Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Такога татальнага шантажу з боку Расеі раней не было, — Шрайбман


Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ правялі кароткую гутарку.
Кіраўнікі Расеі і Беларусі Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ правялі кароткую гутарку.

Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітычны аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман. Ён тлумачыць, чаму інтэграцыя з Расеяй, якая не атрымлівалася 20 гадоў, не атрымаецца і зараз; заяўляе, што адказам на павелічэньне ціску Масквы можа стаць толькі раздражненьне і рашучасьць Лукашэнкі; і сьцьвярджае, што стратэгічны трэнд адназначны — Беларусь будзе далей дыстанцыявацца ад Расеі.

Сьцісла

  • У Лукашэнкі няма «другіх дзьвярэй», у якія ён можа пайсьці, адмовіўшыся ад інтэграцыі з Расеяй.
  • Тым глыбей пойдзе канфлікт, тым больш непадатлівы будзе Лукашэнка.
  • Мы недаацэньваем волю Лукашэнкі да ўлады. Яна мацнейшая за імкненьне да нейкіх кароткачасовых эканамічных бонусаў.
  • Стратэгічны трэнд адназначны — Беларусь будзе далей дыстанцыявацца ад Расеі.

Расея знайшла зручную форму, як прымушаць Беларусь да адмовы ад залішніх патрабаваньняў

— Апошнія тыдні працягваюцца актыўныя перамовы паміж прадстаўнікамі Расеі і Беларусі наконт розных варыянтаў інтэграцыі. І праходзяць яны пад акампанэмэнт такіх заяваў, як расейскага віцэ-прэм’ера Козака, які сказаў, што спачатку трэба разгледзець пытаньні інтэграцыі, і толькі потым — цану на газ. Ці гэта толькі спроба палепшыць пазыцыю на перамовах, ці гэта ўжо прынцыповае стаўленьне расейскага боку — «спачатку інтэграцыя, пасьля — грошы»?

— І тое, і тое. Новы падыход Масквы — узмацненьне перамоўнай пазыцыі за кошт такога комплекснага перамоўнага шантажу. Са сьнежня мінулага году Расея кладзе на стол перамоваў чарговую прэфэрэнцыю, якую яна аказвала і аказвае цяпер Беларусі, — і абумоўлівае гэта інтэграцыяй. Спачатку гэта было з нафтай, потым з крэдытамі, цяпер з газам.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Пэсымісты, уключаючы мяне, казалі яшчэ тады, што Расея знайшла зручную форму прымушэньня Беларусі да адмовы ад залішніх патрабаваньняў. Гэта калі Беларусі закідаюцца апрыёры невыканальныя ўмовы, а потым Расея разводзіць рукамі — «Ну, ня хочаце, дык як хочаце». Такая тактыка ня новая. Новае — гэта канцэнтрацыя такіх патрабаваньняў і сур’ёзнасьць наступстваў для Беларусі. Такога татальнага шантажу з боку Расеі раней не было.

— Але, як выглядае, Крэмль не баіцца, што Беларусь можа «пакрыўдзіцца» і разьвярнуцца ў іншы бок, «пайду я ад вас». У Маскве, відаць, разумеюць, што Лукашэнку няма куды ісьці.

— Я думаю, у Маскве няма глыбокага разуменьня Беларусі. Унутры і вакол Крамля шмат алярмістаў, якія лічаць, што Беларусь можа разьвярнуцца і пайсьці шляхам Украіны. Але і шмат рацыянальных людзей, якія разумеюць, што за Аляксандрам Лукашэнкам гэта немагчыма. Бо пры ўсёй павялічанай «рукапаціскальнасьці» Лукашэнкі за апошнія гады яго ўсё ж немагчыма інтэграваць ні ў якія эўрапейскія структуры.

Таму ў Лукашэнкі няма «другіх дзьвярэй», у якія ён можа пайсьці, адмовіўшыся ад інтэграцыі з Расеяй. Масква разумее, што такім чынам яна можа зьняць з балянсу нейкія выдаткі, якія раней ішлі на Беларусь, і пры гэтым усьведамляе, што яна не рызыкуе страціць Беларусь па ўкраінскім сцэнары.

Колькі Беларусь ні заяўляе пра неабходнасьць дывэрсыфікаваць замежны гандаль, каб былі роўныя долі экспарту паміж Расеяй, Эўразьвязам і іншымі — ніякай дынамікі зьменаў няма. Як толькі падае цана на нафту, альбо мяняюцца ўмовы гандлю, альбо цячэ «брудная» нафта — наш экспарт у Эўропу абвальваецца. Таму Менск цягне, чапляецца за нейкія формы падтрымкі Расеі, якія яшчэ захаваліся. Але па-сур’ёзнаму ня робіць ніякіх крокаў дзеля дывэрсыфікацыі. І, я думаю, і ня будзе рабіць, пакуль новая палітыка Расеі не пачне істотна біць па кашальку.

Інтэграцыя Беларусі і Расеі невыпадкова не ўдавалася 20 гадоў

— Расейска-беларускія рабочыя камісіі працуюць ужо некалькі месяцаў, скандальны пасол Бабіч адпраўлены ў Маскву — і, здавалася б, бакі павінны прадставіць грамадзкасьці нейкія «вынікі», «прагрэс». Але прэм’ер-міністры, нягледзячы на абвешчаны «дэдлайн», перанесьлі рашэньне на лістапад.

— Сапраўды, заканчэньне гэтых перамоваў адкладалася некалькі разоў. Сёньня Лукашэнка заявіў, што прагрэсу ніякага няма, няма чаго абмяркоўваць з Пуціным — даволі рэзкая заява. Я думаю, гэта ў прынцыпе прадказальна. Інтэграцыя Беларусі і Расеі невыпадкова не ўдавалася 20 гадоў. Гэта несупастаўнасьць дзьвюх сыстэмаў і прынцыпаў раўнапраўнай інтэграцыі. Яшчэ расейскія ўрадавыя лібэралы ў канцы 90-х зразумелі, што гэта можа працаваць па схеме інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі. Але ніводная беларуская эліта — калі гэта ня нейкія сапраўдныя агенты Крамля — не пагодзіцца на здачу паўнамоцтваў.

Гэтую супярэчнасьць можна доўга не заўважаць, але як толькі бакі падыходзяць да ўзгадненьня канкрэтных дакумэнтаў — то гэта ўпіраецца ў пытаньне, хто будзе галоўны ў розных інтэграцыйных органах. І як толькі падыходзяць да гэтага пытаньня, то яны ня могуць яго прайсьці, гэтак адбывалася шмат разоў. Праекты па выхаду на адзіную валюту яны падрыхтоўвалі разы чатыры за апошнія 15 гадоў.

Як вы слушна заўважылі, зараз прэзыдэнты, магчыма, выдадуць нейкі дакумэнт, каб не губляць твар. Магчыма, яны перанясуць канкрэтыку на восень. Але незалежна ад таго, што яны падпішуць, гэты дакумэнт будзе рыхлы. Альбо ўсё застопарыцца на этапе рэалізацыі, як і шмат гадоў таму — бо нікуды не падзеліся тыя чыньнікі і інтарэсы, якія заміналі гэтым дамовам ажыцьцявіцца.

Агульны трэнд нязьменны — мы будзем дыстанцыявацца ад Расеі

— Вы пісалі некалькі тэкстаў, дзе даводзілі, што інтэграцыя ня можа адбыцца, бо ня можа быць раўнапраўнай схемы, як вы і цяпер кажаце. Але беларускае грамадзтва ня менш занепакоенае тым варыянтам, пры якім Беларусь, фармальна захоўваючы сувэрэнітэт, можа быць прымушаная да поўнай геапалітычнай пакорлівасьці Маскве.

— Гэта якраз тое, што Расея паспрабуе рэалізаваць. Але гэты варыянт ня ўлічвае суб’ектнасьць Менску. Пры такім сцэнары адбудзецца ахалоджваньне адносінаў. Гэта не добразычлівая згода на шантаж. Калі цябе шантажуюць — Менск і Лукашэнка будуць злаваць, будуць эмоцыі, варожыя да Расеі. Такая атмасфэра, разам з дакладным нежаданьнем Лукашэнкі дзяліцца ўладай, ня будзе штурхаць Менск да саступак. Яна будзе штурхаць да эмацыйных дзеяньняў у адказ. Тым глыбей пойдзе канфлікт, тым больш непадатлівы будзе Лукашэнка.

І тут мы падыходзім да сытуацыі выбару для беларускай кіроўнай эліты. Ці аддаць па кавалках сувэрэнітэт у Расею, ці даць рады такой сытуацыі, калі народ паступова бяднее. Мне падаецца, што паколькі расейскі эканамічны ціск адбываецца ня рэзка, а паступова, падатковы манэўр размазаны на некалькі гадоў — беларускае грамадзтва, вэртыкаль будуць пасьпяваць адаптавацца да пагаршэньня ўзроўню жыцьця. Ня ўзьнікне сытуацыі, калі раптам «усё прапала».

Пуцін і Лукашэнка ў Сочы, люты 2019
Пуцін і Лукашэнка ў Сочы, люты 2019

Калі Расея паспрабуе падагрэць жарсьці ўнутры краіны, падштурхнуць народ да пратэстаў — то гэта яшчэ больш будзе раздражняць кіроўны рэжым. Такая сытуацыя не спрыяе саступкам, не спрыяе таму, што Лукашэнка скажа — «Ну ладна. Вы мяне заціснулі, я здаюся». Гэта пярэчыць усёй ягонай натуры.

Таму я лічу, што мы назіраем плаўнае дыстанцыяваньне адзін ад аднаго. Аднак гэта не вядзе да таго, каб чалавек аддаў сваю ўладу, каб яшчэ пару гадоў пасядзець з адносна стабільным эканамічным станам у краіне. Мы недаацэньваем волю Лукашэнкі да ўлады. Яна мацнейшая за імкненьне да нейкіх кароткачасовых эканамічных бонусаў.

— Магчыма, за год да прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка ня робіць рэзкіх канфліктных крокаў у адносінах з Расеяй, каб забясьпечыць камфортнае і спакойнае правядзеньне выбарчай кампаніі. Але потым, пасьля перамогі на выбарах, можна і разгарнуць больш сур’ёзнае процістаяньне з Масквой.

— Гэта так, але я думаю, што і пасьля выбараў ён ня будзе на пустым месцы ўлазіць у нейкія канфлікты і распачынаць баі. Я думаю, стратэгія Менску — спрабаваць па максымуме выціснуць з расейскай рэнты ўсё, што там яшчэ застаецца. Паліць усе масты Лукашэнка не зьбіраецца.

Я не магу паручыцца, што пасьля выбараў мы ўваходзім у трэнд рэзкай дэградацыі адносінаў з Расеяй. Але агульны трэнд нязьменны — мы будзем дыстанцыявацца ад Расеі. Пасьля выбараў мы, магчыма, пабачым крокі па скарачэньні бюджэтных выдаткаў у Беларусі.

Далей шмат залежыць ад таго, наколькі рэзка і радыкальна будзе паводзіць сабе Расея. Пакуль я ня бачу патрэбы для Масквы штосьці абвастраць проста зараз, бо ў запасе ў яе вечнасьць. Да таго ж Лукашэнка вельмі нэгатыўна рэагуе на іголкі і ўколы падчас выбарчай кампаніі, і калі гэта будзе мець месца — то дэградацыя двухбаковых адносінаў можа пайсьці хутчэй.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG