Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа зацягнуцца канфлікт вакол няякаснай расейскай нафты?


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Па стане на сярэдзіну дня 29 красавіка чыстая расейская нафта не паступіла ў Беларусь. Пры тым расейскі бок сьцьвярджае, што апоўдні нафта, якая адпавядае рэглямэнтам ЭАЭС, дасягнула беларускай мяжы.

Ад пачатку гісторыі зь няякаснай нафтай мінуў тыдзень. Наколькі магчыма, што канфлікт зацягнецца на месяцы? Эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка кажа Свабодзе, што такое малаверагодна.

«Я думаю, калі гаворка толькі пра забруджаную нафту, то гэты канфлікт будзе вычарпаны максымальна хутка, бо Расея зацікаўленая ў гэтым: гэта яе пастаўкі ня толькі ў Беларусь, але і ў цэлы шэраг эўрапейскіх краінаў, гэта іхная валютная выручка, — разважае Герасіменка. — Яны прызналі, што нафта няякасная, назвалі прычыну: дывэрсія. Распачалі крымінальную справу за шкодніцтва. Палітычнай асновы тут няма».

Наўрад ці так нашкодзіць захацелі ў Крамлі, мяркуе Герасіменка. На яго думку, гэта сапраўды магла быць дывэрсія — напрыклад, на станцыі перапампоўкі. Але нават калі гэта парушэньне тэхналёгіі здабычы на нейкім радовішчы, Расея будзе вырашаць пытаньне вельмі хуткімі тэмпамі.

Расейскаму боку ня можа быць выгаднай страта соцень мільёнаў даляраў і кампэнсаваць страты партнэрам ад недапаставак, «справа звышсур’ёзная», заяўляе ён. Тое, што чыстая нафта яшчэ не паступіла ў Беларусь, гэта хутчэй тэхнічная праблема: брудную нафту трэба адпампаваць і кудысьці падзець.

Паводле неафіцыйных зьвестак расейскіх СМІ, Беларусь і Расея дамовіліся, што крайні тэрмін пачатку паставак чыстай нафты — 6 траўня.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG