Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагодзіцца Лукашэнка быць прэм’ерам аб'яднанай беларуска-расейскай дзяржавы?


На маю думку, кіраўнік Беларусі адрыне прапанову Крамля заняць пасаду кіраўніка ўраду пасьля «аб’яднаньня».

Сьцісла:

  • Пасада для Лукашэнкі — ці не галоўная праблема Пуціна падчас далучэньня Беларусі.
  • Маўчаньне Лукашэнкі выклікае падазрэньні, што вядзецца закулісны торг аб лёсе краіны.
  • Кіраўнік Беларусі ня прыме прапанову заняць пасаду прэм’ер-міністра новай дзяржавы.
  • Пагадзіцца на «аб’яднаньне» — гэта для Лукашэнкі гістарычная, палітычная і асабістая параза.

Праблема пасады для Лукашэнкі

У асяродзьдзі расейскіх экспэртаў апошнімі месяцамі пры абмеркаваньні досыць актуальнай там тэмы аб’яднаньня Беларусі і Расеі на першае месца выходзіць праблема: якую пасаду прыдумаць для Лукашэнкі, каб ён пагадзіўся. Пытаньне пра тое, што наконт гэтага думае беларускі народ, знаходзіцца дзесьці на другім пляне. Бо, па-першае, там упэўнены, што насельніцтва Беларусі не зьяўляецца суб’ектам палітыкі. А па-другое, уяўленьні тамтэйшай палітычнай клясы пра саюзьніка ня так даўно выказаў Уладзімер Жырыноўскі. Маўляў, усе беларусы толькі і мараць пра аб’яднаньне, і толькі Лукашэнка ўпіраецца.

А вось якраз з пасадай для Лукашэнкі ўзьнікае вялікая праблема. Паслаць амбасадарам Расеі ў Зімбабвэ, як год таму казаў рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў — гэта вельмі грубы, сілавы варыянт паглынаньня саюзьніка паводле крымскага сцэнару. Што наўрад ці сёньня стаіць на парадку дня Крамля.

Прызначыць Лукашэнку губэрнатарам Беларускай губэрні ці Паўночна-Заходняга краю — гэта велізарнае паніжэньне, на якое ён не пагодзіцца.

Лукашэнка ў ролі прэм’ера?

Адзіны варыянт, які магчыма абмяркоўваць пры сцэнары аб’яднаньня дзьвюх краін — гэта пасада другой асобы ва ўладнай герархіі новай дзяржавы: прэм’ер-міністра альбо віцэ-прэзыдэнта. Таму ў інфармацыю расейскага журналіста і палітоляга Мікалая Сванідзэ ў праграме «Падзеі тыдня» на маскоўскай радыёстанцыі «Серебряный дождь», нібыта Аляксандру Лукашэнку Крэмль прапаноўвае пасаду кіраўніка ўраду, можна паверыць.

Бо сам беларускі лідэр нічога не расказвае пра шматгадзінныя ці нават шматдзённыя (як апошні раз у Сочы) перамовы сам-насам з Пуціным. І гэта выклікае падазрэньні. Потым, ужо пасьля Сочы, былі два дзіўныя тэлефанаваньні расейскага прэзыдэнта свайму беларускаму калегу. І, зьвярніце ўвагу, у нядаўнім пасланьні галоўную тэму, якая цяпер хвалюе палітызаваную публіку — крызіс стасункаў паміж Менскам і Масквой — Лукашэнка абмінуў. Што таксама выглядала дзіўна. У гэтую вэрсію, дарэчы, добра ўпісваюцца і нахабныя паводзіны амбасадара РФ Міхаіла Бабіча.

Таму галоўнае пытаньне, якое цяпер выходзіць на парадак дня, калі сапраўды інфармацыя Сванідзэ праўдзівая: ці пагодзіцца Лукашэнка на прапанову Крамля? Мая вэрсія адказу — не, не пагодзіцца.

У 1990-я гады, калі пытаньне аб’яднаньня таксама было вельмі актуальным, прэзыдэнт Беларусі мог бы пагадзіцца на такі варыянт. На фоне старога, хворага і непапулярнага Ельцына малады, харызматычны і папулярны Лукашэнка меў вялікія шанцы стаць на чале аб’яднанай дзяржавы.

Лукашэнка адрыне прапанову Пуціна

А цяпер сытуацыя іншая. На мой погляд, Лукашэнка адрыне прапанову Пуціна. І на тое ёсьць некалькі прычын.

  1. Прэм’ер-міністра аб’яднанай беларуска-расейскай дзяржавы можна ў любы момант зьняць, памяняць. Паводле дзейнай Канстытуцыі РФ, кіраўніка ўраду прызначае прэзыдэнт, а Дзярждума зацьвярджае. І нават прычыны ня трэба тлумачыць. Можна прыгадаць, як у 1998–1999 годзе прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын мяняў прэм’ераў як пальчаткі. Нейкія абяцаньні Пуціна на словах — гэта слабая гарантыя.
    Можна паспрабаваць замацаваць гарантыі нязьменнасьці новай пасады Лукашэнкі ў Канстытуцыі. Але, думаю, беларускаму лідэру добра вядомыя норавы цяперашніх крамлёўскіх уладароў. Непажаданых асобаў яны могуць нэўтралізаваць з дапамогай палонію ці «Навічка».
  2. Хоць на першы погляд быць прэм’ерам вялікай ядзернай дзяржавы непараўнальна больш ганарова і прэстыжна, чым прэзыдэнтам невялікай краіны, але не для Лукашэнкі. Чалавек, які цягам чвэрці стагодзьдзя меў абсалютную, неабмежаваную ўладу, наўрад ці пагодзіцца быць на другіх ролях у Пуціна. Для яго гэта псыхалягічна невыносная сытуацыя. Ня змогуць яны ўжыцца побач у адным бярлогу.
  3. Як гэта ні дзіўна гучыць, але ўсё ж ёсьць такі чыньнік, як яго вялікасьць беларускі народ. Сёньня ён, сапраўды, не суб’ект палітыкі. Але факт далучэньня Беларусі да Расеі можа яго разбудзіць. Як бы дыктатары ні ставіліся да Канстытуцыі і волі народу, але ў любым выпадку працэс «аб’яднаньня» трэба ж будзе неяк аформіць юрыдычна. Напрыклад, з дапамогай рэфэрэндуму. Як гэта адбылося падчас анэксіі Крыму. Уладам давядзецца арганізоўваць палітычную кампанію, якая моцна спалітызуе грамадзтва. Ідэя незалежнасьці дадасьць моц апазыцыі, якая атрымае падтрымку Захаду, бо гэта вядзе да радыкальнай геапалітычнай перамены ў рэгіёне Усходняй Эўропы. Можа адбыцца раскол намэнклятуры, бізнэсу, бо яны ж пасьля далучэньня страцяць усё. То бок аформіць усё гэта як тэхнічны працэс на ўзор беларускіх выбараў будзе цяжка. У любым выпадку для Лукашэнкі ўзьнікаюць вялікія рызыкі. Хіба яны яму трэба?
  4. Лукашэнка дажыў да такога часу, калі пара думаць пра сваё месца ў гісторыі. Ён шмат разоў патасна казаў пра тое, што сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі — гэта сьвятое. Тут справа ня ў тым, што парушаць словы і клятвы — гэта праблема. Але ўвайсьці ў гісторыю не ў якасьці стваральніка беларускай дзяржаўнасьці (пра што ўвесь час цьвердзяць дзяржаўныя мэдыя), а як яе зьнішчальніка — гэта гістарычнае самазабойства.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG