць усе таямніцы праз два-тры тыдні.

З ініцыятывай правесьці генэтычныя экспэртызы братоў Каліноўскіх выступіў літоўскі бок

Парэшткі Кастуся Каліноўскага, знойдзеныя летась на гары Гедзіміна ў Вільні, былі ідэнтыфікаваныя з пэўнасьцю 95%.

На пачатку лістапада 2018 году беларускія археолягі наведалі раскопкі з парэшткамі паўстанцаў Каліноўскага. Як распавёў тады карэспандэнту Свабоды загадчык аддзелу археалёгіі Сярэднявечча і Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Вадзім Кошман, «праца праведзеная на найвышэйшым узроўні, з выкарыстаньнем магчымых і немагчымых мэтадаў. Вынікі абсалютна ўнікальныя».

Каб канчаткова быць упэўненымі, што гэта на 100% парэшткі Кастуся Каліноўскага, неабходная генэтычная экспэртыза. Аднак у яго не засталося крэўных сваякоў. Літоўцы прапанавалі параўнаць парэшткі Кастуся з парэшткамі ягонага старэйшага брата Віктара, які пахаваны ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне.

Сёлета ў ліпені зрабілі эксгумацыю меркаванай магілы Віктара. Знайшлі парэшткі двух чалавек — мужчыны і жанчыны.

Эксгумацыю праводзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

Меркавалася, што экспэртызу будуць паралельна праводзіць у Дзяржкамітэце судовых экспэртыз Беларусі і ў Літве

Аднак, паводле прафэсара катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантаса Янкаўскаса, які быў назіральнікам ад Літвы падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага, улады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыял брата Кастуся Каліноўскага.

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч перанакіраваў Свабоду ў Генэральную пракуратуру.

«У цяперашні час я не праваўладальнік інфармацыі. Хутчэй за ўсё, я параіў бы вам зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру, якая зьяўляецца субʼектам міжнародных адносін, што да выкананьня розных запытаў аб прававой дапамозе», — сказаў Кабаковіч.

Афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў патлумачыў, што калі б пытаньне тычылася прававой дапамогі па крымінальных справах, тады Генэральная пракуратура выступала б субʼектам прававых адносін і займалася б вырашэньнем праблемы. Але тут справа не крымінальная. І накіраваў Свабоду ў МЗС Беларусі.

Начальнік упраўленьня інфарматызацыі і лічбавай дыпляматыі беларускага замежнапалітычнага ведамства Анатоль Глаз заявіў, што камэнтаваць гэтую тэму цяпер заўчасна.

«Мы ня будзем пакуль камэнтаваць, бо мы робім справу фактычную. Калі мы зробім — мы пра ўсё абавязкова раскажам. Я спадзяюся, праз пару тыдняў, калі будуць вынікі, мы ўсё пракамэнтуем і раскажам, як яно было.

Тым больш што дакладна яшчэ не вядома, чые гэта парэшткі. 96–98% літоўцы даюць, што гэта Кастусь Каліноўскі, але без генэтычнай экспэртызы складана», — сказаў Анатоль Глаз.

На канкрэтнае пытаньне, ці перададзеныя парэшткі Віктара Каліноўскага, атрыманыя пасьля эксгумацыі, для экспэртызы літоўскаму боку, Анатоль Глаз адказаў так:

«А чаму мы павінны перадаваць? Чаму мы павінны заўсёды ўсё аддаваць? У нас таксама ёсьць магчымасьці, абсталяваньне і апаратура ў Камітэце судовых экспэртыз, нават лепшыя і навейшыя. Таму пачакайце. Працэс ідзе. Ужо пэўны час ідзе», — сказаў Анатоль Глаз.

У Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз Беларусі 26 верасьня Свабодзе не ўдалося спраўдзіць, на якой стадыі генэтычная экспэртыза парэшткаў братоў Каліноўскіх і ці праводзіцца яна наагул. Прэсавы сакратар Дзяржкамітэту Ганна Жданава паабяцала высьветліць, але пакуль не адказала на пытаньні.

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Цырымонія перапахаваньня парэшткаў удзельнікаў антырасейскага паўстаньня 1863-64 гадоў адбылася 22 лістапада на віленскіх могілках Росы.

  • Цягам 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні двойчы здарыліся апоўзьні, паўстала пагроза славутай вежы.
  • У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолягі выявілі парэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іхніх лідэраў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага.
  • У сакавіку 2019 году літоўскія дасьледнікі пацьвердзілі ідэнтыфікацыю парэшткаў Каліноўскага мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Парэшткі Кастуся Каліноўскага
Парэшткі Кастуся Каліноўскага

  • У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Сьвіслачы на Горадзеншчыне (у лідэра паўстаньня не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі). Але вынікі экспэртызы дагэтуль не апублікаваныя.
  • Дзяржаўную камісію ў справе перапахаваньня ўзначаліў прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мэмарыялізацыю, а вось афіцыйны Менск асаблівага зацікаўленьня ня выявіў.
  • Беларуская грамадзкасьць дамаглася таго, каб на кожным надмагільлі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова.
  • У канцы верасьня шэраг беларускіх інтэлектуалаў зьвярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць парэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахаваньня ў Беларусі. Літоўцы не адрэагавалі, бо не атрымалі афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў.
  • У Вільні перапахаваюць парэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы ня здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсьць генэтычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма.

Публікацыі на тэму

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG