Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага ўлады Беларусі не перадалі Літве генэтычны матэрыял


Рымантас Янкаўскас

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў літоўскі прафэсар Рымантас Янкаўскас, які ад Літвы быў назіральнікам падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага ў горадзе Сьвіслач Гарадзенскай вобласьці ў пачатку ліпеня сёлета.

«На жаль, ніякіх навінаў (няма), бо ўлада Беларусі нам не перадала ўзоры», — напісаў прафэсар катэдры анатоміі, гісталёгіі і антрапалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Рымантас Янкаўскас, адказваючы на наш электронны ліст.

На пытаньне, ці перадаў літоўскі бок узоры Кастуся Каліноўскага беларускім уладам для генэтычнай экспэртызы, Рымантас Янкаўскас сказаў:

«Не перадалі, бо яны (Сьледчы камітэт Беларусі — РС) не прасілі».

Свабода таксама пацікавілася ў Рымантаса Янкаўскага, ці літоўскі бок зьвяртаўся да беларускіх уладаў у справе перадачы генэтычных узораў Віктара Каліноўскага? І чаму тыя ўзоры не былі адвезены ў Вільню яшчэ ў ліпені, адразу пасьля эксгумацыі парэшткаў Віктара Каліноўскага?

Прафэсар Янкаўскас адказаў наступным чынам:

«Да Беларусі зьвярталіся двума афіцыйнымі дыпляматычнымі нотамі, яшчэ ў 2018 годзе. Празь некалькі месяцаў (у лістападзе) прыбыла дэлегацыя беларускіх экспэртаў, якія падрабязна азнаёміліся з працамі, тым матэрыялам, які маем і г. д.

Пасьля гэтага да траўня месяца была цішыня. Тады мы атрымалі інфармацыю, што працы прызначае Сьледчы камітэт і для гэтага пракуратура Літвы падрыхтавала афіцыйнае хадайніцтва аб прававой дапамозе.

Адказваючы на яго, Сьледчы камітэт правёў эксгумацыю ў Сьвіслачы, на якой нам дазволілі прысутнічаць у якасьці назіральнікаў. Было сказана, што ўзоры літоўскаму боку будуць перададзеныя паводле дзеючых законаў.

Карацей кажучы, мы асабіста і літоўская амбасада ў Менску зрабілі ўсё, што магчыма: афіцыйнымі і неафіцыйнымі шляхамі спрабавалі закончыць экспэртызу да канца. Гэта можна было зрабіць яшчэ ў ліпені, але, на жаль, з таго часу аніякай інфармацыі мы ня маем».

У ліпеня сёлета была праведзена эксгумацыя меркаванай магілы роднага брата Кастуся Каліноўскага Віктара. У выніку былі знойдзеныя парэшткі двух чалавек — мужчыны і жанчыны.

Эксгумацыю праводзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

Зь літоўскага боку прысутнічалі прафэсар-антраполяг Рымантас Янкаўскас, доктар гістарычных навук Юстына Казакайце, другі сакратар амбасады Літвы ў Беларусі Міндаўгас Габрэнас. Прысутнасьць літоўцаў фінансакаў літоўскі бок.

Менавіта Літва ініцыявала эксгумацыю Віктара Каліноўскага. Першы раз літоўскі бок зьвярнуўся з гэтай просьбай да беларускага боку летась у ліпені.

Назіраць за працамі было дазволена прадстаўнікам беларускай грамадзкасьці Юрыю Глебіку са Сьвіслачы і Ўладзімеру Хільмановічу з Горадні.

(Пры ўдзеле Яна Поклада)

Што важна ведаць пра перапахаваньне Кастуся Каліноўскага

Карціна Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў»
Карціна Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў»

У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі доўгі час не маглі вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.

Фота са справаздачы літоўскіх археолягаў, якія дасьледавалі парэшткі паўстанцаў 1863–1864 гадоў
Фота са справаздачы літоўскіх археолягаў, якія дасьледавалі парэшткі паўстанцаў 1863–1864 гадоў

Парэшткі Каліноўскага ідэнтыфікавалі літоўскія дасьледнікі ў сакавіку 2019 году мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам. У ліпені 2019 году для параўнаньня ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара.

Падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы
Падчас эксгумацыі магілы Віктара Каліноўскага ў Сьвіслачы

Пазьней парэшткі Кастуся Каліноўскага плянуюць перапахаваць у капліцы на віленскіх могілках Росы 22 лістапада. Пахаваньне адбудзецца, калі ў капліцы завершыцца рэстаўрацыя.

У верасьні 2019 году ў інтэрнэце пачалі зьбіраць подпісы за перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG