Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: «Лукашэнка быў гатовы да дыялёгу з апазыцыяй, але Пуцін параіў яму не рабіць гэтага»


Уладзімір Пуцін (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка (справа) 25 студзеня 2000 году

Госьць «Інтэрвію тыдня» — кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі», вэтэран нямецкай дыпляматыі, былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік. Ён ацэньвае 25-годзьдзе ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі, прыгадвае, чаму Лукашэнка не пайшоў на дыялёг з апазыцыяй, і заяўляе, што палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіраваньня Лукашэнкі.

Сьцісла

  • Беларусь вельмі кансэрватыўная краіна, не гатовая да істотных зьменаў.
  • Пуцін непасрэдна падтрымаў вяртаньне Беларусі да кансэрватыўнай і недэмакратычнай сыстэмы, гэтаксама як ён зрабіў з Расеяй.
  • Палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіраваньня Лукашэнкі.

Пэрспэктыва зьменаў пад ціскам не апраўдала сябе

— Як вы ў цэлым ацэніце 25 гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі? Што яны прынесьлі Беларусі?

— Сапраўды, Лукашэнка ўжо ва ўладзе 25 гадоў. Зрабіў ён гэта, перамогшы ў выбарах у другім туры з абсалютнай большасьцю галасоў, і гэта было міжнародна прызнана. Аднак у 1996-м ён вырашыў вярнуцца на савецкі шлях і зьмяніў Канстытуцыю шляхам спрэчнага рэфэрэндуму ў бок аўтарытарнага яе варыянту, які больш ніяк ня мог адпавядаць эўрапейскім стандартам, вызначаным АБСЭ.

Ганс-Георг Вік, былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Фота Лоры Зайцавай
Ганс-Георг Вік, былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. Фота Лоры Зайцавай

З таго моманту ён атрымаў неабмежаваную ўладу ў краіне, якая мае цяпер ня самае кепскае эканамічнае становішча, але ня мае прызнаньня як дэмакратычна арганізаваная краіна Эўропы.

— Што можна сказаць пра стан беларускага грамадзтва, як яно мянялася за гэтыя гады? Чаму зьмены ў грамадзтве не прывялі да зьменаў ва ўладзе?

— Мы маем пяць суседзяў Беларусі. Польшча, Літва, Латвія — дэмакратычныя краіны, чальцы NATO і Эўразьвязу. Украіна пасьля вялікіх складанасьцяў атрымала дэмакратычны ўрад і свабодныя выбары.

Можа быць, стандарты жыцьця нязначна адрозьніваюцца, але жыцьцё складаецца ня толькі з матэрыяльных даброт, а таксама з эмацыйных і прававых аспэктаў, і ў гэтай справе Беларусь вельмі кансэрватыўная краіна, не гатовая да істотных зьменаў.

— Як вы ацэніце палітыку Захаду ў дачыненьні да Лукашэнкі? Эўразьвяз спрабаваў розныя варыянты — санкцыі, «уцягваньне ў дыялёг». Ці лічыце вы, што сёньняшняя палітыка «дыялёгу» можа прывесьці да нейкіх зьменаў унутры Беларусі?

— Пэрспэктыва зьменаў пад ціскам не апраўдала сябе. Таму ЭЗ прыняў палітыку трываньня і настойлівасьці, памятаючы пра тое, што Беларусь — недэмакратычная дзяржава, якая ня мае дэмакратычнай выбарчай сыстэмы. Аднак мы маем надзею, што з часам адбудуцца рэформы палітычнай сыстэмы ў Беларусі.

Палітычныя і эканамічныя рэформы немагчымыя падчас кіраваньня Лукашэнкі

— Вы ўзначальвалі Кансультатыўную назіральную групу АБСЭ ў Менску, якая ў канцы 90-х спрабавала наладзіць дыялёг паміж беларускай уладай і апазыцыяй. Але тая спроба ў выніку правалілася. Далейшыя гады паказалі, што Лукашэнка ня вельмі схільны да дыялёгу з апазыцыяй. Ці лічыце вы, што ў вашай місіі не было ніякіх шанцаў?

— Падзеі ў Расеі паўплывалі на магчымасьць фармаваньня дэмакратыі ў Беларусі, якое затарможвалася Масквой. Быў саміт краінаў АБСЭ ў Стамбуле ў 1999-м, дзе Лукашэнка быў гатовы на дыялёг з апазыцыяй, гэта быў параграф 22 дэклярацыі саміту. А тыдзень ці два пазьней Пуцін прыйшоў на месца Ельцына і першае, што ён зрабіў, была парада Лукашэнку не працягваць гэты дыялёг і трымацца блізкага супрацоўніцтва з Расеяй. І такім чынам Пуцін непасрэдна падтрымаў вяртаньне да кансэрватыўнай і недэмакратычнай сыстэмы, гэтаксама як ён зрабіў з Расеяй.

— Як вы ацэніце расейскі ўплыў на Беларусь у цяперашні час?

— Эканамічныя адносіны ўсё яшчэ залежаць ад паліўных і газавых сувязяў і транспартаваньня гэтых рэсурсаў празь Беларусь. І гэтыя абставіны перашкаджаюць Беларусі ў атрыманьні большай эканамічнай незалежнасьці. І Расея і Беларусь маюць недахоп у замежных інвэстыцыях для мадэрнізацыі сваёй вытворчасьці. Расея залежыць ад экспарту нафты і газу і мае няшмат прадуктаў, канкурэнтных на сусьветным рынку. Тое самае можна сказаць пра Беларусь. Калі б не было гэтай залежнасьці Беларусі ад расейскіх нафты і газу, краіна вымушаная была б больш актыўна шукаць заходнія інвэстыцыі.

— Апошнія гады, асабліва пасьля анэксіі Крыму, палітыка Захаду да афіцыйнага Менску зьмянілася. Эўропа ўжо ня так актыўна падтрымлівае беларускую апазыцыю і спрабуе наладзіць масты зь беларускай уладай. Як вы ставіцеся да цяперашняй палітыкі Эўразьвязу?

— Захад заўважыў, што Менск не пайшоў цалкам у расейскім рэчышчы ў пытаньні анэксіі Крыму, заняўшы пазыцыю недзе паміж Украінай і Расеяй. Захад гэта прызнаў, і таму павялічылася колькасьць кантактаў паміж беларускімі і эўрапейскімі чыноўнікамі — дзеля таго, каб Беларусь трымала дыстанцыю ад экспансіянісцкай палітыкі Крамля.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і эўракамісар у палітыцы добрасуседзтва Эўразьвязу Яганэс Ган, сустрэча ў Менску. Менск, 21 чэрвеня 2018 году
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей (зьлева) і эўракамісар у палітыцы добрасуседзтва Эўразьвязу Яганэс Ган, сустрэча ў Менску. Менск, 21 чэрвеня 2018 году

— Ці вы верыце, што ў нейкі час Лукашэнка пры нейкіх умовах можа пагадзіцца на палітычныя на эканамічныя і палітычныя рэформы? Альбо вы лічыце, што гэта немагчыма падчас ягонага кіраваньня?

— Гэта немагчыма падчас ягонага кіраваньня. Ён ніколі не паставіць сваю ўладу пад рызыку, дазволіўшы свабодныя і справядлівыя выбары.

— Даволі пэсымістычны погляд на беларускую будучыню.

— Рэалістычны, рэалістычны. Я не пэсыміст. Але я не магу зьмяніць факты, якія мы маем. Я магу толькі спадзявацца, што людзі будуць правільна ацэньваць гэтыя факты, рабіць зь іх высновы і разумець, што будучыня з гэтым кіраўніком ня вельмі пэрспэктыўная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG