Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі змагаліся за правы жанчын 120 гадоў таму. ВІДЭА


Вучаніцы Менскай Марыінскай жаночай гімназіі. З кнігі З.Шыбекі «Минскъ сто гадоў таму»

Без свабоды жанчын не магло быць свабоды Беларусі. Больш за сто гадоў таму беларускі нацыянальны рух ішоў крок у крок з сусьветным рухам за правы жанчын.

Упоравень з сусьветным жаночым рухам

У канцы ХІХ стагодзьдзя ў сьвеце ўзьнік рух суфражыстак, які выступаў за выбарчае права для жанчын і агулам супраць іх палітычнай і эканамічнай дыскрымінацыі.

У 1893 годзе права галасаваць на выбарах атрымалі жанчыны Новай Зэляндыі, у 1902 годзе — жанчыны Аўстраліі, у 1906 годзе — жанчыны Фінляндыі ў складзе Расеі. Беларускія жанчыны такое права атрымалі 15 красавіка 1917 году пасьля Лютаўскай рэвалюцыі. Пра гэта збольшага ведаюць усе.

Значна менш вядома, што беларускі рух ад самага свайго пачатку выступаў за роўныя правы для жанчын. Гісторыкі выявілі ў архіве рэдакцыі газэты «Наша ніва» цэлы комплекс дакумэнтаў, зьвязаных з палітычнымі правамі жанчын і датаваны яшчэ 1905 годам — гэта значыць, часам яшчэ да выхаду самой газэты.

Актыўнасьць беларускіх жанчын

Калі ў 1912 годзе браты Іван і Антон Луцкевічы для пашырэньня беларускага руху заснавалі ў Вільні польскамоўную і расейскамоўную газэты — «Kurjer Krajowy» і «Вечернюю газету» — тэма жаночых правоў зьявілася і там. У 1913 годзе «Вечерняя газета» з гонарам пісала, што працэнт адукаваных жанчын у Беларусі значна вышэйшы, чым у Расеі.

У 1913 годзе «Вечерняя газета» з гонарам пісала, што працэнт адукаваных жанчын у Беларусі значна вышэйшы, чым у Расеі


Нашы жанчыны ад самага пачатку былі дзейснымі ўдзельніцамі беларускага руху. Алаіза Пашкевіч (Цётка) стала адной з заснавальнікаў першай беларускай газэты «Наша Доля», Канстанцыя Буйло кіравала першай беларускай кнігарняй у Полацку, Ядвіга Луцэвіч рэдагавала газэту «Беларусь», актыўнымі ўдзельніцамі беларускага руху былі Эмілія Садоўская, Зоська Верас, Ванда Лявіцкая, Ядвіга Раткевіч, Паўліна Мядзёлка, Палута Бадунова і многія іншыя нашы жанчыны.

Першае Таварыства абароны жанчын

А вось вам і яшчэ адзін факт. У 1901 годзе менскі гарадзкі галава Караль Чапскі заснаваў у горадзе Таварыства абароны жанчын. Гэта была першая легальная арганізацыя ў Беларусі, якая аказвала жанчынам усебаковую дапамогу.

Таварыства займалася асьветай і арганізацыяй лекцый, давала бясплатныя юрыдычныя кансультацыі, арганізавала папулярныя ў Менску курсы жаночай гігіены, арганізоўвала нядзельныя школы і нават ясьлі для дзяцей работніц-жанчын.

Заснавальнік Таварыства Ян Караль Чапскі, як вядома, памёр у 1904 годзе, але яго родны брат Юры Чапскі падчас сельскагаспадарчых перапісаў 1916 і 1917 гадоў, калі ўпершыню задавалі пытаньне пра нацыянальнасьць, назваўся беларусам. Гэта шмат нам гаворыць і пра сьветапогляд самога Яна Караля Чапскага.

Вучаніцы Менскай Марыінскай жаночай гімназіі падчас уроку фізкультуры. З кнігі З.Шыбекі «Минскъ сто гадоў таму»
Вучаніцы Менскай Марыінскай жаночай гімназіі падчас уроку фізкультуры. З кнігі З.Шыбекі «Минскъ сто гадоў таму»

Ад Чапскага да беларушчыны

Адным з асноўных супрацоўнікаў Чапскага ў справе абароны жанчын у Менску быў вядомы ў горадзе адвакат Віктар Чавусаў. Калі ў Менску ў 1915 годзе ўзьнік аддзел Віленскага таварыства дапамогі ахвярам вайны, у які ўваходзілі актыўныя дзеячы нацыянальнага беларускага руху Ядвігін Ш., Усевалад Фальскі, Уладзіслаў Галубок, Зоська Верас і іншыя, менавіта адвакат Віктар Чавусаў узначаліў гэтую арганізацыю.

І вось я з асалодай чытаю ва ўспамінах Зоські Верас, што Віктар Чавусаў на суботніх сходках менскіх беларусаў любіў сьпяваць па-беларуску жартаўлівыя куплеты на словы Янкі Купалы «І як тут не сьмяяцца, і праўды не казаць...»

Так што, свабода жанчын — гэта свабода Беларусі і наадварот. І гэта ня жарт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG