Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня езьдзіць у Брусэль, бо Менск ня бачыць прарываў у адносінах з Эўропай, — палітоляг


Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей (трэці зьлева) на саміце Усходняе партнэрства ў Брусэлі разам эстонскім прэм'ерам Юры Ратасам, кіраўнікамі Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам і Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам
Міністар замежных справаў Беларусі Уладзімер Макей (трэці зьлева) на саміце Усходняе партнэрства ў Брусэлі разам эстонскім прэм'ерам Юры Ратасам, кіраўнікамі Эўрапейскай Рады Дональдам Тускам і Эўракамісіі Жанам-Клёдам Юнкерам

Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Андрэй Казакевіч. Ён адказвае на пытаньне, які шлях прайшло «Ўсходняе партнэрства» за 10 гадоў існаваньня, тлумачыць, чаму Менск недастаткова задаволены гэтым праектам, і нагадвае, што Масква ўспрымае «Ўсходняе партнэрства» як недружалюбную ініцыятыву, якая ствараецца супраць Расеі.

Сьцісла:

  • Сярод усіх шасьці краінаў «Партнэрства» Беларусь — відаць, самая зацікаўленая ў гэтым праекце.
  • Адна з прапановаў — падзяліць «Партнэрства» на дзьве групы: тыя краіны, якія падпісалі дамову аб асацыяцыі, і тыя, якія не падпісвалі.
  • Дзякуючы «Партнэрству» Беларусь таксама мае магчымасьць мець большыя сувязі з Украінай, вельмі важным гандлёвым партнэрам.
  • Масква ўспрымае «Ўсходняе партнэрства» як недружалюбную ініцыятыву, якая ствараецца супраць Расеі.

«Беларусь — краіна, найбольш зацікаўленая ва «Ўсходнім партнэрстве»

— Днямі адзначалася 10-годзьдзе ўтварэньня «Ўсходняга партнэрства» — праекту Эўразьвязу, які мае на мэце разьвіцьцё інтэграцыйных сувязяў з шасьцю краінамі былога СССР: Азэрбайджанам, Армэніяй, Беларусьсю, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай. 4 чэрвеня ў Менску адбыўся экспэртны сэмінар, арганізаваны Радай па міжнародных дачыненьнях «Менскі дыялёг», дзе выступіў у тым ліку і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Які шлях за гэтыя гады прайшло «Ўсходняе партнэрства»? Ці можна назваць яго пасьпяховым? Што варта падкарэктаваць ці нават замяніць?

— Складана ці нават бессэнсоўна казаць пра пасьпяховасьць ці непасьпяховасьць. Задумваўся і пачынаўся праект да ўсясьветнага крызісу 2008 году, які зьмяніў усю лёгіку і пляны. Былі скарачэньні фінансавыя, перабудовы ўнутры самога Эўразьвязу. Фінансавы крызіс у Грэцыі спарадзіў дыскусіі, што такое ўвогуле Эўразьвяз. Усё гэта цалкам зьмяніла эканамічны і палітычны ляндшафт Эўропы.

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

Другі чыньнік — узмацненьне палітычнага процістаяньня ў рэгіёне, асабліва пасьля Крыму і Данбасу ў 2014 годзе. Гэта фактычна прывяло да падзелу рэгіёну сярод сябраў «Усходняга партнэрства» — на краіны, якія маюць канфліктныя стасункі з Расеяй (Грузія, Украіна); тыя, якія арыентуюцца на Расею (Беларусь); і астатнія, якія спрабуюць існаваць паміж гэтымі варыянтамі. У любым выпадку — утварыўся зусім іншы палітычны клімат, ня тое, што мы мелі ў 2009 годзе, калі рэгіён падаваўся дастаткова адзіным і падуладным агульнай праграме.

— Сапраўды, пасьля 2014 году адбыліся зьмены, якія паўплывалі на сэнс і матывы «Ўсходняга партнэрства». Але праект ня быў распушчаны, нягледзячы на тое, што ягоныя ўдзельнікі настолькі разыходзяцца паміж сабой. А ці будуць рабіцца зьмены ва «Ўсходнім партнэрстве», каб улічыць новыя рэаліі?

— Зьмены будуць, усе ўдзельнікі працэсу гэта разумеюць. Адна з прапановаў — падзяліць «Партнэрства» на дзьве групы: тыя краіны, якія падпісалі дамову аб асацыяцыі, і тыя, якія не падпісвалі. Існуе і думка, што, наадварот, трэба было б бачыць «Партнэрства» як ініцыятыву, якая можа стабілізаваць рэгіён, разьвіваць супрацоўніцтва ня толькі паміж краінамі Эўразьвязу і сябрамі «Партнэрства», але і паміж сабой.

Унутры самой Эўропы няма цьвёрдай канцэпцыі наконт гэтага. Эўраскептыцызм, рост папулізму хутчэй гуляюць на тое, каб скарачаць любыя праграмы, скарачаць выдаткі на замежную палітыку, дапамогу іншым краінам. Але пры гэтым застаюцца моцныя пазыцыі тых, хто гатовы інвэставаць у такія ініцыятывы. Таму шмат чаго залежыць ад балянсу гэтых двух пазыцыяў унутры Эўразьвязу.

У свой час былі выказваньні з боку Масквы, што Менску ня варта далучацца да гэтай ініцыятывы

— Нярэдка беларускія чыноўнікі выказваюць нездавальненьне ўзроўнем разьвіцьця адносінаў і вынікамі супрацоўніцтва ва «Ўсходнім партнэрстве». Гэта тычыцца як эканамічных праблемаў, гэтак і візавай тэмы. Чым выклікана нездавальненьне з боку Менску, хто з двух бакоў найбольш у гэтым «вінаваты»?

— Нездавальненьне — гэта нармальная зьява, асабліва калі размова ідзе пра будучыню адносінаў. Трэба лабіраваць свае інтарэсы, прасоўваць сваю візію, паказваць на тыя рэчы, якія не былі зробленыя. Нягледзячы на ўсе праблемы, сярод усіх шасьці краінаў «Партнэрства» Беларусь — відаць, самая зацікаўленая ў гэтым праекце краіна. Бо гэта адзіная практычная ініцыятыва, якая дазваляе Менску падтрымліваць кантакты з Эўразьвязам на шматбаковым узроўні. Асабліва калі ўлічыць тое, што інстытуцыйнай базы для супрацоўніцтва з Эўразьвязам у Беларусі вельмі мала — мы нават ня маем базавага пагадненьня.

Дзякуючы «Партнэрству» Беларусь таксама мае магчымасьць мець большыя сувязі з Украінай, вельмі важным гандлёвым партнэрам. Бо Ўкраіна відавочна выпадае з усіх постсавецкіх інтэграцыйных ініцыятываў, у якія ўваходзіць Беларусь.

Урэшце, натуральна, што ў межах «Усходняга партнэрства» Беларусь адпачатку разьлічвала на значна большыя інвэстыцыі і эканамічны эфэкт. Ён ня быў дасягнуты, але нават тое, што меў Менск — гэта больш, чым нічога. Калі ўлічваць, што альтэрнатываў у Менску няшмат, — і гэта можна лічыць дастаткова добрым вынікам.

«Усходняе партнэрства» таксама згуляла сваю ролю ў пераадоленьні Менскам замежнапалітычнай ізаляцыі. Можна нагадаць, што ў свой час былі выказваньні з боку Масквы, што Менску ня варта далучацца да гэтай ініцыятывы. Але ў выніку перамагла лінія, што Беларусь павінна ўдзельнічаць ва «Ўсходнім партнэрстве». І гэта было важным крокам у зьмене замежнай палітыкі Менску, усталяваньні ўстойлівага заходняга вэктару гэтай палітыкі.

— Чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт «Усходняга партнэрства» ў Брусэль у траўні гэтага году? Здавалася б, беларускі кіраўнік мае ня так шмат магчымасьцяў і запрашэньняў ад заходніх сталіцаў. Чаму ён не скарыстаў такую выдатную магчымасьць?

— Фармальна міністрам Макеем была агучаная вэрсія, што прычына — тое, што застаюцца санкцыі ў дачыненьні да асобных беларускіх грамадзянаў. Але, думаю, рэальная прычына ў тым, што няма прарыўнога парадку дня. Беларускія ўлады хацелі б, каб такая паездка была абстаўленая нейкай падзеяй. Напрыклад, падпісаньнем дамовы аб супрацоўніцтве.

Аляксандар Лукашэнка вельмі рэдка езьдзіць на Захад, але даволі часта сустракаецца з Уладзімерам Пуціным
Аляксандар Лукашэнка вельмі рэдка езьдзіць на Захад, але даволі часта сустракаецца з Уладзімерам Пуціным

Бяз гэтага для Лукашэнкі ўдзел у саміце не настолькі цікавы і неабходны. Таксама заўважным (хоць і не асноўным і вызначальным) чыньнікам можа быць расейскі. Усё ж Расея ўспрымае «Ўсходняе партнэрства» як недружалюбную ініцыятыву, якая ствараецца супраць Расеі.

Таму любы ўдзел Беларусі на ўзроўні прэзыдэнта можа ствараць дадатковы дыскамфорт і нараджае пытаньні ў беларуска-расейскіх дачыненьнях. Масква ўспрымае «Ўсходняе партнэрства» як варожую для сябе ініцыятыву, і ўдзел на вышэйшым узроўні можа пагаршаць фон беларуска-расейскіх стасункаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG