Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі


Адна зь некалькіх перапісных картак князя Гераніма Друцкага-Любецкага.

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захаваліся дакумэнты Ўсерасейскіх сельскагаспадарчых перапісаў 1916 і 1917 гадоў. Яны дагэтуль прафэсійнымі гісторыкамі не вывучаліся, хаця ўтрымліваюць сэнсацыйныя матэрыялы.

Сьцісла:

  • Падчас перапісаў 1916 і 1917 гадоў упершыню ў Расейскай імпэрыі задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць
  • Найлепш захаваліся матэрыялы перапісаў па Менскай губэрні і па той частцы Віленскай губэрні, якая не была акупаваная немцамі
  • Абсалютная большасьць уладальнікаў сельскіх гаспадарак Меншчыны (сялян, мяшчан і шляхты) запісаліся беларусамі
  • Большасьць прадстаўнікоў шляхты Меншчыны ў траўні 1917 году назваліся беларусамі
  • Прадстаўнікі магнацкіх родаў Радзівілаў, Любанскіх, Гутэн-Чапскіх запісаліся беларусамі
  • Нават нашчадак Рурыка, член Дзяржаўнай Рады Расеі па выбарах, член першай Дзяржаўнай Думы князь Геранім Друцкі-Любецкі заявіў, што ён беларус

Перапісы ўладальнікаў сельскіх гаспадарак праводзіліся для вызначэньня харчовага патэнцыялу Расеі ва ўмовах Першай сусьветнай вайны. Падчас гэтых перапісаў упершыню ў гісторыі задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць.

На просьбу Радыё Свабода галоўны архівіст Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі Ўладзімер Дзянісаў пагартаў захаваныя дакумэнты перапісаў 1916 і 1917 гадоў.

Матэрыялы перапісу ніхто не вывучаў

— Давайце спачатку пагаворым пра сам гэты малавядомы сельскагаспадарчы перапіс 1916-1917 гадоў. Здаецца, пра яго ў Беларусі ніхто ці амаль ніхто не пісаў.

Гісторык Уладзімер Дзянісаў
Гісторык Уладзімер Дзянісаў


— Першы Ўсерасейскі сельскагаспадарчы перапіс быў праведзены ў 1916 годзе. Ён праводзіўся толькі ў сельскай мясцовасьці, каб сабраць статыстычны матэрыял для распрацоўкі мерапрыемстваў па забесьпячэньні харчаваньнем арміі і насельніцтва падчас вайны.

Эканамічная сытуацыя ў Расейскай імпэрыі ў 1916 годзе была ня вельмі добрая, фактычна пачынаўся эканамічны крызіс. Таму ўлады і вырашылі правесьці такі перапіс.

Спэцыяльных дасьледаваньняў па матэрыялах гэтага перапісу, прынамсі беларускімі дасьледчыкамі, не праведзена да сёньняшняга дня. А калі паглядзець нават агульнарасейскую бібліяграфію на гэтую тэму, то таксама публікацый вельмі-вельмі мала. А абагульняючых прац у ХХ і пачатку ХХІ стагодзьдзяў зроблена не было.

— Ці часта наведнікі архіву працуюць з дакумэнтамі гэтага перапісу?

— Самае цікавае, што людзі гэтыя матэрыялы замаўляюць часта. У першую чаргу гэта тыя асобы, якія цікавяцца сваёй генэалёгіяй і гісторыяй радаводаў іншых людзей. Гэта зьвязана з тым, што захаваліся менавіта перапісныя карткі, дзе зьмешчана асноўная інфармацыя пра ўладальніка той або іншай сельскай гаспадаркі.

Гэта можа быць або невялікая сялянская і мяшчанская гаспадарка, або вялікі панскі маёнтак. І там вельмі цікавая інфармацыя пра гаспадароў гэтых гаспадарак. Але вось такіх абагульняючых, статыстычных прац не было. Я ня ведаю, каб нехта гэтым займаўся.

— Наколькі добра захаваліся дакумэнты перапісу па беларускіх губэрнях?

— На сёньняшні дзень гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў нашым Нацыянальным гістарычным архіве. Яны, на жаль, захаваліся часткова.

Вельмі добра дакумэнты захаваныя па Менскай губэрні, вельмі дрэнна — па Магілёўскай і па Віцебскай.

Зрэшты, нават па Менскай губэрні па асобных валасьцях захаваліся толькі адзінкавыя карткі на сялянскія і панскія гаспадаркі. Вось, напрыклад, па Парыцкай воласьці Бабруйскага павету захавалася больш за 400 картак. А па Бярэзінскай воласьці Барысаўскага павету — толькі 14. Горай за ўсё захаваліся матэрыялы па Мазырскім павеце. Там ёсьць воласьці, дзе не захавалася ніводнай карткі.

Перапісная картка памешчыка Сяргея Бунге
Перапісная картка памешчыка Сяргея Бунге

Амаль поўныя матэрыялы захаваліся па Менскай губэрні і часткова па Віленскай — менавіта па тых паветах, якія не былі акупаваныя немцамі.

Дакумэнты па Віцебскай губэрні і асабліва па Магілёўскай захаваліся вельмі кепска. Гэта зьвязана з тым, што падчас Другой сусьветнай вайны Магілёўскі архіў вельмі моцна пацярпеў, прыкладна 80 адсоткаў дакумэнтальных матэрыялаў з розных архіўных фондаў былі амаль цалкам страчаныя. Таму мы можам абапірацца пераважна на тыя матэрыялы, якія захаваліся па Менскай губэрні.

Перапісчыкамі былі настаўнікі, сьвятары і студэнты

— Як перапіс быў арганізаваны? Хто адказваў за яго правядзеньне і хто праводзіў?

— Гэта быў даволі складаны працэс. За правядзеньне перапісу адказвалі губэрнскія земскія ўправы. Адпаведна на Меншчыне за правядзеньне перапісу адказвала Менская губэрнская земская ўправа. Тут перапіс ахапіў і тую частку Віленскай губэрні, якая не была акупаваная немцамі.

Чыноўнікі земскай управы ажыцьцяўлялі агульнае кіраўніцтва перапісам. Таксама яны рабілі першапачатковую апрацоўку матэрыялу, які быў сабраны.

Непасрэдна за сам перапіс адказвалі павятовыя земскія ўправы. Менавіта яны стваралі валасныя камісія для правядзеньня перапісу. На кожную воласьць быў прызначаны валасны інструктар або, як цяпер кажуць, старэйшы рэгістратар.

Перапісная картка памешчыка Пятра Касьперскага
Перапісная картка памешчыка Пятра Касьперскага

У якасьці рэгістратараў прыцягвалі ў першую чаргу прадстаўнікоў мясцовая інтэлігенцыі. Гэта былі настаўнікі, каталіцкія і праваслаўныя сьвятары, а таксама студэнты вышэйшых і сярэдніх навучальных установаў.

Калі сабраныя матэрыялы траплялі ў Менск, там ужо губэрнская ўправа павінна была накіроўваць іх у Петраград для далейшай апрацоўкі.

Для правядзеньня перапісу было распрацавана 9 узораў лістоў для апытаньня або картак. Найбольшую цікавасьць для дасьледчыкаў уяўляюць фармуляры нумар 2, 3 і 4. Паводле гэтых фармуляраў праводзілася суцэльнае дасьледаваньне вялікіх і малых прыватных гаспадара незалежна ад іх памераў, у тым ліку ўсіх сялянскіх гаспадарак.

Прыватнымі гаспадаркамі лічыліся памешчыцкія гаспадаркі, шляхецкія.

Перапіс быў працягнуты ў 1917 годзе ўжо часовым урадам Расеі. Фактычна, у траўні 1917 году адбыўся ўжо новы Ўсерасейскі сельскагаспадарчы перапіс.

Перапісная картка памешчыка Аўгустына Чарноцкага
Перапісная картка памешчыка Аўгустына Чарноцкага

— Ці ёсьць у Расеі іх копіі, поўны камплект?

— Цяжка сказаць. Справа ў тым, што асноўныя ўліковыя дакумэнты, у першую чаргу, уліковыя карткі, адсылаліся ў Петраград, і там павінна было праводзіцца асноўнае абагульненьне ўсёй гэтай вялікай працы.

Мне невядома, наколькі добра захаваліся асобныя карткі, якія рабіліся па канкрэтных сельскіх гаспадарках. Але калі ўзяць па аналёгіі матэрыялы Ўсерасейскага перапісу 1897 году, то, фактычна, ужо ў 20-30-я гады ХХ стагодзьдзя гэтыя матэрыялы былі проста зьнішчаныя.

Так што, хутчэй за ўсё, такі ж цяжкі лёс напаткаў і тыя матэрыялы па Беларусі, якія былі адпраўленыя Петраград у 1916 і 1917 гадах.

Большасьць уладальнікаў гаспадарак Беларусі заявілі пра сваю беларускую нацыянальнасьць

— Падчас перапісу ўпершыню ў Расейскай імпэрыі зьявілася пытаньне пра «нацыянальнасьць». Яго задавалі ўсім апытаным?

— Сапраўды, падчас перапісаў 1916 і 1917 гадоў упершыню задавалася пытаньне пра нацыянальнасьць. Падчас Усерасейскага перапісу 1897 году пытаньне пра нацыянальнасьць ня ставілася. Тады пыталіся пра веравызнаньне.

Вельмі цікава, што у перапісе 1916 году пункт пра нацыянальнасьць прысутнічае толькі ў картках, якія тычацца ўладальнікаў дробных гаспадарак. У картках, датычных шляхецкіх гаспадарак, пункт пра нацыянальнасьць адсутнічае.

А вось у 1917 годзе ў картках-анкетах ужо зьявіўся абавязковы пункт «Нацыянальнасьць», які запаўняўся для ўсіх уладальнікаў гаспадарак — і памешчыкаў, і сялян, і мяшчан, якія валодалі сельскімі гаспадаркамі, і нават жыхароў гарадзкой мясцовасьці.

Перапісная картка памешчыка Эдуарда Ялейскага
Перапісная картка памешчыка Эдуарда Ялейскага

— Дык ці шмат беларусаў знайшлося ў тагачасных этнічна беларускіх губэрнях сярод уладальнікаў сельскіх гаспадарак?

Гэтым трэба спэцыяльна займацца, але магу сказаць, што гэта вельмі і вельмі вялікі працэнт.

У першую чаргу гэта сяляне, потым мяшчане, але і дваране называлі сябе беларусамі. Гэта абсалютная большасьць. Яны лічылі сябе беларусамі і ў 1916, і ў 1917 гадах.

захаваліся карткі па Койданаўскай воласьці... з гэтых 300 чалавек толькі 18 назвалі сябе палякамі


Вось, напрыклад, захаваліся карткі па Койданаўскай воласьці, на тэрыторыі якой у 1932 годзе быў створаны так званы Польскі нацыянальны раён. Захавалася прыкладна 300 картак, датычных невялікіх сялянскіх і мяшчанскіх гаспадарак. І вось з гэтых 300 чалавек толькі 18 назвалі сябе палякамі.

Акрамя таго быў у Койданаўскай воласьці адзін вялікарос і адзін літовец, яшчэ было некалькі габрэяў, якія таксама валодалі гаспадаркамі ў сельскай мясцовасьці.

Вось які працэнт палякаў быў на тэрыторыі Койданаўскай воласьці, дзе пазьней быў утвораны польскі раён!

Такая самая сытуацыя і ў іншых паветах — у першую чаргу, у Менскім, Слуцкім, Мазырскім, Барысаўскім, Бабруйскім і іншых.

— Такое маніфэстнае праяўленьне сваёй беларускасьці ўражвае, і нават для падрыхтаванага чалавека нечаканае. Гэта сьведчыць пра тое, што працэс пашырэньня нацыянальнай сьвядомасьці і ідэй беларускага руху недастаткова дасьледаваны, мы яго яшчэ добра ня ведаем і не разумеем. Ня кажучы пра шляхту, фантастычна гэта было чуць ад сялян, якія пад уплывам Расейскай праваслаўнай царквы былі тады масава захоплены чарнасоценнай ідэалёгіяй. Вядома, напрыклад, што сялянскія прадстаўнікі ад беларускіх губэрняў ў Дзяржаўных думах трымаліся чарнасоценных ідэй.

— Так, я з вамі згодны. Фантастычна тады было чуць гэта ў асяродзьдзі сялян. Але яшчэ больш фантастычна, што вялікі працэнт, нават большасьць дваран і шляхты (і вялікай, і дробнай) таксама назвалі сябе беларусамі.

Шляхта Меншчыны масава называлася беларусамі

— Якія шляхецкія роды Меншчыны выбралі тады беларускую нацыянальнасьць?

— Каб адказаць на гэтае пытаньне вычарпальна, трэба рабіць спэцыяльнае дасьледаваньне. Я толькі наўскід пагартаў карткі.

Вось быў такі знакаміты беларускі гісторык Даўгяла. Род Даўгялаў вельмі стары і знакаміты ў Беларусі. У згаданай раней Койданаўскай воласьці жыў Міхаіл Даўгяла, які запісаўся беларусам.

Уладальнік маёнтку Новы Двор у Сеніцкай воласьці дваранін Сяргей Бунге запісаны беларусам.

Некаторыя з дваран Вішнеўскіх запісаліся палякамі, а некаторыя — беларусамі.

Шадурскія зь Менскага павету запісаліся беларускімі.

Прадстаўнікі старажытнага беларускага шляхецкага роду Камоцкіх запісаліся беларусамі.

Радуцкія зь Сеніцкай воласьці запісаліся беларусамі.

Дваранін Пётар Галіневіч запісаўся беларусам.

Пётар Касьперскі і Эдуард Шпілеўскі зь Сеніцкай воласьці запісаліся беларусамі. І так далей. Гэтых імёнаў вельмі, вельмі шмат.

Перапісная картка памешчыка Эдуарда Шпілеўскага
Перапісная картка памешчыка Эдуарда Шпілеўскага

Многія арыстакраты Меншчыны назваліся беларусамі

— Вы назвалі імёны пераважна дробнай і сярэдняй шляхты. А што перапісныя карткі траўня 1917 году гавораць нам пра арыстакратаў, магнатаў Меншчыны?

— Тут ня менш фантастычная і нечаканая сытуацыя. Ёсьць вельмі характэрныя прыклады.

Напрыклад, знакаміты дваранскі род графоў Гутэн-Чапскіх. Яго тагачасны кіраўнік Ежы Гутэн-Чапскі, які валодаў такім буйным маёнткам Менскай губэрні, як Прылукі, назваў сябе беларусам. Гэта вельмі незвычайна. Калі я чытаю мэмуары яго дзяцей, яны пра гэта ня згадваюць. Але ў 1917 годзе іх бацька, Ежы фон Гутэн-Чапскі запісаўся беларусам.

Перапісная картка графа Юрыя Гутэн-Чапскага
Перапісная картка графа Юрыя Гутэн-Чапскага

Уладальнік маёнтка Лошыца Менскага павету Аляксандар Любанскі таксама назваўся беларусам.

Перапісная картка ўладальніка Лошыцы Аляксандра Любанскага
Перапісная картка ўладальніка Лошыцы Аляксандра Любанскага

Нават прадстаўнікі такога знакамітага роду як Радзівілы — некаторыя зь іх, што жылі тады ў Слуцкім павеце і валодалі маёнткамі, таксама запісаныя як беларусы — не ліцьвінамі, не палякамі, а менавіта беларусамі.

Самы багаты прадстаўнік роду ВаньковічаўЛеў Львовіч, які, сярод іншага, валодаў маёнткам Сьмілавічы, таксама запісаўся беларусам. І гэта пры тым, што іншыя прадстаўнікі гэтага некалі праваслаўнага беларускага роду, запісаліся палякамі.

Перапісная картка ўладальніка маёнтка Сьмілавічы Льва Ваньковіча
Перапісная картка ўладальніка маёнтка Сьмілавічы Льва Ваньковіча

Так што кожны чалавек меў сваю нацыянальную сьвядомасьць, якая адрозьнівалася нават ад яго найбліжэйшых сваякоў.

Дарэчы, наконт Радзівілаў няма нічога дзіўнага. Вядомы польскі і беларускі палітычны і культурны дзяяч пачатку ХХ стагодзьдзя Эдвард Вайніловіч у сваіх мэмуарах згадваў, што калі быў створаны ўрад

Князь Геранім Друцкі-Любецкі
Князь Геранім Друцкі-Любецкі


Беларускай Народнай Рэспублікі, уладальнік Нясьвіжу князь Альбрэхт Радзівіл згадзіўся прадстаўляць урад БНР у розных эўрапейскіх краінах. Такі факт зафіксаваны.

Гэта, на першы погляд, парадокс. А зь іншага боку, няма нічога дзіўнага ў тым, што калі паўстала пытаньне стварэньня беларускай дзяржавы, многія прадстаўнікі шляхты яе шчыра падтрымалі.

Або вось яшчэ характэрны прыклад. Князь Друцкі-Любецкі, які валодаў некалькімі буйнымі маёнткамі ў Менскай губэрні, таксама запісаўся беларусам.

Нашчадак заснавальніка Кіеўскай Русі заявіў, што ён беларус

— Тут я не магу вас не перапыніць. Вы гаворыце пра прадстаўніка найстаражытнейшага роду князёў Друцкіх, нашчадка Рурыка і Рагвалода князя Гераніма Друцкага-Любецкага, які быў членам Дзяржаўнай Рады Расеі па выбарах і членам першай Дзяржаўнай Думы?

— Так. Геранім Друцкі-Любецкі запісаўся ў 1917 годзе беларусам. Прычым, ён валодаў некалькімі маёнткамі ў Менскай губэрні, і па кожным зь іх складалася перапісная картка. І кожны раз ён запісваўся беларусам, што бясспрэчна сьведчыць пра сьвядомы выбар гэтага найбуйнейшага арыстакрата Меншчыны.

Яшчэ адна зь некалькіх перапісных картак князя Гераніма Друцкага-Любецкага
Яшчэ адна зь некалькіх перапісных картак князя Гераніма Друцкага-Любецкага

— Гэта вельмі нечакана. Мне давялося размаўляць з адным гісторыкам, які выказаў думку, што польская шляхта запісвалася беларусамі, каб пазьбегнуць абмежаваньняў, уведзеных для польскіх землеўладальнікаў пасьля паўстаньня 1863 году. Здаецца, гэтыя абмежаваньні на час перапісу ўжо былі адмененыя.

— Так, адназначна. Яны на той час ужо былі адмененыя. А пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Расея наогул аказалася вельмі свабоднай краінай. Так што наўрад ці шляхта хавала сваю сапраўдную нацыянальнасьць.

Пра гэта сьведчыць і той факт, што адначасова многія сваякі шляхціцаў-беларусаў запісаліся палякамі. Гэтаму тады таксама нічога не перашкаджала.

Статыстычная перавага беларускай шляхты на Меншчыне над польскай

— Раней вы сказалі, што большасьць уладальнікаў гаспадарак тады запісалася беларусамі. А што наконт агульнай статыстыкі па шляхце? Ці ўдалося вам падсумаваць вынікі хаця б па некаторых валасьцях?

— Для гэтага трэба рабіць спэцыяльнае дасьледаваньне з статыстычным аналізам.

Але можна казаць, што ў 1917 годзе большасьць шляхты Меншчыны падчас сельскагаспадарчага перапісу выбрала беларускую нацыянальнасьць і запісалася беларусамі.

На вашу просьбу я прааналізаваў некалькі валасьцей. Вось характэрныя вынікі, якія тычацца толькі шляхецкіх землеўладаньняў. У адной воласьці — відавочная перавага беларусаў, у другой — таксама беларуская перавага (або парытэт, калі дапусьціць, што 12 незапоўненых картак належалі палякам).

1917 год. «Карточка для сплошной переписи сельских хозяйств». (НГАБ, ф. 325, воп. 2, спр. 735)

Заслаўская воласьць, Менскі павет. 28 картак.

  • Беларусы — 17 картак
  • Палякі — 4 карткі
  • Запіс адсутнічае — 7 картак

1917 год. «Карточка для сплошной переписи сельских хозяйств». (НГАБ, ф. 325, воп. 2, спр. 796)

Сеніцкая воласьць, Менскі павет. 35 картак.

  • Беларусы — 15 картак
  • Палякі — 3 карткі
  • Татары (шляхта) — 1 картка
  • Габрэі — 1 + (1?) картка
  • Вялікарос — 1 картка
  • Менскі манастыр — 1 картка
  • Запіс адсутнічае — 12 картак

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG