Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўдзельнічаць у перапісе насельніцтва можна будзе праз інтэрнэт


Архіўнае фота. Перапісчыца падчас перапісу насельніцтва 2009 году

З 4 па 30 кастрычніка 2019 году ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Сёлета перапіс будзе праведзены без папяровых анкет — толькі ў электронным выглядзе з выкарыстаньнем пляншэтаў. Ужо пратэставана праграмнае забесьпячэньне, якое распрацавала кампанія — рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій.

Перапіс прайсьці можна самастойна ў інтэрнэце

Перапіс можна прайсьці трыма спосабамі, расказала прэсавы сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэту Тацяна Лапкоўская.

  1. Прыйсьці на стацыянарныя ўчасткі, якія будуць працаваць з 4 па 30 кастрычніка.
  2. Інтэрнэт-перапіс можна прайсьці самастойна з 4 па 18 кастрычніка. 3 дні даецца на апрацоўку атрыманых вынікаў.
  3. З 21 па 30 кастрычніка да тых, хто ня браў удзел у апытаньні, органы дзяржстатыстыкі накіруюць перапісчыкаў з пляншэтамі. Калі людзі адмовяцца пускаць у дом чужых людзей, іх запросяць на стацыянарныя перапісныя ўчасткі.

Для перапісу закуплена 6800 пляншэтаў

Грошы на перапіс закладзеныя ў праект дзяржаўнага бюджэту на 2019 год — 8,3 мільёна рублей. Апрача таго, 1,9 мільёна даляраў выдаткаваў Ўсясьветны банк. Сярод спонсараў — Беларускі калійны камбінат, Менскі трактарны завод.

Для перапісу закупілі 6800 пляншэтаў, затым 5100 пляншэтаў перададуць у Міністэрства адукацыі. Іх будуць выкарыстоўваць выкладчыкі ІТ-спэцыяльнасьцяў у каледжах. Астатнія 1700 пляншэтаў перададуць у Міністэрства аховы здароўя для «інфарматызацыі ўстаноў аховы здароўя».

Перапісчык задае пытаньні, запаўняе анкету, дае чалавеку азнаёміцца, праверыць адказы. Потым перапісчык у прысутнасьці рэспандэнта павінен даслаць анкету на сэрвэр Белстату. Гэта азначае, што на пляншэце яе больш не застаецца. Таксама за працай перапісчыкаў будуць назіраць у рэжыме рэальнага часу — ажыцьцяўляць так званы трэкінг-кантроль. Нацыянальны статыстычны камітэт гарантуе канфідэнцыйнасьць інфармацыі.

Выкарыстаньне пляншэтаў праверылі падчас пробнага перапісу ў Маладэчанскім раёне 2018 году, час на запаўненьне перапіснога ліста з выкарыстаньнем ІТ скараціўся ў 3-4 разы.

Колькасьць перапісчыкаў скароціцца ў 4 разы

У 2009 годзе ў апытаньні насельніцтва былі задзейнічаныя 46 тысяч перапісчыкаў, сёлета з улікам таго, што будзе ўведзены інтэрнэт-перапіс, мяркуецца ўдзел 10-12 тысяч чалавек.

«Перапісчыкамі будуць студэнты, супрацоўнікі ЖЭС, настаўнікі — па абласьцях зараз ідзе адбор. Нагрузка на перапісчыкаў даволі вялікая — пастановай Савета Міністраў вызначана норма 1 перапісчык на 750 чалавек.

Людзі павінны быць максымальна падрыхтаваныя, трэба ведаць і тэрміналёгію, і мэтадалёгію, умець размаўляць зь людзьмі. У жніўні пачнецца адмысловае навучаньне перапісчыкаў. Падрыхтуем і відэаўрок», — расказала прэсавая сакратарка Нацыянальнага статыстычнага камітэту Тацяна Лапкоўская.

Што да аплаты, падчас мінулага перапісу 2009 году да працы прыцягвалі ў асноўным студэнтаў, якім заплацілі па 140 тысяч і забясьпечвалі бясплатным праязным на месяц.

Дакладнай лічбы, колькі будуць плаціць перапісчыкам сёлета, пакуль няма.

Што новага будзе ў анкеце

Форма перапіснага ліста зацьверджаная ў кастрычніку 2018 году.

Усяго ў анкеце 49 пытаньняў.

Зьмяніліся блёкі пытаньняў па міграцыі, адукацыі. Напрыклад, рэспандэнту прапануюць адказаць на пытаньні, ці плянуе ён зьехаць зь Беларусі, на які тэрмін, зь якой прычыны. Таксама будуць пытацца, ці атрымлівае чалавек на гэты момант адукацыю, папросяць назваць прычыну, чаму чалавек не працуе, якія ў яго крыніцы існаваньня.

У жанчыны будуць пытацца, колькі ў яе колькі дзяцей і ці плянуе нараджаць яшчэ.

Акрамя таго, будзе асобны блёк пытаньняў пра сельскагаспадарчую дзейнасьць для сельскіх жыхароў: колькі зямлі апрацоўвае чалавек, якія культуры вырошчвае, ці ёсьць сад, колькі там дрэваў, якую жывёлу трымае.

Фармулёўкі моўных пытаньняў тыя ж, што былі падчас перапісу 2009 году

Моўных пытаньняў у анкеце 2.

Пытаньне № 12. «Ваша родная мова (мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве)?»

Пытаньне № 13. «На якой мове вы звычайна размаўляеце дома?»

І прапанаваныя 5 варыянтаў адказаў: беларуская, руская, польская, украінская, іншая мова.

Моўныя пытаньні рэкамэндаваныя Канфэрэнцыяй эўрапейскіх статыстыкаў. Там ёсьць разьдзел 12 — «Этнакультурныя характарыстыкі». Прапануюцца чатыры канцэпцыі. Кожная краіна можа выбіраць альбо ўсе чатыры, альбо дзьве.

  • А — родная мова, якая вызначаецца як першая мова, засвоеная ў раньнім дзяцінстве.
  • В — асноўная мова, якая вызначаецца як мова, якой асоба валодае лепш за ўсё.
  • С — звычайна ўжываная мова, якая вызначаецца як найчасьцей ужываная дома, на працы
  • D — веданьне мовы (моваў), што вызначаецца як уменьне размаўляць, пісаць на адной або некалькіх мовах.

Беларусь выбрала дзьве пазыцыі — А і С. Дарэчы, такія ж самыя фармулёўкі моўных пытаньняў былі і падчас перапісу 2009 году.

***

Апошні перапіс у Беларусі праводзіўся з 14 па 24 кастрычніка 2009 году. Паводле дадзеных перапісу 2009 году, у Беларусі пражывала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

У перапісе 2009 году роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. У часе перапісу 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG