Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея нагадала пра «паглыбленьне інтэграцыі» ў віншаваньні Лукашэнку з Днём незалежнасьці


Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота
Дзьмітры Мядзьведзеў і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота

Шэраг замежных лідэраў накіраваў віншаваньні Аляксандру Лукашэнку і беларускаму народу з Днём незалежнасьці, які адзначаецца 3 ліпеня.

Віншаваньні выслалі кіраўнікі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Азэрбайджану, Армэніі, Аўстрыі, Баўгарыі, Бэльгіі, Віетнаму, Вугоршчыны, Вэнэсуэлы, Вялікай Брытаніі, ЗША, Казахстану, Кітаю, Кубы, Латвіі, Нямеччыны, Палестыны, Паўднёвай Карэі, Расеі, Сэрбіі, Сынгапуру, Таджыкістану, Тайлянду, Туркмэністану, Турэччыны, Узбэкістану, а таксама кіраўнік Ватыкану і каталіцкай царквы Папа Францішак.

У сьпісе на момант публікацыі няма некаторых суседзяў: Літвы, Польшчы і Ўкраіны. Але праз Twitter Беларусь павіншавалі міністэрства замежных справаў Польшчы і Ізраілю.

З расейскага боку Беларусь павіншавалі і Ўладзімір Пуцін, і прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў. Пуцін абмежаваўся кароткім віншаваньнем, згадаў «вузы братняй дружбы і ўзаемадапамогі, завешчаныя бацькамі і дзядамі», а таксама пажадаў далейшага разьвіцьця «канструктыўнай двухбаковай супрацы» і «ўзаемавыгадных інтэграцыйных працэсаў у межах «саюзнай дзяржавы« і на эўразійскай прасторы».

Мядзьведзеў у віншаваньні, накіраваным беларускаму прэм’еру Сяргею Румасу, больш канкрэтызаваў «саюзьніцкі» аспэкт віншаваньня:

«Перакананы, што прасоўваньне супрацы ў межах „саюзнай дзяржавы“ і Эўразійскага эканамічнага саюзу цалкам адпавядае інтарэсам нашых краінаў, — гаворыцца ў пасланьні Мядзьведзева. — Гатовы да працягу канструктыўнай працы па вырашэньні задачаў далейшага інтэграцыйнага збліжэньня, якія стаяць перад урадамі Расеі і Беларусі».

***

У канцы мінулага году Мядзьведзеў прапаноўваў рэалізаваць пункты «саюзнай дамовы» 1999 году — прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў кантэксьце цэнаў на газ і кампэнсацыі падатковага манэўру пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны – гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён. На ліпень заплянаванае чарговае абмеркаваньне «паглыбленьня інтэграцыі» між Пуціным і Лукашэнкам. З інтэграцыйнымі пытаньнямі Расея цяпер зьвязвае прадстаўленьне Беларусі крэдытаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG