Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніколі не таіў наяўнасьці людзей, якіх улада падтрымлівае», — Лукашэнка пра кандыдатаў у дэпутаты


Аляксандар Лукашэнка на рыбнай фэрме, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас размовы з работнікамі льнозаводу ў Карэлічах на Горадзеншчыне пракамэнтаваў ход выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Адна з работніц, як перадае БелТА, выказала думку, што цяперашняя выбарчая кампанія «пачынае нагадваць ток-шоў», і пацікавілася, як кіраўнік краіны ставіцца да так званых «праўладных патэнцыйных кандыдатаў».

«Мы выбарчую кампанію правядзем спакойна і ціха, нягледзячы на жаданьне некаторых надаць гэтаму афарбоўку шоў, — адказаў Лукашэнка. — Некаторыя лічаць, у тым ліку на Захадзе, што калі выбарчая кампанія праходзіць шумна, то гэта дэмакратычна. А я лічу, што краіну разгойдваць нельга».

Лукашэнка адзначыў, што тая ж Расея можа дазволіць «разгойдаць» сябе на пэўны пэрыяд, але не Беларусь.

«Пагушкалі там трошкі, але ж труба працуе ў гэты час: і прыродны газ пампуюць на экспарт, і нафту, і золата здабываюць. У нас гэтага няма. Таму ня трэба разгойдваць з боку ў бок саміх сябе і іншых. Калі будзем год гэтым займацца, то наступныя два-тры будуць страчаныя», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Што да так званых праўладных кандыдатў, сказаў, што «ніколі не таіў наяўнасьці людзей, якіх улада падтрымлівае», у тым ліку зыходзячы з неабходнасьці фармаваньня складу парлямэнту, які прадстаўляў бы ўвесь зрэз грамадзтва.

«Парлямэнт прымае законы, і гэтыя людзі павінны разумець, што мы прымаем, — патлумачыў Лукашэнка. — Уявіце: прыйшлі гэтыя крыкуны, якія нічога ў жыцьці не разумеюць. Якія будуць законы? Вядома, я ніколі не прапушчу той закон, які на шкоду людзям. А ўсім жа хочацца ўсё падзяліць, нешта перабудаваць і гэтак далей.

Гэта ўжо было, калі Саюз разваліўся: усю краіну падзялілі. І я памятаю, колькі працы мне трэба было дзеля таго, каб выратаваць і захаваць гэтую краіну. Каб яе алігархі і чыноўнікі не падзялілі па частках і сваім дзецям не раздалі. Таму я кажу: безь мяне дзяліць будзеце».

Лукашэнка падкрэсьліў, што ўлада на месцах «падтрымлівае і прапануе пэўных кандыдатаў», але іх будуць абіраць людзі і нельга ў гэтым пляне ціснуць.

«Ня трэба так рабіць: праўладны кандыдат, прынесьлі ведамасьці — падпісвайце за яго тут. Ня трэба гэта рабіць. Людзей трэба папрасіць. Калі ня хоча — і ня трэба», — сказаў Лукашэнка

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG