Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З чым едзе ў Менск новы расейскі пасол


Дзьмітры Мезенцаў і Аляксандар Лукашэнка падчас самітаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і BRICS, Расея, Уфа, ліпень 2015

Якія вынікі інтэграцыйнага крызісу ў беларуска-расейскіх адносінах? Да чаго Масква можа прымусіць Менск? Ці павялічваецца залежнасьць Беларусі ад Расеі?

Абмяркоўваюць выкладчык расейскай Вышэйшай школы эканомікі Дзьмітры Балкунец, кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў і палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман.

Сьцісла

  • Бабіч стаў раздражняльнікам, стаў спараджаць больш шуму, чым трэба
  • Адкліканьне пасла – палітычны шантаж, паглядзіце, што змог зрабіць адзін пасол
  • Бабіч быў адкліканы таму ж, чаму ў 2008 годзе Лукашэнка выгнаў пасла ЗША
  • Расея прапаноўвае прыняцьцё канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы
  • Пазыцыі бакоў на перамовах аб паглыбленьні інтэграцыі несумяшчальныя і таму яны абодва імкнуцца забалбатаць пытаньне
  • На працягу году Лукашэнка будзе весьці гандаль з Масквой за свой шосты прэзыдэнцкі тэрмін
  • Лукашэнка працягне свае паўнамоцтвы ў 2020 годзе і без падтрымкі Расеі
  • Зараз Лукашэнка больш уразьлівы на ўплывы і ціск, чым гэта было ў 2010 годзе

Чаму Масква адклікала Бабіча?

Дракахруст: 2 чэрвеня ў Беларусь прыяжджае новы пасол Расеі Дзьмітры Мезенцаў. Гэтая падзея – добрая нагода для падвядзеньня папярэдніх вынікаў вострага крызісу ў двухбаковых адносінах. Прынамсі ў публічнай сфэры гэты крызіс можна адлічваць ад леташняга сьнежаньскага выступу прэм'ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ён тады прапанаваў Беларусі выбар: альбо больш глыбокая інтэграцыя, рэалізацыя пунктаў саюзнай дамовы 20-гадовай даўніны, альбо істотнае скарачэньне расейскай эканамічнай дапамогі. Гэтая прапанова была фокусам, вакол якога разьвіваліся двухбаковыя адносіны ў канцы мінулага году і ў першым паўгодзьдзі гэтага. Я прапаную падвесьці папярэднія вынікі гэтага разьвіцьця, прыгадаўшы яго вузлавыя кропкі.
Можа, і ня самая важная, але самая гучная падзея ў двухбаковых адносінах у першай палове 2019 году – адкліканьне пасла Міхаіла Бабіча. Вы чакалі, што ён будзе адкліканы? Пра што сьведчыць яго адкліканьне?

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Я пасьля другога гнеўнага адказу беларускага МЗС Бабічу напісаў у сябе ў Тэлеграм-канале, што, гледзячы, па ўсім, Бабіч не дапрацуе да канца году. МЗС камунікаваў зь ім так, нібыта ўсе масты зьнішчаюцца і больш з гэтым чалавекам размаўляць не давядзецца. Абвінаваціць пасла ў разбурэньні двухбаковых адносінаў – такі крок, пасьля якога вярнуцца да нармальных адносінаў складана. Але я не чакаў, што гэта адбудзецца так хутка пасьля дэмаршу МЗС. Я меркаваў, што пацягнуць час, каб адкліканьне пасла не выглядала для Расеі саступкай і стратай твару, як сказаў бы Аляксандар Лукашэнка, «прагінаньнем» перад Менскам. Відавочна, што Масква пайшла насустрач просьбам – галосным ці негалосным – зь беларускай сталіцы.

Дракахруст: А чаму пайшла – яна ж мацней, у яе ж на руках усе козыры? А што можа Менск? Ну выпусьціць прэсавага сакратара МЗС Анатоля Глаза, які скажа, што Менску Бабіч не падабаецца. А нам падабаецца – маглі адказаць на Смаленскай плошчы і ў Крамлі.

Шрайбман: Я лічу, што пляны Расеі адносна Беларусі не зьмянілся. Але пасол не павінны быць фігурай, якая спараджае раздражненьне ў двухбаковых адносінах, ня мусіць быць крыніцай канфлікту. Для Расеі важна захоўваць дастаткова гладкі, спакойны фон яе плянаў адносна Беларусі. Бабіч стаў раздражняльнікам, стаў спараджаць больш шуму, чым трэба, часткова з прычыны яго асабістых якасьцяў і стылю працы. У Маскве вырашылі, што шкода ад яго пераважае карысьць.

Дракахруст: Павал, тое, што Масква адклікала Бабіча – ці сьведчыць гэта пра тое, што ў Беларусі ёсьць пэўныя козыры, у Лукашэнкі ёсьць воля і пэўная свабода манэўру? Бо такога Бабіча, якім ён быў – яго ж адмыслова прызначылі. Казаць, што пасол вядзе нейкую ўласную палітыку – гэта недарэчна. Паслы збольшага робяць і кажуць тое, што ім загадваюць зь іх сталіцаў МЗС і кіраўніцтва іх дзяржавы.

Вусаў: Пагаджуся, што пасол не павінен выконваць палітычных функцыяў, як гэта рабіў Бабіч. Ад самага пачатку было вядома, што ён – не пасол, пра гэта пісалі беларускія аналітыкі, гаварылі, што прызначэньне Бабіча прывядзе да паглыбленьня канфліктнасьці. І ён сапраўды прызначаўся для таго, каб стаць дадатковым раздражняльнікам. Я пісаў, што Бабіч будзе «гібрыдным паслом» і яго дзейнасьць будзе працягам інфармацыйнага, палітычнага і псыхалягічнага ціску на Менск, на Лукашэнку. І так Бабіч і дзейнічаў.

Яго адкліканьне было зьвязана з тым, што ён выканаў свае функцыі, ён падняў узровень канфліктнасьці. Такіх кепскіх адносінаў у дыпляматычнай сфэры не было за ўсю гісторыю двухбаковых адносінаў. За адкліканьнем пасла Бабіча стаіць пэўная палітычная гульня Масква. Масква ня робіць нічога проста так. Адкліканьне пасла магло б паказаць слабасьць Крамля, але ніякай слабасьці насамрэч няма. Усе козыры ў Крамля. Гэта быў шантаж: мы адклікаем пасла, які стварыў палітычную напружанасьць у Беларусі, а Беларусь выконвае тое, што Масква патрабуе ад яе, тое, чаго патрабаваў летась у сьнежні Мядзьведзеў – рух у накірунку паглыбленьня інтэграцыі.

Менск таксама атрымаў сыгнал: паглядзіце, што змог зрабіць адзін пасол. Тут варта прыгадаць і скандал з намесьнікам сакратара Рады бясьпекі Ўцюрыным. Вось гэта ў тым ліку здолеў зрабіць адзін пасол. Дык падумайце, што можа зрабіць уся расейская дзяржава.

Дракахруст: Дзьмітры, а вашая трактоўка – чаму адклікалі пасла Бабіча? Некаторыя беларускія экспэрты казалі, што ён паводзіў сабе ледзь не як генэрал-губэрнатар. Але генэрал-губэрнатары маюць звычку аддаваць загады, а не даваць інтэрвію, спрачаючыся з мясцовымі дзеячамі. Спадар Бабіч даваў камэнтары, тлумачыў пазыцыю сваёй краіны, спрачаўся і ня больш за тое. Арцём і Павал ужылі слова «слабасьць». Дык мяркую, што многія палічылі адкліканьне пасла менавіта гэтым.

Балкунец: Напярэдадні атрыманьня Бабічам агрэману ў беларускіх СМІ была цэлая кампанія па яго дыскрэдытацыі. Яго тады і сапраўды назвалі «генэрал-губэрнатарам». Яму малявалі вобраз асобы, якая прыехала захопліваць Беларусь. Да адкліканьня ўсё ішло, 19 красавіка Лукашэнка ў парлямэнце сказаў: «Прыехаў у краіну – працуй як трэба. Ня хочаш працаваць – першы раз папярэдзілі, другі раз выкінулі з краіны».
Увечары ў той жа дзень зьявілася другая заява МЗС. Але трэба разумець, што Бабіч быў прызначаны прэзыдэнтам РФ і ён ня мог дзейнічаць самастойна. Відавочна, што гэта быў удар па рэпутацыі расейскага прэзыдэнта. Падчас візыту ў Пэкін Аляксандар Лукашэнка ўчыніў дэмарш і за суткі да завяршэньня саміту пакінуў яго, пакінуўшы замест сябе за сталом зь кіраўнікамі іншых дзяржаваў заўгаса сваёй адміністрацыі.

Матывы прэтэнзіяў да пасла былі відавочныя. Гэта яго актыўнасьць у СМІ, Лукашэнку нязвыкла, калі нехта вядзе зь ім палеміку. У яго няма апанэнтаў унутры краіны, якія могуць сабе гэта дазволіць. Яшчэ адзін накірунак, які правёў Бабіч – гэта закрыцьцё беларускага нафтавага афшору, гэта вельмі моцна ўдарыла па даходах беларускай улады. Яшчэ адзін важны момант – тое, што Бабіч быў першым расейскім дыпляматам, які спрабаваў весьці дыялёг з беларускай грамадзянскай супольнасьцю, ён сустракаўся зь дзьвюма экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты. Гэта выклікала вельмі нэрвовую рэакцыю беларускай улады.

Паводзіны Бабіча нагадвалі паводзіны пасла ЗША Карэн Сцʼюарт у 2008 годзе. Яе тады таксама абвінавачвалі ў стасунках з апазыцыяй, з «пятай калёнай». Была падобная сытуацыя са швэдзкім паслом. Бабіч капіяваў некаторых заходніх паслоў. Адкліканьне Бабіча – гэта зьмена рыторыкі, а не капітуляцыя Масквы перад Лукашэнкам.

Дракахруст: Вы прывялі прыклад з паслом США. Але Беларусь з Амэрыкай ні ў якія саюзы не ўваходзіла, таваразварот з Амэрыкай мізэрны ў параўнаньні з таваразваротам з РФ, Расея мае значна больш інструмэнтаў уплыву на Беларусь, чым ЗША – інфармацыйных, эканамічных, палітычных. А чаму расейскага пасла можна гэтак жа выставіць, як амэрыканскага 11 гадоў таму?

Балкунец: Пазыцыя РФ палягае ў тым, каб не сварыцца і не пераходзіць пэўныя межы. Беларусь захацела новага пасла – вось ёй новы пасол. Але і ён усё роўна будзе выконваць даручэньні Крамля. Дзеяньні спадара Мезенцава можа будуць больш мяккімі, але палітыка Масквы ў накірунку паглыбленьня інтэграцыі будзе працягнутая. Бабіч гэтым займаўся. Магчыма, у яго не хапала дыпляматычнасьці, здольнасьці дагаджаць прэзыдэнту Беларусі. Масква не зацікаўленая ў скандалах. Зьвярніце ўвагу, што ў расейскіх дзяржаўных СМІ не было ніякай рэзкай рэакцыі на адкліканьне Бабіча.

Што хаваецца за 30% беларускай нязгоды з прапановамі Масквы?

Дракахруст: Нядаўна беларускі бок атрымаў расейскія прапановы па далейшай інтэграцыі. Прэмʼер Сяргей Румас заявіў, што Беларусь на 70% іх падтрымлівае. Пра што канкрэтна ідзе гутарка? На што, на ваш погляд, Беларусь пагодзіцца? На што будзе вымушаная пагадзіцца?

Дзьмітры Балкунец
Дзьмітры Балкунец

Балкунец: Разглядаецца выкананьне саюзнай дамовы 1999 году, які прадугледжвае прыняцьцё канстытуцыйнага акту саюзу. Без канстытуцыйнага акту гэтая дамова ня мае ніякага сэнсу і ён не працуе. Гледзячы па ўсім, праз 20 гадоў у Маскве прыйшлі да высновы, можа і ў Менску таксама, што трэба альбо выконваць дамову ці яе радыкальна пераглядаць. Калі дапусьціць, што Пуцін у 2024 годзе сыйдзе ад улады, то ён наўрад ці будзе пакідаць свайму пераемніку дамову аб саюзнай дамове з Беларусьсю ў цяперашнім выглядзе. Ёсьць жаданьне расейскіх уладаў перазапусьціць інтэграцыю. За 20 гадоў зьмянілася сытуацыя ва Ўсходняй Эўропе і ў сьвеце.

Дракахруст: А тое, што Масква прапануе прыняцьцё канстытуцыйнага акту – гэта вашая гіпотэза, вынік развагаў і аналізу, ці вы проста гэта ведаеце?

Балкунец: Я ведаю, што размовы пра гэта вядуцца. Дамова прадугледжвае прыняцьцё канстытуцыйнага акту, многія палажэньні дамовы немагчыма рэалізаваць безь яго. Спрэчка паміж бакамі – у тым абʼёме паўнамоцтваў, сувэрэнітэту, які яны гатовыя дэлегаваць саюзнаму цэнтру.

Трэба разумець, што саюз паміж Беларусью і Расеяй на парытэтных пачатках наўрад ці магчымы, з улікам маштабаў дзяржаў. Зь іншага боку, Менск ня хоча перадаваць паўнамоцтвы ў Маскву. Мяркую, што тыя 30% нязгоды, пра якія казаў Румас, тычыцца як раз пытаньня, у якой ступені Менск гатовы аддаць частку свайго сувэрэнітэту дзеля палітычнай і эканамічнай інтэграцыі.

Дракахруст: Заява Румаса пра 70% згоды нагадвае мне жарт камуністычнага дзеяча Карла Радэка. Ён у 20-я гады неяк сказаў, што ў яго са Сталіным у цэлым поўная згода, а супярэчнасьці толькі па аграрным пытаньні: Сталін хоча, каб Радэк ляжаў у зямлі, а Радэк – каб Сталін. Нязгода Менску з маскоўскім праектам усяго на 30% – гэта такія ж супярэчнасьці «толькі па аграрным пытаньні»?

Шрайбман: Юры, вы скралі ў мяне фразу, якую я хацеў ужыць у нашай гутарцы. Я цалкам згодны з пасылам, які ўтрымліваецца ў вашым пытаньні. Інтэграцыя Беларусі і Расеі, як яна бачыцца з Масквы, непрымальная для Менску. І наадварот. Менск шмат разоў казаў, што не адступіцца ад прынцыпу роўнасьці, парытэту, які таксама запісаны ў саюзнай дамове. І гэты прынцып робіць для Масквы немагчымай любую сурʼёзную інтэграцыю з перадачай істотных паўнамоцтваў на наддзяржаўны ўзровень.

Менск ня можа адмовіцца ад сувэрэнітэту, бо ва ўмовах дзьвюх аўтарытарных дзяржаваў гэта будзе азначаць страту ўлады цяперашняй палітычнай элітай Беларусі. А пытаньне ўлада для яе першаснае і значна больш прыярытэтнае, чым дабрабыт беларусаў. Тым больш, што страты ад падатковага манэўру можна размазаць тонкім слоям на некалькі гадоў. Можна стварыць яшчэ 8 рабочых групаў па збліжэньні падыходаў і выпрацоўцы канцэпцыі паглыбленьня інтэграцыі, але факт застаецца фактам – пазыцыі бакоў несумяшчальныя. І зараз бакі імкнуцца забалбатаць пытаньне. І мяркую, што ніякага выніку ня будзе да 21 чэрвеня – дэдлайну, які яны сабе паставілі.

Дракахруст: Забалбатаць пытаньне імкнуцца абодва бакі ці адзін бок – беларускі?

Шрайбман: Абодва бакі. Я не лічу, што мэта Расеі – любой цаной паглынуць Беларусь. Яе мэта – захаваць Беларусь у сваёй арбіце ўплыву і плаціць за гэта менш грошай. А калі захоўваць цяперашні ўзровень падтрымкі, то за большую ступень ангажаваньня ў арбіту. Гэткі «відэлец», які Мядзьведзеў і прапанаваў у сьнежні летась. Калі Менск не гатовы на паглыбленьне інтэграцыі, то і Расея ў прынцыпе будзе ня супраць спусьціць гэтае пытаньне на тармазах, атрымаўшы поўнае маральнае права сказаць – прабачце, хлопцы, вы самі не захацелі, цяпер не прасіце нічога звыш таго, што мы ўжо падпісалі. Думаю, што да 21 чэрвеня бакі падрыхтуюць «дарожную мапу» паглыбленьня інтэграцыі ў стылі саюзнай дамовы – прапрацаваць, прайсьці да адзінай палітыкі і г.д.

Вусаў: Расея хоча завершыць гэты працэс, адступаць яна ня будзе і забалбатываць гэты працэс ня будзе таксама. Ня той час, ня тыя ўмовы. Расеі патрэбныя новыя геапалітычныя перамогі, кампэнсацыя ўнутраных праблемаў шляхам зьнешнепалітычных посьпехаў. З улікам установак расейскай палітычнай эліты можна прыйсьці да высновы, што ціск будзе толькі нарастаць.

Пытаньне ў часовым гарызонце. Сёньня Расея яшчэ мае час, каб рэалізоўваць свае пляны, тут няма дэдлайну, што гэта трэба зрабіць у 2019 годзе ці ў 2020-м. У Масквы ёсьць 5 гадоў для рэалізацыі гэтага пляну. Верхняя мяжа – гэта выбары прэзыдэнта РФ у 2024 годзе, ніжняя мяжа – гэта выбары прэзыдэнта Беларусі ў 2020 годзе і зьмены ў Канстытуцыю Беларусі, пра якія Лукашэнка гаворыць. Я мяркую, што гэта будзе пакрокавы працэс. Магчымае спачатку ўвядзеньне расейскага рубля як адзінай валюты. Гэта ключавая прапанова Масквы і мы бачым, як Лукашэнка гэтаму супраціўляецца.

А прыняцьцё канстытуцыйнага акту будзе кульмінацыяй працэсу. Мэта – утварэньне пасады кіраўніка саюзнай дзяржавы. Але гэта тэхнічны момант, калі Расея здолее дасягнуць мэтаў эканамічнай інтэграцыі. І вакол гэтай эканамічнай інтэграцыі ідзе зацятая барацьба. Сёньня, на жаль, Беларусь – гэта абʼект, а не субʼект інтэграцыі. І калі Арцём кажа, што Лукашэнка спрабуе забалбатаць гэтую праблему – няма чаго забалбатваць, Беларусь альбо будзе далей збліжацца з Расеяй альбо будуць зробленыя крокі, каб дыстанцыянавацца ад Расеі.

«На працягу году Лукашэнка будзе весьці гандаль з Масквой за свой шосты прэзыдэнцкі тэрмін»

Дракахруст: Ваш прагноз – чаго варта чакаць у двухбаковых адносінах да канца году?

Павал Вусаў
Павал Вусаў

Вусаў: У 2019 годзе адзінай валюты ня будзе, гэта факт. Наўрад ці сёлета адбудзецца рэалізацыя праектаў эканамічнай інтэграцыі. У бюджэце Расеі на гэты год гэтыя праекты не закладзеныя. Сёлета мэта Расеі – зламіць псыхалягічнае супрацьстаяньне Лукашэнкі. Таму ўсе гэтыя кампэнсацыі за падатковы манэўр, дадатковыя крэдыты будуць завязаныя на згоду Лукашэнкі на прапановы Расеі.

Дракахруст: А за згоду дадуць і кампэнсацыю за падатковы манэўр і прымальныя ўмовы газавага кантракту?

Вусаў: Мы бачым, што ўсе перамовы наконт інтэграцыі адбываюцца непразрыста, непублічна. Я мяркую, што і ўмовы канчатковага пагадненьня будуць сакрэтнымі, гэткі пакт Молатава-Рыбэнтропа, у дадзеным выпадку пакт Лукашэнкі-Пуціна.

Дракахруст: Пакт Молатава-Рыбентропа заключалі дзяржавы сувымернай вагі.

Вусаў: Я меў на ўвазе падабенства ў сэнсе сакрэтнасьці.

Дракахруст: Дзьмітры, і ваш прагноз на другую палову 2019 году.

Балкунец: Што тычыцца новага кантракту па газе і падатковага манэўру, гэта зьвязана з паглыбленай інтэграцыяй. Бліжэйшы рубеж – гэта лета-восень 2019 году. Я мяркую, што контуры бліжэйшай будучыні будуць агучаныя ў ліпені, у Санкт-Пецярбургу, на форуме рэгіёнаў дзьвюх краінаў. Можна чакаць, што лідэры скарыстаюцца гэтай магчымасьцю, каб падаць грамадзтвам Беларусі і Расеі сваё бачаньне.

Мяркую, што бліжэйшы год Лукашэнка будзе весьці гандаль з Масквой за свой шосты прэзыдэнцкі тэрмін. Прапановы наконт паглыбленай інтэграцыі для яго на сёньняшні дзень непрымальныя. І будзе ўсё рабіцца, каб адцягнуць вырашэньне гэтага пытаньня, ён будзе казаць – дайце мне спакойна правесьці выбарчую кампанію, а потым 5 гадоў мы будзем займацца інтэграцыяй. Я мяркую, што такі варыянт для Масквы непрымальны. Сёньня ў Расеі ёсьць магчымасьці ўплываць на гэтыя працэсы і стымуляваць вырашэньне пытаньня інтэграцыі.

Дракахруст: А можна больш падрабязна наконт стымуляваньня? Вы думаеце, што Расея можа істотна паўплываць на выбарчую кампанію ў Беларусі? Вы ня ведаеце, як такія кампаніі праводзяцца ў Беларусі?

Балкунец: Наўпрост – не. Ускосна – можа, пры дапамозе эканамічных рычагоў цалкам можа ўплываць. Без фінансавай і палітычнай падтрымкі Крамля шосты прэзыдэнцкі тэрмін для Лукашэнкі вельмі туманны.

Дракахруст: А якая альтэрнатыва?

Балкунец: Альтэрнатыва – гэта другое пытаньне. А першае пытаньне для яго – гэта каб была падтрымка, каб не было як у 2010 годзе, калі сытуацыя была для яго вельмі нязручная. Тады, падчас выбараў у Беларусі, прэзыдэнт Мядзьведзеў выказваўся вельмі рэзка наконт сытуацыі ў Беларусі, у тым ліку і наконт зьніклых палітыкаў. Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб выбарчая кампанія ў 2020 годзе прайшла бясхмарна. Таму ён будзе спрабаваць адцягнуць пытаньне інтэграцыі, бо яна яму перашкаджае. Што да канстытуцыйнага акту, то гэта прадугледжвае правядзеньне рэфэрэндумаў у дзьвюх краінах. Але відавочна, што без станоўчых вынікаў ніхто ня будзе. І гэтае пытаньне непакоіць лідэраў Беларусі і Расеі.

Дракахруст: Лукашэнку, так выглядае, ён ня надта непакоіць. Ён заявіў, што 98% беларусаў супраць далучэньня іх краіны да Расеі. Так што ён рэфэрэндум ужо, так бы мовіць, правёў.

Балкунец: Рэфэрэндум можа і правёў, а вось выбары – не. І іх вынікі будуць залежыць ад таго, наколькі далёка ён будзе гатовы ісьці ў інтэграцыі. Для Масквы абсалютны непрымальны варыянт – Лукашэнка на чале Беларусі пасьля 2024 году. Мы бачым, што адбыўся транзыт улады ў Казахстане, Лукашэнка ўспрыняў гэта вельмі хваравіта. Я мяркую, што Пуцін сыйдзе з пасады прэзыдэнта ў 2024 годзе. І наўрад ці ён пакіне сваім спадкаемцам Лукашэнку і спадчыну саюзнай дзяржавы ў яе цяперашнім недаробленым выглядзе. Ён будзе імкнуцца паставіць кропку.

Дракахруст: Арцём, ваш прагноз на 2019 год: ці будзе згода Лукашэнкі на паглыбленую інтэграцыю, ці дадуць расейцы кампэнсацыю за манэўр, ці паабяцаюць падтрымаць на выбарах ці наадварот паспрабуюць перашкодзіць?

Шрайбман: Ня будзе кампэнсацыі за манэўр. Расея даволі жорстка абумовіла яе паглыбленьнем інтэграцыі. Мне складана ўявіць, што яна на працягу аднаго году зьменіць гэтую пазыцыю. У пэрспэктыве 5 гадоў гэта магчыма. Скажам, пры ўмове продажу расейскім кампаніям беларускіх НПЗ. Тады Расея без страты твару можа распаўсюдзіць на гэтыя НПЗ ільготы, якія да расейскім НПЗ. Але пытаньне, ці такімі сурʼёзнымі будуць праблемы з падатковым манэўрам, каб прымусіць Лукашэнку прадаць самыя смачныя пакуль яшчэ актывы ў Беларусі.

Сёлета будуць вельмі жорсткія перамовы па газу. Іх фінальная фаза прападзе на выбарчую парлямэнцкую кампанію. Мяркую, што Крэмль і калякрамлёўскія структуры паспрабуюць панэрваваць Лукашэнку. Ня тое каб падтрымкай альтэрнатыўных кандыдатаў – гэта сьмешна, бо ў Беларусі няма палітыкі. Але інфармацыйныя правакацыі магчымыя. Так было і раней, у 2010 годзе былі «Хросныя бацькі», гэта было ў 2015 годзе, з настойлівымі прапановамі наконт вайсковай авіябазы. Нешта падобнае будзе і сёлета і ў наступным годзе.

Канстытуцыйнага акту сёлета ня будзе дакладна. Я ўпэўнены, што яго ня будзе ў прынцыпе. Я мяркую, што мы на шляху вымушанага дыстанцыянаваньня бакоў адзін ад аднаго. Беларускае кіраўніцтва будзе проста прызвычайвацца жыць у новых фінансавых умовах. Тое, як праводзіцца падатковы манэўр, дае магчымасьць прызвычайвацца да яго павольна.

Я нязгодны з тэзай, што пераход Лукашэнкі на наступны прэзыдэнцкі тэрмін наўпрост залежыць ад Расеі. У яе сапраўды шмат рычагоў, каб ускладніць Лукашэнку жыцьцё, каб зрабіць палітычную сытуацыю ў Беларусі нярвовай, але аўтарытарны рэжым у Беларусі дастаткова моцны, каб нават пры адсутнасьці сурʼёзнай эканамічнай падтрымкі з Масквы забясьпечыць патрэбны вынік выбараў. Забясьпечыць пры дапамозе сілавога апарату, запалохваньнем, фактара безальтэрнатыўнасьці. А ў выпадку канфлікту з Расеяй – пры дапамозе эфэкту «кансалідацыі вакол сьцягу».

Калі Расея пойдзе на абвастрэньне сытуацыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, гэта можа нават дапамагчы Лукашэнку. Ва многіх беларусаў, якія ставяцца да яго крытычна, але выступаюць за незалежнасьць краіны, можа ўзьнікнуць думка, што на пераправе каней не мяняюць, і ня час змагацца з уладай, калі ёсьць больш сурʼёзная пагроза.
У выпадку канфлікту з Расеяй Лукашэнка будзе актыўна выкарыстоўваць гэты рычаг і абмяжоўваць магчымасьці Расеі інфармацыйна ўплываць на Беларусь.

Балкунец: Я згодны з Арцёмам толькі часткова. Лукашэнка можа правесьці выбары без падтрымкі Масквы, выкарыстоўваючы адміністрацыйныя рычагі, але ня факт, што гэта будзе для яго добры сцэнар. Мы памятаем сытуацыі, калі ў Беларусі былі абвалы курсу валюты і гэта ўскосна было зьвязана зь гісторыяй адносінаў з Масквой. Гэта было, прынамсі, у 2011 годзе, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Трэба таксама ўлічваць і сындром стомленасьці грамадзтва. Мы бачым, што ў суседніх краінах прэзыдэнты мяняюцца, а ў Беларусі шосты тэрмін альтэрнатывы няма. Я не выключаю, што гэта можа выплюхнуцца ў нейкія акцыі пратэсту. Былі маштабныя пратэсты «дармаедаў» у 2017 годзе. Думаю, што гэты момант Лукашэнка таксама ўлічвае.

Вусаў: Наконт меркаваньня Арцёма, што напярэдадні выбараў адбудзецца грамадзкая мабілізацыя, што частка апазыцыі аддасьць перавагу Лукашэнку перад пэрспэктывай растварэньня ў Расеі – справа ў тым, што Лукашэнку непатрэбная гэтая мабілізацыя. Мы бачым, што ў 2014-2019 годзе не было зроблена нічога, каб абмежаваць уплывы Расеі. Дакладна нічога. Казалася пра «мяккую беларусізацыю» – атрымалі Курапаты, казалася пра ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці – атрымалі загад пераправіць на расейскую мову шыльду «Выконвайце хуткасны рэжым». Нават ідэю стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту Лукашэнка цалкам адрынуў.

Дракахруст: Арцём таксама сказаў, што Лукашэнка застанецца кіраўніком дзяржавы, нават калі Расея не будзе гэтага хацець. З гэтай тэзай вы згодны?

Вусаў: Безумоўна, Лукашэнка застанецца прэзыдэнтам, тут няма ніякіх ілюзіяў. Пытаньне – на якіх умовах. Ёсьць шмат розных інструмэнтаў ціску. У 2010 годзе хадзілі чуткі пра тое, што калі Лукашэнка не падпіша дамову аб Адзінай эканамічнай прасторы (працяг мытнага саюзу і папярэдніца Эўразійскага саюзу), то Расея не прызнае вынікі выбараў легітымнымі. Я мяркую, што зараз Лукашэнка больш уразьлівы на ўплывы і ціск, чым гэта было ў 2010 годзе.

Калі прааналізаваць стасункі ў вайсковай сфэры, то відавочна, што там залежнасьць ад Расеі на 100%. Сёньня ў Беларусі як у дзяржавы і ў палітычных элітаў няма ніякіх рэсурсаў, каб абмежаваць уплыў Расеі.
Зараз ідзе размова пра ўмовы, на якіх Лукашэнка пойдзе на паглыбленую інтэграцыю. І ключавым момантам тут будуць выбары ў Беларусі ў 2020 годзе. Але мяняць Лукашэнку Расея не зьбіраецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG