Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туск: распад СССР быў не катастрофай, а блаславеньнем — у тым ліку і для расейцаў


Дональд Туск нагадаў словы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна 15-гадовай даўніны пра распад Савецкага Саюзу як " найбольшую геапалітычную катастрофу" ХХ стагодзьдзя

Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск назваў распад Савецкага Саюзу, «блаславеньнем» для народаў, якія ўваходзілі ў яго склад. Такое меркаваньне ён выказаў у сваёй прамове на Міжнароднай канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя Ўсходняга партнэрства ў грузінскім Батумі.

Кажучы пра гэтую дату, Туск згадаў таксама, што ў 2019 годзе спаўняецца 30 гадоў з моманту вызваленьня Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы з-пад савецкага дамінаваньня ў 1989 годзе. Гэты працэс, паводле яго, выявіўся ў тым ліку ў дэманстрацыях у Тбілісі ў красавіку 1989 году, першых часткова свабодных выбарах у Польшчы ў чэрвені таго самага году, а сваёй кульмінацыі дасягнуў з падзеньнем Бэрлінскай сьцяны ў лістападзе.

«Вось што прыйшло мне ў галаву. Вы памятаеце, як прэзыдэнт Расеі (Уладзімір Пуцін — РС) сказаў у 2005 годзе: „Мы павінны прызнаць, што распад Савецкага Саюзу быў самай вялікай геапалітычнай катастрофай стагодзьдзя“. Сёньня ў Грузіі я хачу сказаць гучна і выразна: распад Савецкага Саюзу быў блаславеньнем для грузінаў, палякаў, украінцаў, гэтак сама як і для ўсёй Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. І я перакананы, што і для расейцаў таксама», — сказаў Туск.

Ён таксама назваў гэтую гадавіну «вельмі сымбалічным момантам» для абмеркаваньня дасягненьняў Усходняга партнэрства. Гэтае аб’яднаньне, на думку Туска, дапамагло ўмацаваць і паглыбіць адносіны паміж усходнімі суседзямі Эўразьвязу.

У 2005 годзе Ўладзімір Пуцін у сваім звароце да Фэдэральнага сходу назваў распад СССР, які адбыўся ў 1991 годзе, «найбольшай геапалітычнай катастрофай стагодзьдзя».

Ініцыятыва стварэньня праграмы Ўсходняга партнэрства належыць Польшчы. Гэты фармат прадугледжвае ўдзел шасьці краін Усходняй Эўропы: Украіны, Грузіі, Малдовы, Азэрбайджану, Армэніі і Беларусі. Першая сустрэча міністраў замежных справаў у рамках Усходняга партнэрства адбылася ў сьнежні 2009 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG