Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: Каліноўскі — наш сьцяг, і ён мае быць там, дзе быў узьняты


Зянон Пазьняк

У інтэрнэце пачалі зьбіраць подпісы за перапахаваньне Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Сярод тых, хто падпісаў зварот, — пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Ўладзімер Арлоў, гімнастка Меліціна Станюта, гісторык Алесь Краўцэвіч, бізнэсовец Юрый Зісер, музыка Лявон Вольскі і іншыя.

Катэгарычна супраць гэтай ідэі выступіў лідэр БНФ і адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. Свае аргумэнты палітык агучыў у інтэрвію Свабодзе.

— Ці бачыце вы аргумэнты за перапахаваньне Каліноўскага ў Беларусі?

— Не. Гэтага катэгарычна нельга рабіць. Гэта неразумная і антыкультурная справа. Сьмерць Каліноўскага ў Вільні зьвязаная зь ягонай дзейнасьцю. Гэта «Яська, гаспадар з-пад Вільні». Ён у Вільні дзейнічаў, у Вільні былі кансьпіратыўныя кватэры, ён там быў зьнішчаны і закапаны на гары Гедзіміна. Ягоная сьмерць у гэтым месцы — сакральная. Туды беларусам трэба хадзіць калі не на каленях, то хаця б пешшу. І гэтая магіла павінна быць там. Я вельмі абураны гэтай ідэяй, яна крайне неразумная.

— Прыхільнікі перапахаваньня ў Беларусі кажуць, што ён беларускі герой, а ня польскі ці літоўскі, і таму павінен быць там, дзе яго лічаць сваім героем.

— Яго месца там, дзе ён змагаўся, дзе ўвайшоў у гісторыю, дзе ён паклаў сваё жыцьцё за Беларусь. Каліноўскі — гэта чалавек, які сьцьвердзіў беларускую нацыю. Уся шляхта, якая змагалася за свабоду, змагалася за свабоду Рэчы Паспалітай. У іх не было нацыянальнай ідэі, яны змагаліся на польскай мове. Каліноўскі адлюстраваў нацыянальную ідэю для інтэлігенцыі, якая за мову і за адраджэньне Беларусі. Без Каліноўскага ўсяго гэтага магло б і ня быць. «— Каго любіш? — Люблю Беларусь! — Дык узаемна». Ён сьцяг, які сьцьвердзіў нашую нацыю, і ён мае быць там, дзе быў узьняты.

— Беларускія героі паміралі шмат дзе па-за Беларусьсю. Але ці значыць гэта, што яны павінны заўсёды заставацца там, дзе завяршылася іх жыцьцё?

— Вось Іван Луцкевіч памёр, напрыклад, у Закапанэ, але гэта было абсалютна выпадкова. Ён быў хворы і паехаў туды лячыцца. Гэты горад ніяк не зьвязаны ні зь яго дзейнасьцю, ні з жыцьцём. Гэта быў выпадак. У такіх умовах можна перавозіць. Але ёсьць і іншы прыклад: Багдановіч у Крыме. Ягоная сьмерць у Ялце — гэта легенда, авеяная яго паэзіяй, яго трагічным вершам і трагічным жыцьцём. Гэта сакральнае месца. Яго нельга перавозіць сюды, і дзякуй Богу, што не перавезьлі.

— Ці было б вашае меркаваньне іншым, калі б Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай пад бел-чырвона-белым сьцягам?

— Не. Нават калі б сучасная Літва была супэрдыктатарскай і варожай дзяржавай, усё роўна ён павінен быць там. Гэта духоўны жыцьцёвы закон, і такія элемэнтарныя рэчы павінен разумець кожны беларускі інтэлігент. Я зьдзіўлены, што такая ідэя зьявілася.

На пачатку 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыўся апоўзень. Паўстала пагроза, што можа не ўтрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя.

У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі. Літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца, адзін зь іх дагэтуль не апазнаны.

Пасьля знаходак была створаная Дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса. Урачыстасьці ў рамках перапахаваньня парэшткаў герояў антырасейскага супраціву заплянаваныя бліжэй да Дзядоў. Надпісы на магілах на віленскіх могілках Росы будуць на беларускай, літоўскай і польскай мовах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG