Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарадца расейскіх прэзыдэнтаў: Беларусь Лукашэнкі немагчыма інтэграваць з Расеяй Пуціна


Глеб Паўлоўскі

20 ліпеня споўніцца 25 гадоў з дня першай інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Як кіраваная ім Беларусь і ён сам паўплывалі на Расею за гэтыя чвэрць стагодзьдзя? Мы задалі гэтае пытаньне вядомым і ўплывовым расейскім палітычным экспэртам.

Сёньня мы прапануем вашай увазе адказ Глеба Паўлоўскага, расейскага публіцыста, выдаўца, палітоляга, паліттэхняга, у 1996-2011 гадах — палітычнага кансультанта расейскіх прэзыдэнтаў. На пачатку нулявых яго называлі галоўным ідэолягам пуцінскай сыстэмы.

Сьцісла:

  • Розьніца паміж нацыянальнымі формуламі Беларусі і Расеі выключае на цяперашнім этапе, у гэтым пакаленьні, рэальную інтэграцыю
  • Утрыраваны пэрсаналісцкі аўтарытарызм Лукашэнкі ў 1990-я адштурхоўваў расейскі істэблішмэнт
  • У 1990-я Лукашэнка лічыўся патэнцыйна вельмі папулярнай кандыдатурай у прэзыдэнты Расеі
  • Пуцін цяпер і ў самой Расеі ня надта можа аддаваць загады, а ўжо аддаваць іх беларусам – тым больш
  • Я ня вельмі ўяўляю сабе Лукашэнку на чале партызанаў, але рэальная праблема для Крамля ў гэтым ёсьць

Паўлоўскі: Беларусь, якой яна сфармавалася за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, немагчыма інтэграваць з РФ, якая, умоўна кажучы, сфармаваная за 20 гадоў Пуціным. Я не перабольшваю ролю асобы, бо асоба, як правіла, ня можа сфармаваць нацыю. Але Лукашэнка і Пуцін выступаюць як сымбалі пэўнага мэйнстрыму, які яны фармавалі і паглыблялі.

Мне здаецца, што розьніца паміж нацыянальнымі формуламі гэтых дзьвюх краінаў выключае на цяперашнім этапе, у гэтым пакаленьні, рэальную інтэграцыю. Зразумела, магчымыя разнастайныя інтэграцыйныя праекты і многія зь іх больш ці менш удала працуюць.

Лукашэнка, ягоная асоба, ягоная палітыка, мела калясальнае значэньне для разьвіцьця Расеі. Яго ўплыў быў амбівалентны: як станоўчы, гэтак і адмоўны. Ён пэўны час быў пунктам адштурхоўваньня, сымбалем таго, што істэблішмэнт Расеі не хацеў бачыць у самой Расеі. Утрыраваны пэрсаналісцкі аўтарытарызм Лукашэнкі ў 90-я адштурхоўваў расейскі істэблішмэнт.

Зь іншага боку, Лукашэнка быў пэўнай электаральнай пагрозай, якую ўвесь час мелі на ўвазе. Прынамсі, у 90-я і на пачатку нулявых, да таго, як фэномэн Пуціна выціснуў канкурэнтаў на гэтым полі, Лукашэнка лічыўся патэнцыйна вельмі папулярнай кандыдатурай у прэзыдэнты Расеі.

Гэта прывяло да некалькіх невялікіх крызісаў у Маскве. Каб не дапусьціць магчымасьці для Лукашэнкі балятавацца ў расейскія прэзыдэнты мянялі саюзныя дакумэнты.

Больш глыбока, стратэгічна, Лукашэнка паўплываў яшчэ ў 90-я гады на імкненьне Крамля да выхаду на глябальную сцэну. Дактрына «блізкага замежжа» была сфармаваная яшчэ напачатку 90-х у атачэньні міністра замежных справаў Андрэя Козырава. Яна найперш мела на ўвазе менавіта Беларусь.

Гледзячы на той час з 2019 году, мне здаецца, што тая дактрына зьбіла нас са шляху, яна стала заменай нацыянальнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі.

Пуцін цяпер і ў самой Расеі ня надта можа аддаваць загады, а ўжо аддаваць іх беларусам — тым больш. І тым больш пасьля ўкраінскіх падзеяў.

У чым мы розныя краіны — у тым, што Расея за апошнія дзесяцігодзьдзі, і асабліва пасьля вяртаньня Пуціна ў Крэмль у 2012 годзе, сфармавалася як глабальна арыентаваная краіна. Нас зьбіў з толку прывід магчымасьці стварыць адзіную дзяржаву з Беларусьсю. У 90-я Менск цалкам сур’ёзна гуляў у гэтую гульню. Чаму? Таму што Лукашэнка, безумоўна, стаў бы прэзыдэнтам гэтай абʼяднанай дзяржавы пры тады яшчэ свабодных выбарах.

А гэтага не хацелі. Але потым узьнікла альтэрнатыва. І цяпер нашая альтэрнатыва электаральна напэўна мацнейшая за Лукашэнку.

Гэта самы просты ўзровень несумяшчальнасьці. І мы бачым, як працуе гэты ўзровень несумяшчальнасьці асобаў.

Я памятаю, меў размову з Аляксандрам Рыгоравічам гадоў 10 таму і ён тады казаў, што беларусы — народ-партызан. Ён шмат разоў і пазьней гэта паўтараў. І што так проста Беларусь сваю незалежнасьць не аддасьць. Я ня вельмі ўяўляю сабе яго на чале партызанаў, але рэальная праблема для Крамля ў гэтым ёсьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG