У менскай школе адмаўляюць, што настаўнікі зьбіралі подпісы за кіраўніка «Белай Русі»

Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, архіўнае фота
Старшыня «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, архіўнае фота

У сярэдняй школе № 178 у Менску не пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што 70 настаўнікаў зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў старшыні «Белай Русі» Генадзя Давыдзькі.

Гэтую інфармацыю разьмясьціў у фэйсбуку старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў.

За збор подпісаў кожнаму настаўніку нібыта абяцалі адгул.

Дырэктарка школы Тацяна Дзенісевіч сказала карэспандэнту Свабоды, што не валодае такой інфармацыяй.

«У маёй школе нават няма 70 пэдагогаў», — сказала яна.

Тацяна Дзенісевіч дадала, што асабіста яна не ўваходзіць у ініцыятыўную групу Генадзя Давыдзькі.

Паводле аналітыка кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Паўла Сапелкі, выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу падчас збору подпісаў наўпрост парушае выбарчае заканадаўства.

Паводле закону, парушэньне парадку збору подпісаў можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдата.

​
XS
SM
MD
LG