Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пасол Расеі ўпэўнены ў дасягненьні Масквой і Менскам кампрамісу па падатковым манэўры


Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мезенцаў у студзені 2016
Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Мезенцаў у студзені 2016

Новы пасол Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў выказаў упэўненасьць, што абедзьве краіны знойдуць кампраміс у пытаньні кампэнсацыі Менску стратаў ад нафтавага падатковага манэўру ў Расеі.

«Комплексныя і ёмістыя ацэнкі, якія былі дадзеныя ў ходзе сустрэчы прэм’ер-міністра Расеі Дзмітрыя Мядзьведзева і прэмʼер-міністра Беларусі Сяргея Румаса, што адбылася нядаўна ў Маскве, замацавалі важкі абʼём дасягнутых узаемных дамоўленасьцяў. Зноў пацьвердзіў сваю значнасьць і маштаб дыялёгу міністраў замежных справаў літаральна днямі. Усё гэта падкрэсьлівае гатоўнасьць бакоў шукаць кампрамісы ў складаных пытаньнях эканамічнага і фінансавага ўзаемадзеяньня. Перакананы, што так будзе і надалей», — адзначыў Мезенцаў у інтэрвію ТАСС, якое цытуе БелаПАН.

Расейскі дыплямат таксама ня бачыць ніякага двухбаковага канфлікту праз сытуацыю з трапляньнем у трубаправод «Дружба» забруджанай нафты і зьвязаным з гэтым абмежаваньнем прапампоўкі. Мезенцаў заявіў, што бакі пацьвердзілі гатоўнасьць разабрацца ў прычынах таго, што здарылася, дачакацца вынікаў працы створанай камісіі і «зрабіць усё, каб такое не паўтаралася».

Член Савету Фэдэрацыі Фэдэральнага сходу Расеі Дзьмітрый Мезенцаў быў прызначаны паслом 30 красавіка ўказам прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Ён зьмяніў Міхаіла Бабіча, які ўзначальваў дыпмісію ў Менску каля васьмі месяцаў. Як лічаць экспэрты, прычынай звальненьня Бабіча сталі напружаныя адносіны зь беларускім кіраўніцтвам. Чакаецца, што Мезенцаў прыбудзе ў Мінск 2 чэрвеня.

1 сакавіка падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з 2015 году праз падатковы манэўр у Расеі Беларусь ужо страціла 3,4 млрд даляраў. «Які галоўны аргумэнт ураду Расеі? Яны кажуць: "Гэта наша ўнутраная справа — падаткі ўводзіць. Гэта ўнутраная справа, і мы беларусам не абяцалі ніякіх кампэнсацый". Так, не абяцалі. Але калі мы заключалі дагавор на ЭАЭС, тады гаворкі не ішло пра нейкія манэўры. Тады мы ўявіць не маглі, што такое магчыма. Таму, вядома, яны не абяцалі нам кампэнсаваць страты ад падатковага манэўру. Гэта праўда», — адзначыў ён.

Падчас сустрэчы з журналістамі 11 траўня ў Менску, Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня мае намеру спэкуляваць на тым, што адбылося з пастаўкамі расейскай «бруднай» нафты ў трубаправод «Дружба», ці ўвязваць пытаньне кампэнсацыі з урэгуляваньнем сытуацыі вакол падатковага манэўру Расеі і яго наступстваў для краіны. «Гэта ня мае ніякага дачыненьня да падатковага манэўру. Адбылася бяда. Спэцыяльна гэта зроблена, наўмысна? Няхай яны [у Расеі] разьбіраюцца ў сябе самі», — сказаў беларускі кіраўнік.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG