Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Pamiętam, kim jestem». Навошта палякі ладзяць акцыю перад перапісам у Беларусі


Улётка кампаніі «Я памятаю, хто я»
Улётка кампаніі «Я памятаю, хто я»

У сеціве пачалася кампанія «Я памятаю, хто я» («Pamiętam, kim jestem»), якая заклікае палякаў Беларусі запісвацца на перапісе палякамі.

Палякаў у Беларусі становіцца менш на 100 тысяч кожныя 10 гадоў

Акцыю ладзіць арганізацыя «Маладыя Крэсы», якая займаецца распаўсюджваньнем польскай культуры. Яна дзейнічае з 2015 году і ахоплівае палякаў Горадзеншчыны, Берасьцейшчыны, Літвы, Львова.

Актывісты вядуць кампанію ў сацыяльных сетках, а таксама расклейваюць улёткі на вуліцах.

Старшыня арганізацыі «Маладыя Крэсы» Міраслаў Капцэвіч патлумачыў Свабодзе, што кожныя 10 гадоў колькасьць палякаў у Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных перапісаў, зьмяншаецца прыкладна на 100 тысяч. Цяпер палякаў у Беларусі афіцыйна каля 300 тысяч.

Міраслаў Капцэвіч
Міраслаў Капцэвіч

— Мы ладзім акцыю, каб нагадаць перадусім маладым палякам, хто яны. Мы заахвочваем толькі асобаў польскага паходжаньня, — кажа Міраслаў Капцэвіч.

— Але навошта нагадваць палякам, што яны палякі? Няўжо людзі бяз гэтага не пазначаць сваю сапраўдную нацыянальнасьць?

— Павялічваецца колькасьць маладых людзей, якія падаюцца на «карту паляка». У консульстве яны падпісваюць дакумэнт, што яны палякі. На вучобе [у Польшчы] яны кажуць: «Я атрымаў „карту паляка“», а насамрэч яны беларусы або расейцы, — адказвае старшыня арганізацыі «Маладыя Крэсы».

Капцэвіч дадае, што некаторыя маладыя палякі выяжджаюць па «карце паляка» за мяжу, але там забываюцца на сваё польскае паходжаньне. Гэта, на ягоную думку, паказвае, што «Карта паляка» часта патрэбная толькі дзеля візы, бо ў Беларусі не найлепшая эканамічная сытуацыя.

Большыя лічбы дазволяць лепш весьці перамовы пра польскамоўную адукацыю

«Карта паляка» з партрэтам Кастуся Каліноўскага
«Карта паляка» з партрэтам Кастуся Каліноўскага

На думку Міраслава Капцэвіча, сапраўдным палякам акцыя дапаможа ўзгадаць пра свае карані.

Удзельніца кампаніі «Я памятаю, хто я» Тацяна
Удзельніца кампаніі «Я памятаю, хто я» Тацяна

Чым больш палякаў пазначыць сваю сапраўдную нацыянальнасьць, тым лепшыя будуць пазыцыі на перамовах з уладамі аб пашырэньні польскамоўнай адукацыі, упэўнены Капцэвіч. Цяпер у Беларусі дзьве школы з польскай мовай навучаньня: у Горадні і Ваўкавыску. Сёлета ў першыя клясы гэтых школ трапілі ня ўсе дзеці, якіх бацькі хацелі туды аддаць. Капцэвіч прыгадаў, што некалькі гадоў таму закрыўся польскамоўны дзіцячы садок, а ўлады плянавалі ўвесьці ў польскамоўнай школе клясы з расейскай мовай навучаньня.

«Мы маем супольную праблему зь беларусамі, таму што большасьць падлеткаў не размаўляе на сваёй роднай мове. Я часам люблю паразмаўляць па-беларуску. А мне адказваюць: „Беларуская мова прыгожая, мне падабаецца. Але я не магу на ёй размаўляць. Ты ж памятаеш, як мы яе вучылі ў школе“. Гэта вынік татальнага дамінаваньня расейскага тэлебачаньня», — кажа Капцэвіч.

Заніжэньне лічбаў — помста ўладаў?

Старшыня арганізацыі «Маладыя Крэсы» мяркуе, што ўлады могуць афіцыйна занізіць афіцыйныя дадзеныя па колькасьці палякаў.

Удзельнік кампаніі «Я памятаю, хто я» Марк
Удзельнік кампаніі «Я памятаю, хто я» Марк

«Польскае насельніцтва на Горадзеншчыне заўжды было праэўрапэйска накіраванае. Вялікая колькасьць палякаў галасавала ў 1994 годзе за Шушкевіча або Пазьняка. Кіраўнік Саюзу палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін тады сустракаўся з Пазьняком, удзельнічаў у ягонай кампаніі. Гэта можа быць помста з боку ўладаў», — мяркуе Капцэвіч.

Ён мяркуе, што палякі, магчыма, баяцца называць сябе палякамі, памятаючы савецкія часы. Тады, баючыся перасьледу, людзі мянялі ў пашпартах нават імёны і прозьвішчы.

«Лукашэнка перакідвае спад на нацыянальныя меншасьці»

Журналіст, дзяяч непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут мяркуе, што ў акцыі «Маладых Крэсаў» няма нічога незвычайнага. Падобныя акцыі ладзіць беларуская меншасьць у Польшчы.

Анджэй Пачобут
Анджэй Пачобут

«Гэта натуральная кампанія, калі нацыянальная меншасьць знаходзіцца ў вельмі складаных умовах, сутыкаецца з дыскрымінацыяй у дачыненьні да адукацыі, бо дзяржава абмяжоўвае магчымасьць вучыцца на польскай мове, сутыкаецца зь перасьледам польскіх грамадзкіх арганізацый. Сытуацыя даволі складаная», — мяркуе Пачобут.

Ён параўноўвае гэтую акцыю з грамадзянскай кампаніяй, якая заклікае пазначаць беларускую мову роднай падчас перапісу.

«Гэта ж адбываецца. Да гэтага вы ставіцеся абсалютна нармальна. Калі нехта заклікае палякаў казаць, што яны палякі, ва ўмовах, калі ўлады і частка грамадзянскай супольнасьці пераконваюць, што ў Беларусі няма палякаў, а ёсьць спалянізаваныя беларусы, такі заклік абсалютна нармальны».

Як і Капцэвіч, Пачобут лічыць, што палякі могуць хаваць сваю польскасьць па старой памяці. Прыкладам, у савецкія часы палякам абмяжоўвалі карʼерны рост.

«У савецкія часы былі асобы, якія рабілі карʼеру да пэўнага ўзроўню. У іх было запісана „паляк“, „паляк“, а потым раз — і „беларус“. То бок гэта была ўмова пэўнага ўзроўню. Значыць, размова ідзе не пра дробны чыноўніцкі склад, а пра больш буйны», — мяркуе суразмоўца.

Ён агучыў погляд непраўладнага СПБ, які не давярае афіцыйным дадзеным перапісу і мяркуе, што насамрэч палякаў у Беларусі больш за 300 тысяч чалавек. Аднак іншай статыстыкі няма.

Палякі прыйшлі падтрымаць кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс падчас суду ў Горадні
Палякі прыйшлі падтрымаць кіраўніцу Саюзу палякаў у Беларусі Анжаліку Борыс падчас суду ў Горадні

«Аляксандар Лукашэнка сутыкаецца са складанай сытуацыяй. Ён 25 гадоў кіруе краінай. Нібыта ўсё цудоўна. Уключыце тэлебачаньне — і пачуеце пра посьпехі. Але колькасьць насельніцтва зьмяншаецца. І каб хоць неяк патлумачыць гэта, ён перакідвае спад на нацыянальныя меншасьці», — тлумачыць Пачобут магчымую прычыну зьмяншэньня колькасьці палякаў у Беларусі.

Актывіст сумняецца, што акцыя «Я памятаю, хто я» прынясе практычны плён. Бо, на ягоную думку, нават калі вельмі шмат палякаў пазначаць сябе палякамі, улада ўсё роўна абвесьціць тыя вынікі, якія ёй патрэбныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG