Дзе і калі пакажуць выступы кандыдатаў у дэпутаты на БТ

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ўладзімер Падгол прамаўляе падчас тэледэбатаў, 2016 год
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня Ўладзімер Падгол прамаўляе падчас тэледэбатаў, 2016 год

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі зацьвердзіла час, у які на дзяржаўнай тэлевізіі пакажуць выступы кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня.

Выступы маюць паказаць у пэрыяд ад 21 кастрычніка па 6 лістапада ў час ад 19:00 да 20:00. Менскіх кандыдатаў пакажуць на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-3», кандыдатаў зь Менскай вобласьці — на СТВ, зь іншых абласьцей — на абласных тэлеканалах.

Калі менавіта пакажуць выступ канкрэтнага кандыдата, вызначаць лёсаваньнем 18 кастрычніка. Самі выступы бясплатныя для кандытатаў.

Таксама кандыдатам у той жа пэрыяд дадуць выступіць на дзяржаўным радыё ў час ад 7:00 да 8:00. Менскім — на «Радио Минск», зь Менскай вобласьці — на радыё «Минская волна», зь іншых абласьцей — на абласных станцыях.

І тэле- і радыёвыступы мусяць быць не даўжэйшымі за 5 хвілінаў на кандыдата, без выкарыстаньня дадатковых аўдыё- і відэаматэрыялаў. Асобна прадугледжаны час на тэледэбаты, калі ў такіх будзе патрэба ня менш як у двух кандыдатаў на акрузе — дзеля гэтага будзе зарэзэрвавана па 5 хвілінаў на кандыдата і 5 хвілінаў для вядоўцы.

Усё гэта ня можа быць у жывым эфіры — толькі ў запісе. Самі запісы мусяць захоўвацца цягам году са дня выпуску.

«У выпадку неабгрунтаванай адмовы кандыдату ў дэпутаты ў вылучэньні эфірнага часу па тэлевізіі і радыё, парушэньня прынцыпу роўных умоваў вылучэньня эфiрнага часу кандыдату ў дэпутаты па патрабаваньні Цэнтральнай камісіі альбо адпаведнай акруговай выбарчай камісіі павінны быць прадастаўлены іншы эфірны час, — адзначаецца ў адным з пунктаў. — Эфірны час, ня выкарыстаны па віне кандыдата ў дэпутаты цалкам або часткова, зноў яму не прадастаўляецца».

Для публікацыі праграмаў кандыдатам прапануюць дзяржаўныя газэты «Звязда» і «Рэспубліка», а таксама раённыя, абласныя і гарадзкія дзяржаўныя газэты. Праграма мусіць быць ня большай за 4000 знакаў з прабеламі.

Акрамя таго, кандыдатам можна дакупляць рэкляму ў СМІ са сродкаў выбарчых фондаў.

​
XS
SM
MD
LG