Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: «Паказваць бюлетэні назіральнікам ня будзем»

абноўлена

Лідзія Ярмошына падчас прэсавай канфэрэнцыі

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына 12 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі расказала пра тое, як ідзе выбарчая кампанія 2019 году. Свабода прыводзіць яе найбольш цікавыя выказваньні.

Бюлетэні назіральнікам не пакажуць

Дэманстраваць кожны бюлетэнь назіральнікам на маючых адбыцца парлямэнцкіх выбарах ня будуць. Паводле чыноўніцы, каб зьмяніць цяперашнюю працэдуру, трэба ўнесьці адпаведныя зьмены ў выбарчае заканадаўства. Аднак зрабіць гэта да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, прызначаных на 17 лістапада, немагчыма.

На рэгістрацыю пададзена 446 заяў, зь іх 120 — у Менску

«Калі гэтыя асобы зьбяруць подпісы, то можна будзе казаць пра ўжо альтэрнатыўныя выбары, — сказала Ярмошына. — Бо акругаў у нас 110. Гэта ня так проста — сабраць тысячу подпісаў. Хацелася б, каб конкурс быў усюды, каб не было безальтэрнатыўных акругаў».

Чаму некаторым прэтэндэнтам адмовілі ў рэгістрацыі

Ярмошына сказала, што ўжо ёсьць і першыя адмовы ў рэгістрацыі патэнцыйных прэтэндэнтаў на мандаты дэпутатаў. Прычыны розныя.

Хтосьці ўключыў у сваю ініцыятыўную групу меней за 10 чалавек, а гэта мінімальная колькасьць. У кагосьці выявілі непагашаную судзімасьць, хтосьці спрабаваў рэгістраваць сваю групу адразу ў дзьвюх акругах. Апошняе калісьці дазвалялася, але цяпер гэта лічыцца парушэньнем.

Некаторыя патэнцыйныя кандыдаты дапускалі тэхнічныя памылкі: напрыклад, жанчына прынесла дакумэнты ў 65-ю выбарчую акругу, а ў заяве напісала, што просіць зарэгістраваць сваю групу ў 35-й акрузе.

БДІПЧ прапануе прыслаць 430 назіральнікаў

Ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якая ў жніўні прыяжджала ў Беларусь, рэкамэндавала свайму кіраўніцтву накіраваць на выбары 30 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.

«Яны нам прыслалі сваю справаздачу, у якой пазначылі, што рэкамэндуюць накіраваць місію ў колькасьці 30 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. Пра тое, калі тыя прыедуць, пакуль паведамленьня не было».

Палата сёмага скліканьня запрацуе ў сьнежні?

Ужо 2 кастрычніка, згодна з Канстытуцыяй, на восеньскую сэсію выйдуць дэпутаты цяперашняга скліканьня Палаты прадстаўнікоў. Працаваць ім давядзецца каля двух месяцаў, лічыць старшыня ЦВК.

«Думаю, што раней за 7 сьнежня, хутчэй за ўсё, новая сэсія ня будзе сабраная», — заявіла Ярмошына.

Яна патлумачыла, што пасьля падвядзеньня вынікаў выбараў павінна прайсьці апошняе пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, на якім дэпутаты прымуць рашэньне пра закрыцьцё сэсіі.

Паводле Ярмошынай,у канцы сваёй працы дзейныя склады Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі могуць правесьці сумесныя сэсіі.

«Так было ў 2016 годзе», — адзначыла яна.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG