Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі выказаўся пра забруджваньне расейскай нафты


Міхаіл Хадаркоўскі

Былы ўласьнік расейскай нафтавай кампаніі «ЮКОС» Міхаіл Хадаркоўскі, які правёў у турме 10 гадоў, выказаўся ў Facebook наконт паставак забруджанай нафты праз трубаправод «Дружба».

Што напісаў Хадаркоўскі?

Паводле сьледчых, праблема ўзьнікла ў трубаправодзе Самарскай вобласьці, які раней належаў «ЮКОС».

Хадаркоўскі мяркуе, што ў гэтым раёне «на хлёрарганіку нафту не правяраюць», маглі не заўважыць, а магчыма, зрабілі наўмысна. Ён мяркуе, што ФСБ і Сьледчы камітэт «знойдуць стрэлачніка».

Бізнэсовец лічыць, што рэпутацыі расейскай экспартнай сумесі Urals нанесены сурʼёзны ўдар. Гэта адабʼецца на зьніжцы і ўсіх прыбытках кампаніі.

Чыстую нафту абяцалі паставіць 29 красавіка

Віцэ-прэмʼер ураду Расеі Дзмітрый Козак заяўляў, што 29 красавіка «чыстая, якасная нафта будзе на мяжы зь Беларусьсю».

Раней дырэктар ААТ «Полацктранснафта Дружба» Васіль Дробатаў казаў, што якасная расейская нафта пачала паступаць на завод «Нафтан» у Наваполацку 24 красавіка.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG