Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас стварэньня выбарчай камісіі сфальсыфікавалі голас мэра Менску, — лідэр руху «За свабоду»


Сумеснае паседжаньне прэзыдыюмаў Менскага гарадзкога савета дэпутатаў і Менгарвыканкаму

Падчас фармаваньня сталічных камісій, якія будуць лічыць галасы на парлямэнцкіх выбарах у лістападзе, адбыўся канфуз з падлікам галасоў. Голас за апазыцыйнага кандыдата пры падліку згубіўся. Гэта быў голас мэра Менску.

Галасаваньне адбывалася на сумесным паседжаньні прэзыдыюмаў Менскага гарадзкога савета дэпутатаў і Менгарвыканкаму. За ім назіраў лідэр руху «За свабоду» Юры Губарэвіч. Яго арганізацыя як адзіная апазыцыйная структура здолела вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 акруговых і 7 тэрытарыяльных камісіяў у краіне. Такі ж вынік прадэманстравалі толькі праўладная «Белая Русь» і БРСМ.

Сёньняшняе паседжаньне палітык называе «эмітацыяй дэмакратычнага працэсу», маючы на ўвазе паводзіны яго ўдзельнікаў.

Юры Губарэвіч
Юры Губарэвіч

«Прысутным кіраўнікам або прадстаўнікам партый ці арганізацый не дазвалялі выступіць, каб прадставіць вылучэнцаў. А сам працэс галасаваньня адбываўся вельмі дзіўна. Упёршы вочы ў аркушы паперы, якія ляжаць перад імі на сталах, прысутныя падымаюць рукі, нават не ўздымаючы галавы ад папераў. Як правіла, па кандыдатурах ад апазыцыі галасуюць амаль адзінагалосна супраць. Ёсьць, пэўна, загадзя прадуманая раскладка. Але сёньня гэтая сыстэма дала збой», — кажа Губарэвіч.

У паседжаньні ўдзельнічаў і старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак. Падчас галасаваньня над кандыдатурай прадстаўніка «Гавары праўду» Ўладзімера Букштынава, як кажа лідэр руху «За свабоду», «нешта пайшло ня так».

«Мэр Менску Сівак узьняў руку „за“. Я гэты момант зафіксаваў. Але пасьля, калі агучваліся выніковыя дадзеныя, у сакратарыяце сказалі: 0 — за, 22 — супраць. Давялося публічна ўмяшацца, запатрабаваць перагаласаваньня. І Анатоль Сівак прызнаў, што ён галасаваў „за“ і што вынікі ад сакратарыяту несапраўдныя. Напэўна ён дзейнічаў не па загадзя зацьверджанай схеме і праявіў уласную ініцыятыву. Думаю, далей ён такіх памылак больш не дапусьціць».

Але новае галасаваньне ўсё роўна не дапамагло прадстаўніку «Гавары праўду». Уладзімер Букштынаў, як і рэшта прадстаўнікоў апазыцыі, ня трапілі ў ніводную са сталічных камісіяў.

Падобная сытуацыя, кажа Губарэвіч, і ў іншых рэгіёнах краіны.

«Учора былі паседжаньні ў Віцебску, а пазаўчора Горадні. Сёньня адбываліся ў Менску, Магілёве, Гомлі і Берасьці. Да гэтай пары ў камісіі ўвайшлі толькі тры прадстаўнікі руху „За свабоду“: два на Віцебшчыне і 1 на Берасьцейшчыне. Калі такая дынаміка захаваецца, то колькасьць апазыцыі ў камісіях ня будзе перавышаць статыстычную пагрэшнасьць», — кажа лідэр руху «За свабоду».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG