Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе выбіраць Лукашэнку прэзыдэнтам у 2020 годзе? Народ ці толькі дэпутаты?


Канстытуцыйны суд Беларусі разглядае пераразьмеркаваньне ўладных паўнамоцтваў у дзяржаве. Агульная ідэя выглядае так: забраць у прэзыдэнта частку ягоных функцыяў і перадаць іх парлямэнту і ўраду.

Пра гэта я пачуў ад трох асобаў: старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслава Грыба, судзьдзі першага складу Канстытуцыйнага суду Міхаіла Пастухова і дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьняў Анатоля Лябедзькі. Яны атрымалі такую інфармацыю падчас размовы зь дзейным кіраўніком Канстытуцыйнага суду Пятром Міклашэвічам. Апазыцыйныя палітыкі трапілі да яго ў якасьці прадстаўнікоў грамадзкай камісіі, якая рыхтуе праект новага Асноўнага закону Рэспублікі Беларусь.

Пётар Міклашэвіч
Пётар Міклашэвіч

«Царскія» паўнамоцтвы

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня 15 сакавіка 1994 году. Пасьля ў яе двойчы ўносіліся зьмены — на рэфэрэндумах 24 лістапада 1996-га і 17 кастрычніка 2004 году.

У 1996 годзе Лукашэнка атрымаў права распускаць парлямэнт. Ён можа самастойна, без зацьвярджэньня парлямэнтам, прызначаць міністраў. Указы і дэкрэты прэзыдэнта сталі мець найвышэйшую юрыдычную сілу, іхная моц перавышае законы.

«Калі каротка падсумаваць, што адбылося ў 1996 годзе, то прэзыдэнт стаў галоўным, а парлямэнт застаўся як бы пры ім, ня маючы ні функцыяў, ні аўтарытэту. Пад шыльдай рэфэрэндуму адбылася кардынальная зьмена сыстэмы ўлады», — канстатуе Міхаіл Пастухоў.


Ня дзіўна, што такія паўнамоцтвы Лукашэнка сам назваў «царскімі». Тут ён, хоць і гісторык адукацыяй, памыляецца. Навукоўцы пішуць, што правы Лукашэнкі нашмат большыя, чым былі ў некаторых расейскіх манархаў.

Гэтаксама як і ў параўнаньні з генэральнымі сакратарамі ЦК КПСС. Прыадкрытыя крамлёўскія архівы сьведчаць, што нават Леанід Ільіч Брэжнеў мусіў час ад часу ўступаць у дыскусію зь некаторымі чальцамі Палітбюро. А ў некаторых выпадках нават саступаць.

У сучаснай Беларусі ўсё вырашае адзін чалавек. Ягонае слова — гэта і вырак, і прызначэньне, і апала, і хвала.

Навошта дзяліцца?

Узьнікае лягічнае пытаньне: навошта ж тады Лукашэнка добраахвотна адмовіцца ад таго, што даўно мае? Адказ на гэтае пытаньне шмат гадоў таму даў публіцыст Аляксандр Фядута. Ён публічна падзяліўся зьвесткамі, якія атрымаў ад былога кіраўніка Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі Ганса-Георга Віка. Чалавек, які ў свой час быў ня толькі дыпляматам, а кіраваў і замежнай выведкай Нямеччыны, запытаўся ў Лукашэнкі: «А вы не баіце́ся, што ваш пераемнік скарыстае ўсю моц асабістай улады, якую вы пабудавалі ў краіне, асабіста супраць вас?» У адказ Вік пачуў: «А хто вам сказаў, што такія паўнамоцтвы я пакіну камусьці іншаму?»


Значыць, ужо тады Лукашэнка думаў, як выйсьці з сытуацыі, калі ягоны пэрсанальны лёс можа вырашыць наступны прэзыдэнт. Зразумела, досьвед стагодзьдзяў пераконваў яго ў дзьвюх рэчах. Першая — цалкам давяраць нельга нікому, нават пераемніку, якога сам прызначаеш (згадаем хоць бы Ельцына і Пуціна). Другая — заўжды лепш, калі тваё далейшае існаваньне залежыць ад групы, а не ад аднаго чалавека. Тады можна спадзявацца на спрэчкі, дыскусіі. А гэта — зацягваньне часу і шанец на тое, што нешта зьменіцца ў лепшы для цябе бок.

Але пра гэта Лукашэнка казаў аж 20 гадоў таму. Тады гэта была, як той казаў, голая тэорыя. Цяпер праблема транзыту ўлады становіцца па-сапраўднаму актуальнай. Урэшце, ніхто на гэтым сьвеце ня вечны. І ўзрост прымушае задумацца, што можна зрабіць, каб уладная намэнклятура не перагрызлася за прэзыдэнцкую спадчыну. Рашэньне напрошваецца само сабой: паменшыць царскія паўнамоцтвы для стварэньня хаця б адноснай сыстэмы стрымліваньня і проціваг.

Як і калі могуць скарэктаваць Канстытуцыю

Міхаіл Пастухоў кажа, што частку зьменаў у Асноўны закон можна правесьці праз парлямэнт. Найбольш прынцыповыя папраўкі можна ўзаконіць, калі не парушаць Канстытуцыю, толькі праз агульнанацыянальны рэфэрэндум.

«Гэта ў тым выпадку, калі прытрымлівацца законаў. Але ж мы за часы Лукашэнкі бачылі столькі парушэньняў, што асабіста мяне ўжо нічога не зьбянтэжыць. Я не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што новага прэзыдэнта будуць выбіраць ужо не грамадзяне Беларусі, а Нацыянальны сход. Альбо калі тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы павялічаць з 5 да 7 гадоў. Гэта будзе падавацца як бясконцая ўдзячнасьць народу і дэпутатаў за манаршую ласку», — разважае прафэсар Пастухоў.

Мечыслаў Грыб кажа, што пацікавіўся ў Пятра Міклашэвіча, колькі часу яму даў Лукашэнка на падрыхтоўку зьменаў:

«Пачулі, што дарожнай карты няма. Тэрміны ня вызначаныя. Міклашэвіч сказаў, што над Канстытуцыяй 1994 году працавалі чатыры гады. Таму і цяпер ёсьць час».

Што казаў пра зьмены сам Лукашэнка

Кастрычнік-2016. «Нам трэба стварыць групу мудрацоў, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І, калі трэба будзе, мы на гэта [зьмену Канстытуцыі] пойдзем».

Сакавік-2018. «З часам мы прыйдзем да абмеркаваньня пытаньня аб унясеньні зьменаў у Асноўны закон».

Сакавік-2019. «Сёньня я схільны да таго, што новую Канстытуцыю нам давядзецца прымаць. Нам давядзецца ўзмацняць іншыя галіны ўлады: выканаўчую, заканадаўчую. Можа, нешта, але пасьля сур’ёзнага аналізу, трэба будзе распачаць па выбарчай сыстэме. Уводзіць ці ня ўводзіць прапарцыйную сыстэму, або спыніцца на мажарытарнай».

І далей: «Я вам клянуся, што гэтая Канстытуцыя ня будзе праціскацца, ня будзе прымацца нахрапам, ня будзе з маёй зацікаўленасьцю... Я буду самым зацікаўленым чалавекам, каб Канстытуцыя адпавядала рэаліям, якія складуцца ў нашай дзяржаве... Думаю, на гэта пойдзе ня пяць гадоў, значна менш».

Травень-2019. «Я папрасіў менавіта спэцыялістаў Канстытуцыйнага суду, каб яны ўнесьлі свае прапановы для магчымага ўдасканаленьня нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG