Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат заклікаў не даваць зьвесткі па тэлефоне падчас перапісу


Ілюстрацыйнае фота

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзьведзева на прэс-канфэрэнцыі 11 верасьня заклікала «ні ў якім разе не даваць інфармацыю па тэлефоне» падчас перапісу насельніцтва, паведамляе БелаПАН.

Перапіс насельніцтва ў Беларусі пройдзе з 4 па 30 кастрычніка. Мядзьведзева сказала, што ў 2017 годзе падчас пробнага перапісу невядомыя тэлефанавалі грамадзянам і спрабавалі атрымаць у іх пэрсанальную інфармацыю. «Белстат па тэлефоне перапіс насельніцтва не праводзіць», — сказала Іна Мядзьведзева.

Грамадзяне могуць узяць удзел у перапісе трыма спосабамі:

  • праз інтэрнэт,
  • прыйсьці на стацыянарны ўчастак,
  • прыняць перапісчыкаў дома.

Сёлета плянуецца перапісаць больш за 98% насельніцтва, больш за 25% — праз інтэрнэт.

Перапісацца праз інтэрнэт змогуць толькі тыя грамадзяне, дадзеныя пра якіх ёсьць у міжбанкаўскай сыстэме ідэнтыфікацыі. У ёй цяпер каля 7,5 млн унікальных запісаў пра кліентаў беларускіх банкаў. Скарыстацца гэтым рэсурсам могуць як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя карыстальнікі.

За няўдзел штрафаваць ня будуць

У Белстаце паведамілі, што ў Беларусі не прадугледжана адказнасьць за непрадстаўленьне зьвестак падчас перапісу. Удзел у перапісе — гэта «абавязак без адказнасьці».

Ідэю ўвесьці штрафы за няўдзел, як у некаторых іншых краінах, Белстат не падтрымлівае. Паводле Мядзьведзевай, Беларусь «на сёньня не гатовая да таго, каб перайсьці да штрафаў».

Апошні перапіс у Беларусі праводзіўся ў кастрычніку 2009 году. Паводле вынікаў таго перапісу, у Беларусі пражывала 9 мільёнаў 504 тысячы чалавек. Беларусаў зь іх — 7 мільёнаў 957 тысяч (83,7% ад агульнай колькасьці).

На перапісе 2009 году роднай мовай беларускую назвалі 53,2% насельніцтва Беларусі. На перапісе 1999 году роднай мовай беларускую назвалі 73,6%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG