Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бабіч мае задачу і функцыю ўсталяваць прамыя кантакты з „русским миром“ у Беларусі», — палітоляг


Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч і Аляксандар Лукашэнка

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў «Усходняга суседзтва» Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў. Ён тлумачыць, чаму Масква ня будзе адклікаць амбасадара Бабіча, і заяўляе, што Лукашэнка ніяк не дапаможа Пуціну вырашыць «праблему 2024».

Сьцісла

  • Эпізод з сапсаванай расейскай нафтай сьведчыць найперш пра тэхналягічны стан Расеі.
  • Бабіч быў накіраваны ў Менск менавіта зь місіяй — эпатаваць, паказваць, што праблемы замоўчвацца больш ня будуць.
  • Дамовіцца пра трывалы асабісты тандэм і саюз паміж Пуціным і Лукашэнкам немагчыма.

Палітычна немагчыма ўжо рабіць выгляд, што на беларуска-расейскай мяжы ўсё спакойна

— Беларусь празь няякасную расейскую нафту вымушаная была прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў у іншыя краіны. Расея прызнала, што няякасная нафта сапраўды была пастаўленая, цяпер ідуць перамовы аб кампэнсацыях. Пра што можа сьведчыць гэтая гісторыя з сапсаванай расейскай нафтай?

Аркадзі Мошэс
Аркадзі Мошэс

— Хоць гэтая падзея дастаткова гучная, але разьдзімаць тут з мухі слана з гледзішча міжнародных адносінаў, а таксама беларуска-расейскіх стасункаў, ня варта. Я думаю, гэты эпізод сьведчыць найперш пра тэхналягічны стан спраў унутры Расеі.

Але наўрад ці размова ідзе аб нейкім рашэньні заняцца шкодніцтвам. Таму палітычнага камэнтару гэтая тэма не заслугоўвае. Калі размова пойдзе пра кампэнсацыю і беларускі бок запатрабуе вялікіх аб’ёмаў — тады можна будзе казаць пра выхад гэтай тэмы на новы ўзровень.

— Нядаўна ў Смаленскай вобласьці былі зьнішчаныя садавіна, гародніна і ягады зь Беларусі, якія, як заяўляюць расейскія ўлады, былі вырабленыя ў «санкцыйных» эўрапейскіх краінах. Ці можна сказаць, што расейскія адпаведныя ведамствы пачалі пільней працаваць, ці гэта проста прыйшоў палітычны загад?

— Я думаю, тут і тое і тое. І ведамствы пачалі больш упарта рыць у гэтым канкрэтным кірунку — ім быў патрэбны пэўны час, каб навучыцца адрозьніваць санкцыйную прадукцыю. І, канечне, патрэбныя былі пэўныя палітычныя рашэньні. Гэта ўпісваецца ў кантэкст «малочных войнаў». Расеі тут няма куды падзецца. Можна было б працягваць закрываць на гэта вочы. Але калі ўнутры Расеі ўжо абмяркоўваецца нават магчымая забарона ўвозу ў краіну мясной прадукцыі людзьмі для асабістых патрэбаў — на гэтым фоне палітычна немагчыма ўжо рабіць выгляд, што на беларуска-расейскай мяжы ўсё спакойна.

Зь цяжкасьцю верыцца, што нават гіпатэтычна Масква (з той прычыны, што Менск выказаў нездавальненьне) пагодзіцца адклікаць амбасадара

— Цяпер паміж Менскам і Масквой ідзе валтузьня і бітва вакол амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Распаўсюджваюцца фэйкі, пішуць пра магчымае адкліканьне Бабіча зь Менску. Чаму сьвет клінам сышоўся менавіта на фігуры амбасадара, чаму ён раптам стаў настолькі значнай асобай для беларуска-расейскіх адносінаў?

— Прыбыцьцё ў Менск спадара Бабіча стала вельмі яркім і заўважным момантам і элемэнтам агульнай карціны. Да ягонага зьяўленьня было ўсё спакойна, паслы нічога не камэнтавалі. Зразумела, што Бабіч быў накіраваны ў Менск менавіта з такой місіяй — эпатаваць, узбоўтаць гэтую ваду, паказаць, што праблемы замоўчвацца больш ня будуць.

Але дыскусіі вядуцца вакол ягонага стылю паводзінаў — менавіта дзеля таго, каб ня ставіць у лоб іншыя пытаньні. Мы ж наўрад ці можам сабе ўявіць, што беларускі МЗС заявіць, што ў праблемах вінаваты асабіста Пуцін. Пакуль Менск кажа, што ў праблемах вінаваты Бабіч — можна спадзявацца, што яго памяняюць, і гэта будзе пададзена, што праблемаў няма і было толькі памылковае ўспрыманьне сытуацыі адным канкрэтным чалавекам.

Сустрэча амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча зь Міністрам унутраных справаў Беларусі Ігарам Шуневічам
Сустрэча амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча зь Міністрам унутраных справаў Беларусі Ігарам Шуневічам

Зь цяжкасьцю верыцца, што нават гіпатэтычна Масква (з той прычыны, што Менск выказаў нездавальненьне) пагодзіцца адклікаць амбасадара. Я ня памятаю, каб Крэмль увогуле за апошняе дзесяцігодзьдзе ішоў на нейкія крокі, якія маглі быць нават ускосна ўспрынятыя як прынятыя пад ціскам.

Калі Менск не ўяўляў сабе, хто такі Бабіч і навошта ён едзе ў Менск, — тады ў яго ня вельмі добра працуе аналітыка. А калі ўяўляў — то трэба было паспрабаваць ня даць яму агрэман. А цяпер ужо дамагчыся адкліканьня такога чалавека, які пераўтвараецца ў сымбаль двухбаковых адносінаў і ў рэальнага цяжкавагавіка, — цяпер дамагчыся яго адкліканьня фактычна немагчыма.

Думаю, усе цудоўна разумеюць, што Бабіч знаходзіцца на сваім месцы, бо ён выконвае функцыю, якая яму прадпісаная.

— У чым палягае гэтая функцыя?

— Па-першае — не даваць усім забыць, што расейска-беларускія адносіны на сёньня глыбока праблемныя. Расея хоча зьніжаць узровень субсыдыяваньня — і Бабіч кажа пра гэта адкрыта.

Другое — ён мае функцыю ўсталяваньня прамых адносінаў з эканамічнымі суб’ектамі, часткай бюракратыі, часткай «русского мира», які існуе ў Беларусі. Гэтыя людзі цяпер будуць бачыць, што ў Менску ёсьць чалавек, які туды пасланы ў тым ліку дзеля таго, каб дакладна інтэрпрэтаваць афіцыйнае расейскае бачаньне сытуацыі, цяперашняй і будучай. Ён — такі інтэрпрэтатар расейскай палітыкі ў Беларусі. Для людзей, якія альбо схільныя, альбо вымушаныя да яго прыслухоўвацца.

Дамовіцца аб трывалым саюзе і тандэме паміж Пуціным і Лукашэнкам практычна немагчыма

— Даволі шырокі рэзананс у СМІ і сацыяльных сетках атрымаў апублікаваны нядаўна даклад «Прымус да інтэграцыі: паўзучы наступ Расеі на сувэрэнітэт Беларусі», прадстаўлены ў Варшаве экспэртнай сеткай iSANS. У дакумэнце падрабязна і з шматлікімі прыкладамі апісваецца небясьпека, якую прадстаўляюць для Беларусі гібрыдныя апэрацыі Расеі. Праведзенае дасьледаваньне паказала, што Расея аказвае актыўны, сур’ёзны і ўсё большы ціск на інфармацыйнае і грамадзкае поле Беларусі праз розныя каналы.

Што можа зрабіць Лукашэнка, каб супрацьстаяць гэтай гібрыднай інфармацыйнай вайне?

— Пытаньне, што магла б зрабіць Беларусь як дзяржава і што можа зрабіць Лукашэнка — гэта на самой справе розныя пытаньні.

Бо што ў прынцыпе трэба рабіць дзяржаве? Павялічваць сваю стрэсаўстойлівасьць, праводзіць эканамічныя рэформы, апэляваць да той часткі грамадзтва, якая зацікаўленая ва ўзмацненьні сувэрэнітэту. Калі заўгодна, у падкрэсьліваньні адрозьненьняў ад Расеі як філязофскай і палітычнай асновы сувэрэнітэту

Аляксандар Лукашэнка, пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнага сходу, 19 красавіка 2019 году
Аляксандар Лукашэнка, пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнага сходу, 19 красавіка 2019 году

Але замест гэтага мы бачым крыжалом у Курапатах, павелічэньне прорвы паміж кіраўніцтвам Беларусі і той часткай грамадзтва, якая імкнецца да ўмацаваньня сувэрэнітэту. Трэба ўзмацняць эканоміку шляхам рэформаў, павялічваць сувязі з Захадам, бо адтуль могуць прыйсьці тэхналёгіі і грошы, і ўзмацняць зьяднанасьць грамадзтва вакол незалежнасьці.

Я ня вельмі магу сабе ўявіць, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі здольнае ўсур’ёз задумацца пра такія крокі. Мы чуем развагі Лукашэнкі наконт рэформаў, які адкрыта кажа: «Не пры мне». Так што спадар Лукашэнка будзе рабіць тое, што рабіў і дагэтуль — лявіраваць, выйграваць час, выкарыстоўваць інструмэнты эўразійскай інтэграцыі. Ці вырашыць гэта праблемы канчаткова? Не. Але можа дапамагчы выйграць час.

— Вядомы расейскі журналіст і грамадзкі дзеяч Мікалай Сванідзэ распавёў аб прапанове, якую Аляксандар Лукашэнка нібыта атрымаў ад кіраўніцтва Расеі — стаць прэм’ер-міністрам у «аб’яднанай дзяржаве». І спасылаецца на інфармацыю, якая прыйшла «з дастаткова высокіх менскіх сфэраў». Ведаючы Лукашэнку, як можна пракамэнтаваць такую інфармацыю? Ці варта на яе рэагаваць?

— Мне здаецца, камэнтаваць такія ўкіды — бессэнсоўны занятак. Большая частка гэтай інфармацыі памірае ў падвалах інтэрнэту.

Мне не падаецца, што Крэмль можа пайсьці на такія авансы менскаму кіраўніцтву. Гэта надта складана і надта кансьпіралягічна. Бо дамовіцца аб трывалым саюзе і тандэме паміж Пуціным і Лукашэнкам практычна немагчыма. Для гэтага ў іх надта складаная гісторыя ўзаемаадносінаў.

Такія рэчы выглядалі б вельмі дзіўна і складана з гледзішча расейскага абывацеля. Я прытрымліваюся погляду, што калі будзе прынята рашэньне, што Пуцін павінен застацца пры ўладзе ў Расеі пасьля 2024 году — значна прасьцей будзе памяняць расейскую Канстытуцыю, не ўступаючы ў складаныя развагі наконт ролі ў гэтай канструкцыі Беларусі. Урэшце, калі будзе стварацца новае аб’яднаная дзяржава — расейскую Канстытуцыю ўсё роўна прыйдзецца мяняць! Дык прасьцей скасаваць узгадкі пра колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў, чым пераразьмяркоўваць паўнамоцтвы зь нейкімі людзьмі, якіх Крэмль яўна не ўспрымае ў якасьці свайго надзейнага рэсурсу.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG