Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават Макей ня ведаў пра маё рашэньне пайсьці ў дэпутаты», — былы прэс-сакратар МЗС Беларусі


Андрэй Савіных, архіўнае фота

Андрэй Савіных, амбасадар Беларусі ў Турэччыне, у мінулым прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў, у інтэрвію Свабодзе заявіў, што рашэньне балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ён прымаў самастойна.

«Пра гэта ня ведаў нават міністар Макей. Я зь ім размаўляў ужо пасьля таго, як усё вырашыў для сябе. І зразумеў, што мой ход быў для яго ў пэўнай ступені нечаканым» — сказаў Савіных.

Ня стане дэпутатам — вернецца ў дыпляматы

Дыплямат кажа, што пайсьці ў дэпутаты яго найперш падштурхнуў досьвед ягонай замежнай працы.

«За 26 гадоў знаходжаньня ў сыстэме МЗС мне давялося папрацаваць у трох краінах — Нідэрляндах, Швайцарыі і Турэччыне. І ў кожнай я прыглядаўся да таго, як функцыянуе там сыстэма ўлады. Зразумеў, што ключавая структура грамадзкіх працэсаў — гэта парлямэнт. Менавіта на гэтым узроўні павінны праходзіць публічныя дыскусіі пра стратэгію разьвіцьця краіны. Хачу, каб і Палата прадстаўнікоў стала паўнавартаснай дыскусійнай пляцоўкай», — кажа Андрэй Савіных.

На сёньняшні дзень у Палаце прадстаўнікоў толькі адзін дэпутат мае дыпляматычны досьвед. Гэта старшыня міжнароднай камісіі Валер Варанецкі. Ён зьбіраецца балятавацца на новы тэрмін. Таму можа атрымацца, што ў Палаце сёмага скліканьня дыпляматаў будзе ўжо двое. А можа, і болей — стае часу, каб вылучыцца і яшчэ камусьці.

На пытаньне Свабоды, што ён будзе рабіць, калі ня стане дэпутатам, Савіных кажа, што спадзяецца вярнуцца да дыпляматычную працу:

«Пайду зноў у міністэрства. Спадзяюся, што ягоныя дзьверы будуць для мяне адчыненымі».

Чаму па Чкалаўскай акрузе

Андрэй Савіных патлумачыў, чаму ён выбраў менавіта Чкалаўскую (№ 96) акругу ў Менску:

«Гэта раён, у якім жыве шмат супрацоўнікаў, як дзейных, так і былых, нашага міністэрства. Спадзяюся, што яны падкажуць мне найбольш балючыя праблемы акругі».

Дыплямат сказаў, што 9 верасьня ён абʼехаў усе пяць сваіх пікетаў.

«Пакуль сабралі няшмат подпісаў. Але ж усё толькі пачынаецца. Сёньня ўвечары пачну асабіста абыходзіць кватэры маіх выбарнікаў», — дадаў Андрэй Савіных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG