Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалося вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты. Навошта гэта апазыцыі


Галасаваньне ў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

У Беларусі стартаваў этап вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага скліканьня. Ён будзе доўжыцца да 7 кастрычніка.

Як нагадвае БелаПАН, правам вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты валодаюць палітычныя партыі і працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне — шляхам збору подпісаў. Пікеты з мэтай збору подпісаў можна праводзіць паўсюдна ад 8 да 22 гадзін, за выключэньнем зонаў і тэрыторыяў, вызначаных мясцовымі ўладамі.

Тэрыторыя прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі вольная ад пікетаў

У Менску гэта тычыцца мэтрапалітэну, чыгуначнага і паветранага транспарту, мастоў, праезнай часткі аўтамабільных дарог, падземных пераходаў.

Таксама нельга зьбіраць подпісы на Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчах, плошчах Незалежнасьці, Перамогі, Дзяржаўнага сьцяга, Якуба Коласа, бліжэй за 200 мэтраў ад прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, будынкаў парлямэнту і ўраду, бліжэй за 50 мэтраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіраваньня, дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, арганізацый, якія забясьпечваюць абароназдольнасьць і бясьпеку дзяржавы.

У дэмакратычным асяродку дагэтуль няма адзінства ў думцы, ці варта ўдзельнічаць у выбарах, тым самым дапамагаючы ўладам легалізаваць іх вынікі.

«Данесьці інфармацыю пра адсутнасьць выбараў»

Адной зь першых пра гатоўнасьць да ўдзелу ў парлямэнцкай кампаніі абвясьціла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Яе лідэр Ігар Барысаў патлумачыў Свабодзе, чым кіраваліся ягоныя паплечнікі.

«Пасьля пастановы Саўміну № 49, якая ўвяла расцэнкі за паслугі міліцыі, фактычна пастаўлены крыж на вулічнай актыўнасьці. Таму выбарчая кампанія — гэта легальны спосаб кантактаваць з выбарцамі, дэкляраваць свае каштоўнасьці і праграмныя тэзісы, стаяць пад нацыянальнымі сьцягамі, мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, папоўніць шэрагі партыі новымі актывістамі, арганізаваць назіраньне за выбарамі, паказаць, што іх няма, і данесьці гэтую інфармацыю да як мага большай колькасьці грамадзянаў».

Акрамя таго, кажа спадар Барысаў, надзвычай важным складнікам кампаніі ёсьць тэлеэфір, які даецца зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты. Сёньня гэта адзіная легальная магчымасьць трапіць на дзяржаўную тэлевізію і атрымаць больш шырокую аўдыторыю.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў прызначаныя на 17 лістапада.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG