Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго і куды паслаў Лукашэнка


Аляксандар Лукашэнка выступае са штогадовым пасланьнем, Менск, 19 красавіка 2019

Выбары ў палату прадстаўнікоў, адносіны з Расеяй, беларуская мова, эканамічныя рэформы — што пра гэта казаў кіраўнік дзяржавы падчас штогадовага пасланьня?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце палітычныя аглядальнікі Свабоды Ўладзімер Глод і Валер Карбалевіч.

Сьцісла:

  • Прызначэньне выбараў у парлямэнт на восень 2019 году – парушэньне Канстытуцыі
  • Правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе – вынік нежаданьня, каб беларусы параўноўвалі іх з украінскімі выбарамі
  • Лукашэнку выгаднае пашырэньне ролі беларускай мовы, але каб гэта ня кідалася ў вочы
  • Абвяшчэньне Кітаю «галоўным стратэгічным партнэрам» – шпілька на адрас Расеі
  • «Загуляліся ў рынак» – рэальная палітыка, а ня толькі антырэфармісцкая рыторыка
  • Лукашэнка робіць крокі, каб зьнізіць грамадзкі аўтарытэт прэм'ера Румаса

Парлямэнцкія выбары — сёлета, прэзыдэнцкія ў наступным годзе

Дракахруст: Сёньня, падчас штогадовага пасланьня, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў — сёлета, 7 лістапада, адбудуцца парлямэнцкія выбары, у наступным годзе — прэзыдэнцкія. Пасьля заяваў Лідзіі Ярмошынай, што сёлета адбудуцца адныя з выбараў, многія прадказвалі, што ў 2019 годзе адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Чаму Лукашэнка вырашыў інакш? І як гэта стасуецца з заканадаўствам, бо парлямэнт абіраецца на 4 гады, якія сканчаюцца ўвосень наступнага году і Лукашэнка скарачае на год тэрмін дзеяньня цяперашняга складу парлямэнту?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Чаму не спраўдзіліся шматлікія прагнозы наконт таго, што першымі будуць прэзыдэнцкія выбары, і яны пройдуць гэтым годам? Лукашэнка фактычна растлумачыў: не хачу «вярцець» з выбарамі. Перакладаю на зразумелую мову. Прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 2019 год, то бок на год раней канстытуцыйнага тэрміну — гэта значыць паказаць, што ён чагосьці баіцца, што ён слабы, няўпэўнены. А гэта дрэнны сыгнал чынавенству, замежным суб’ектам.

Прэзыдэнцкія выбары пройдуць наступным годам, але незразумела, калі. Можа вясной. Дык гэта будзе на паўгода раней патрэбнага тэрміну і ўсё роўна будзе парушэньнем Канстытуцыі.

Таму лепш «павярцець» з парлямэнцкімі выбарамі, то бок прызначыць іх на год раней канстытуцыйнага тэрміну. Гэта парушэньне Канстытуцыі, бо там дакладна сфармулявана падставы, паводле якіх можна датэрмінова спыніць паўнамоцтвы палаты прадстаўнікоў. Калі палата адмаўляе ў даверы ўраду. Калі ніжняя палата не падтрымлівае кандыдатуру прэмʼер-міністра. І калі Канстытуцыйны суд прымае заключэньне, што парлямэнт «груба і сыстэматычна» парушае Канстытуцыю. Але ўсё гэта не наш выпадак. Але каго тут цікавяць палажэньні Канстытуцыі?

Дракахруст: Уладзімер, а чаму наагул было вырашана разьвесьці выбары? Ярмошынай нязручна праводзіць разам і парлямэнцкія, і прэзыдэнцкія выбары?

Глод: Я размаўляў з адмыслоўцамі, і яны кажуць, няма вялікай праблемы правесьці ў 2020-м годзе і адны выбары, і другія. Там ужо ўсё адладжана — і праца выбарчых камісіяў, і ўсе мэханізмы. Таму ніякіх вялікіх складанасьцяў тут няма.

Мне падаецца, што адказ на пытаньне больш ляжыць у эканамічным становішчы. Як бы не казалі прапагандысты, што мы жывем лепш і лепш, людзі гэтага не адчуваюць. І нягледзячы на тое, што выбары ў нас цалкам кантраляваныя, і вынікі іх вядомыя ўжо сёньня, ёсьць пэўнае хваляваньне, як будзе паводзіць сябе народ. Прэзыдэнт усё ж электаральны палітык, і ён падпітваецца электаральнай падтрымкай. Калі яе ня будзе, то цяжэй будзе заяўляць, што я «всенародно избранный».

Таму, мне падаецца, і адцягваюцца прэзыдэнцкія выбары. Лукашэнка, магчыма, разважае так: паглядзім, што будзе ў наступным годзе. Мабыць, горш чым сёлета ня будзе. Таму я лепей дасяджу да канца. А там, што будзе, тое і будзе.

Плюс ёсьць яшчэ адзін фактар, які прымушае праводзіць выбары кіраўніка дзяржавы ў наступным годзе. Гэта — украінскі чыньнік. Беларусы за гэтым сочаць. І, зразумела, параўноўваюць. Таму лепш, каб час паміж выбарамі беларускімі і ўкраінскімі быў больш працяглы.

Дракахруст: Дарэчы, украінскія выбары былі ў пасланьні ўскосна прыгаданыя, маўляў, у нас выбары будуць без дэбатаў на стадыёне.

Глод: Цяпер другая частка пытаньня — пра парушэньне заканадаўства пры такім раньнім правядзеньні выбараў у Палату прадстаўнікоў. Адмыслоўцы кажуць пра юрыдычны казус, юрыдычную калізію. І Канстытуцыя, і Выбарчы кодэкс вызначаюць тэрмін працы дэпутатаў беларускага парлямэнту — 4 гады. Гэта імпэратыўная, абавязковая норма. Мяняць яе нельга ніякім чынам. І Канстытуцыя, і Выбарчы кодэкс патрабуюць, каб чарговыя выбары адбываліся не пазьней за тры месяцы да заканчэньня паўнамоцтваў дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў.

Так што перанос выбараў, з пункту гледжаньня такога адмыслоўца, як Сяргей Альфэр, гэта парушэньне і Канстытуцыі, і Выбарчага кодэксу. Прычым, гэта ня першае парушэньне.

Але, зь іншага боку, фармальна парлямэнцкія выбары могуць быць абвешчаныя ў любы тэрмін. Бо напісана, што яны праводзяцца «не пазьней за тры месяцы», а значыць фармальна іх можна правесьці і за 10 месяцаў да заканчэньня дэпутацкага тэрміну, і за год, і за два. Галоўнае, каб не пазьней за тры месяцы. Гэта юрыдычная калізія, якую тлумачыць доўга, і якую цяжка зразумець неэкспэртам. Улады гэтым карыстаюцца.

«Хуткасны рэжым» для беларускай мовы

Дракахруст: Яшчэ адзін сюжэт пасланьня, які шмат каго ўзрушыў — гэта пытаньне мовы, прынамсі, мова дарожных шыльдаў. Лукашэнку не спадабалася шыльда «Выконвайце хуткасны рэжым». Маўляў, расейцы не зразумеюць, ды і палова беларусаў. Гэтыя словы гучалі як адказ на заяву міністра культуры Расеі Мядынскага, які выказваў незадавальненьне, што расейская мова зьнікае з шыльдаў у Беларусі.

Якія гэта будзе мець наступствы?

Варта сказаць, што ў краінах, якія афіцыйна шматмоўныя, дарожныя шыльды сапраўды, як правіла, на ўсіх афіцыйных мовах — у Ірляндыі, у Ізраілі, у Канадзе.

Ці пасьля незадавальненьня Лукашэнкі шыльды зробяць не дзьвюхмоўнымі, а толькі на расейскай?

Дарожная шыльда на ў'езьдзе ў Квэбэк на францускай і ангельскай, Канада
Дарожная шыльда на ў'езьдзе ў Квэбэк на францускай і ангельскай, Канада

Глод: Лукашэнка казаў пра хуткасны рэжым. Жартуюць, што яго закранае ня слова «хуткасны», якое можа быць сапраўды незразумелым расейцу, а слова «рэжым». «Рэжым Лукашэнкі» — гэтыя словы як раз беспамылкова зразумелыя і жыхару Расеі.

Ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў лічыць, што што кіраўнік дзяржавы не вытрымлівае націску Масквы ў моўным пытаньні, які вельмі абвастрыўся ў апошнія месяцы.

У Расеі добра разумеюць, што калі ўплыў беларускай мовы будзе пашырацца, то ніякай анэксіі не адбудзецца. Таму цяпер у іх ёсьць важная задача — зьнішчыць культурна-моўныя прыкметы на нашай тэрыторыі. Той факт, што міністар культуры Расеі ўмешваецца ў культурную палітыку незалежнай дзяржавы, шмат пра што сьведчыць.

Мне падаецца, што Лукашэнка ў гэтай сытуацыі, як зь ім часта бывае, хітрыць. Ён і не супраць разьвіцьця беларускай мовы, бо цяпер гэты працэс для яго карысны. Але яму нявыгадна, калі такія праявы выходзяць на праспэкты і вуліцы. Лепш, калі гэта не так кідаецца ў вочы. Тут хутчэй ідзе такая тактычная барацьба.

Дарэчы ва ўчорашнім нумары газэты «Вечерний Минск» было інтэрвію з кіраўніком каналу ОНТ Маратам Маркавым. І там закраналася моўная палітыка каналу. Спадар Маркаў заявіў, што калі адзін дзень на месяц навіны чытаюцца выключна на беларускай мове, то прытоку аўдыторыі няма. Але і зьмяншэньня аўдыторыі таксама не фіксуецца. То бок можна і часьцей ужываць родную мову.

«Дохлая» апазыцыя і жвавая Расея

Дракахруст: Яшчэ пра адну тэму, якая ў выступе была прадстаўленая ня надта шырока, хаця многія чакалі выказваньняў менавіта па ёй. Я маю на ўвазе беларуска-расейскія адносіны. З Расеі ў Менск даслалі прапановы па інтэграцыі, нядаўна Лукашэнка казаў пра расейскія «санкцыі» адносна Беларусі, пагражаў прыпыніць транзыт расейскай нафты. Чакалася, што акцэнты на гэты конт у пасланьні будуць расстаўленыя. Але іх не было.

Аднак у размове з дэпутаткай Канапацкай Лукашэнка сказаў, што пасол Расеі «кепска лічыць». Таксама было цікава сказана пра інтэрнэт, што трэба ў ім змагацца ня з «дохлай» апазыцыяй. А зь кім? Было сказана — з тым, хто прыехаў. Гэта пра каго?

Днямі зьявілася аналітыка ​пра тое, як за пару гадоў у Беларусі паўстала сетка расейскай прапаганды ва ўсіх вобласьцях краіны. Завяршылася станаўленьне гэтай сеткі летась. Летась таксама ў Беларусь прыехаў новы пасол РФ Міхаіл Бабіч. Ці яго і гэтую сетку меў на ўвазе Лукашэнка?

Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Карбалевіч: Хутчэй за ўсё, сапраўды гаворка ідзе пра мэханізмы ўплыву Расеі на беларускае грамадзтва з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў. Ён кажа пра тых, хто нібыта прыехаў сюды і тут пачынае гэта рабіць. Магчыма, Лукашэнка проста не ведае, што ствараць сайты і імі кіраваць, адміністраваць можна і з-за мяжы.

Але зьвярнула на сябе ўвагу, што важнейшая сёньняшняя палітычная праблема краіны — беларуска-расейскі канфлікт — аказалася па-за межамі пасланьня. Думаю таму, што Лукашэнка не хоча абвастраць адносіны з Расеяй далей нейкай мяжы. Ён гэтую мяжу для сябе абазначыў і далей яе не ідзе. То бок, кіраўнік Беларусі не пакідае надзеі паразумецца з Пуціным, таму не хоча паліць масты. І фактычна крытыкай Расеі займаецца толькі адзін ён, іншым чыноўнікам ці дзяржаўным мэдыям гэта не дазволена. Толькі адзін раз МЗС дазволілі пакрытыкаваць пасла РФ Бабіча.

Дракахруст: Я так зразумеў, што Лукашэнка ніяк ня хоча падключаць грамадзтва да гэтага канфлікту. Паколькі сёлета будуць парлямэнцкія выбары, наўрад ці гэты канфлікт акажацца ў фокусе выбарчай кампаніі. Адсутнасьць выразнай пазыцыі па стасунках з Расеяй у пасланьні — тлумачэньне, што гэта ня вашага розуму пытаньне, я сам зь ім разьбяруся.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: У міжнародным аспэкце Лукашэнка зноў назваў Кітай галоўным стратэгічным партнэрам. Чаму ізноў? Таму што гэтая фармулёўка прагучала, здаецца, яшчэ гады тры таму. І зноў жа ў падобнай сытуацыі пагаршэньня стасункаў з Расеяй. Пасьля гэтая тэма паволі зьмікшавалася. Хоць тут сёньня, можа, гэта і пэўны тактычны ход. Лукашэнка пэрсанальна адзначыў высілкі, якія робіць для Беларусі Сі Цьзіньпін. Беларускі лідэр зьбіраецца ў Кітай. І гэтым, магчыма, тлумачыцца сёньняшняя заява пра «галоўнага стратэгічнага партнэра».

Даволі станоўча Лукашэнка ацаніў крокі па збліжэньні са Злучанымі Штатамі, хоць пытаньні ўсё яшчэ застаюцца. Гэта і палітычныя, і эканамічныя пытаньні. І, канечне, пытаньні правоў чалавека, бо гэта для ЗША вельмі важна.

Таксама Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што будуць пашырацца кантакты, перадусім эканамічныя, з Эўразьвязам. Тут маецца на ўвазе найперш праграма «Усходняе партнэрства» зь яе 10-гадовым юбілеем. Тут палітыка афіцыйнага Менску вядомая — атрымаць як мага болей грошай на экалягічныя, эканамічныя, памежныя праекты, не саступаючы Брусэлю ў палітыцы правоў чалавека.

«Загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы»

Дракахруст: А таксама не мяняючы і эканамічную палітыку. На самым пачатку пасланьня было сказана, што ўрад «загуляўся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы». А потым была своеасаблівая дыскусія з Ганнай Канапацкай. Калі тая сказала, што трэба рэфармаваць вялікія прадпрыемствы, Лукашэнка запярэчыў, што трэба рабіць тое, да чаго гатовае грамадзтва. Паколькі прэзыдэнцкія выбары — у наступным годзе, то зараз як бы і няма патрэбы абвяшчаць новы курс, мяняць існы.

Карбалевіч: У пасланьні вельмі моцны быў піяраўскі складнік, шмат было таннага папулізму. Гэта быў выступ кандыдата ў прэзыдэнты. Ён апэляваў да тых сацыяльных груп, якія ён лічыць сваім надзейным электаратам. То бок да людзей з нізкімі даходамі: выхавацелек дзіцячых садкоў, пэнсіянэраў, інвалідаў, жыхароў рэгіёнаў, сельскага насельніцтва. Прычым, гэта рабілася ў форме папулісцкай рыторыкі 1990-х гадоў.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Што тычыцца гэтай палемікі з Канапацкай наконт рэформаў. Думаю, што ён лічыць, што грамадзтва супраць рэформаў. Наколькі гэта адпавядае рэчаіснасьці — іншае пытаньне.

Але відавочна прагучала ягоная выснова, што дзяржава не хоча і не будзе пазбаўляцца кантролю над эканомікай, не зьбіраецца рэфармаваць дзяржаўны сэктар.

Дракахруст: Уладзімер, а можа пасыл быў крыху іншым? Пару гадоў таму тагачасны дарадца прэзыдэнта Кірыл Руды сказаў: Мы рэформы робім, мы іх толькі так не называем.

Гэтак і сёньня Лукашэнка ў палеміцы з Канапацкай казаў, што народ не ўспрымае слова «рэформа», а ён сам аддае перавагу слову паляпшэньне. Дык можа гэтая антырэфармісцкая рыторыка — гэта збольшага рыторыка ці гэта рэальная лінія, палітыка?

Глод: Мне падаецца, што гэта рэальная лінія. Ён сёньня зноў казаў, што трэба дапамагаць і мадэрнізаваць дзяржаўныя прадпрыемствы. Абразьліва казаў пра прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, назваў іх «тарбэшнікамі » і «мяшочнікамі», заклікаў не захапляцца «рамантычным вобразам фэрмэра», які думае толькі пра сябе, але ня хоча падтрымаць іншых, адрозна ад калектыўных гаспадарак, якія забясьпечваюць працай сялянаў.

Гэта ягонае ўяўленьне аб эканоміцы. Лукашэнка вырас пры савецкай эканоміцы. Нешта цягам часу зьмяняецца. Але не настолькі, каб перайсьці на станоўчае стаўленьне да рынкавай эканомікі.

Мне падаецца, што зараз у Лукашэнкі даволі складныя дачыненьні са сваім прэм’ерам. Сёньня прозьвішча Румаса прагучала ў кантэксьце таго, што трэба ў сем’ях мець столькі дзяцей, колькі ў кіраўніка ўраду.

Прэм’ер фактычна зьнікае з афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Вернемся да сытуацыі са звальненьнем віцэ-прэм’ера Русага і міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Зайца, а затым іх новых прызначэньняў. Зь кім вырашаў гэтае пытаньне Лукашэнка?

З Качанавай — кіраўніцай ягонай адміністрацыі. Але ж працаваць з тым жа Зайцам давядзецца Румасу. Пра ягоную пазыцыю ў гэтых адстаўках і прызначэньнях ні слоўца.

Сяргей Румас
Сяргей Румас

Далей, наведвае Лукашэнка Парк высокіх тэхналёгіяў. Разам зь ім першы намесьнік Румаса — Турчын. Пра тое, што ўрад ня тым займаецца (нешта зьбіраецца рэфармаваць) Лукашэнка зноў жа кажа не старшыні ўраду, а ягонаму першаму намесьніку.

Альбо сытуацыя з наведваньнем Беларусі аўстрыйскім канцлэрам. Я асабіста быў на ўрачыстым канцэрце, які ладзіўся ў Палацы Рэспублікі з гэтай нагоды. Ад уладаў Беларусі выступаў Сяргей Румас. І пра што найперш гаварылі прысутныя пасьля імпрэзы? Пра тое, якая цудоўная беларуская мова ў прэм’ера, які глыбокі зьмест ягонага выступу. І што беларускі прэм’ер не саступае прэм’ерам эўрапейскім.

Мне падаецца, што пэўная рэўнасьць тут існуе. Лукашэнка прыглядае за кіраўніком ураду. Таму і Румас ня робіцца публічнай фігурай ягонага ўзроўню.

«Бардак» у адукацыі і «хворы» міністар Карпенка

Дракахруст: Мне падаўся таксама цікавым сюжэт з крытыкай міністра адукацыі Карпенкі за прапановы ўвесьці адмысловую ахову школаў і пасады псыхолягаў у школах. Гэтыя прапановы былі рэакцыяй на забойства школьнікам у Стоўпцах настаўніцы і іншага школьніка.

Лукашэнка тады сказаў, што ў адукацыі — «бардак», абвінаваціў міністэрства. Міністэрства і адрэагавала, прычым у тым рэчышчы, у якім на падобныя выклікі адказваюць у іншых краінах, прынамсі, у ЗША, дзе падобныя інцыдэнты ў школах адбываюцца даволі часта.

І там уводзяць як раз ахову ўсіх школаў. А Лукашэнка на падобныя прапановы міністэрства адукацыі адказаў — вы што, хворыя? Дык дзеля чаго патрабаваў ад міністэрства адмысловых мераў?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Карбалевіч: Тая інструкцыя Міністэрства адукацыі, з прычыны якой Лукашэнка «наехаў» на міністра Карпенку, яна сапраўды дурная. Бо фактычна прадугледжвае ператварэньне школы ў нешта накшталт казармы.

Сапраўды гэтая інструкцыя ідзе ў рэчышчы ўказаньняў самога Лукашэнкі і нават у рэчышчы ўсёй афіцыйнай палітыкі існага рэжыму, у межах мадэлі паліцэйскай дзяржавы. Але гэта адлюстраваньне даўняй традыцыі ўзаемадачыненьняў Лукашэнкі з чынавенствам. Галоўны яе сэнс: ва ўсім дрэнным у краіне вінаватыя баяры, то бок розныя чыноўнікі.

Глод: Я думаю, што дзейнічае старая мадэль. Лукашэнка прызвычаіўся да таго, што можа сказаць усё, што прыйдзе ў галаву, не ўдакладняючы, не расшыфроўваючы. А чынавенства пасьля выконвае ягоныя даручэньні ў меру свайго асабістага разуменьня, гледзячы на сусьветны досьвед у нейкай праблемы.

Вы тут правільна казалі пра міністра Карпенку. Ён нічога надзвычайнага не прапанаваў. Ён паглядзеў, як робіцца гэта ў сьвеце, не ўлічыўшы, што ў нас гэта адзінкавы выпадак. Карпенка хацеў зрабіць лепей. «Бацьку» не спадабалася. Ня першы раз мы бачым такое. Пасьля зьверху ідзе крытыка на адрас таго, хто не так зразумеў або не так зрабіў. Звычайная сытуацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG