Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 цытатаў былога расейскага амбасадара Бабіча пра Беларусь


Міхаіл Бабіч, студзень 2019

Свабода сабрала 10 выказваньняў Міхаіла Бабіча пра Беларусь, якія зьявіліся ў мэдыях за 8 месяцаў яго кіраваньня расейскай амбасадай у Менску.

Уладзімір Пуцін 30 красавіка зьняў з пасады Міхаіла Бабіча. Новым амбасадарам у Беларусі кіраўнік Расеі прызначыў Дзьмітрыя Мезенцава.

Пра выказваньні Лукашэнкі ў бок ураду Расеі

«Ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, балазе, ахвочых у сьвеце і так хапае», — адзначыў Бабіч.​

Пра інтэграцыю і выбары

«Калі саюз разьвіваць далей, то трэба гэта рабіць як мага хутчэй. Для гэтага ёсьць вельмі істотныя, як эканамічныя, так і палітычныя прычыны. А для выбарчай кампаніі гэты працэс можа стаць магутнейшым мабілізуючым і ідэалягічным фактарам, бо большасьць грамадзян Беларусі хацелі б больш глыбокай і доўгатэрміновай эканамічнай інтэграцыі з Расеяй», — сказаў Бабіч.

Пра зьніжкі на газ і падатковы манэўр

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у сьнежні 2018 году акрэсьліў, якой інтэграцыі хоча Расея ад Беларусі:

  • адзіны эмісійны цэнтар;
  • адзіная мытня;
  • суд;
  • падліковая палата.

Гэта прадугледжвала дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы 1999 году. Паводле пагадненьня між Расеяй і Беларусьсю ад 30 лістапада 2000 году ролю адзінай валюты меў выконваць расейскі рубель.

Усё гэта супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Заключэньне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі, забараняецца.

«На дадзеным этапе разьвіцьця Саюзнай дзяржавы нашыя партнэры паставілі пытаньні і пра унутрырасейскія цэны на газ, і пра кампэнсацыю падатковага манэўра..., павелічэньне абʼёмаў атрыманьня субсыдыяў з расейскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстве нароўні з расейскімі, замацаваньні на расейскім рынку долі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, магчымасьці выдаткаваньня больш танных крэдытаў і гэтак далей.

Без практычнай рэалізацыі палажэньняў Саюзнай дамовы пра адзіную грашова-крэдытную, падатковую, прамысловую, аграрную, інфраструктурную, мытную і іншую палітыку перайсьці на такі ўзровень інтэграцыі немагчыма, ні ў фінансавым, ні ў юрыдычным пляне. Як і немагчыма гэта зрабіць без фармаваньня інстуцыянальных органаў кіраваньня Саюзнай дзяржавы», — сказаў Бабіч.

Пра абарону сувэрэнітэту

«Па пытаньню пра абарону сувэрэнітэту ўсім, мне здаецца, даўно хацелася б зразумець, хто замахваецца на беларускі сувэрэнітэт і ад каго яго хочуць абараніць? Калі гэта пагроза з Захаду, па аналёгіі зь вядомымі „каляровымі“ рэвалюцыямі і дзяржаўнымі пераваротамі, то Расейская Фэдэрацыя як саюзьнік, калі паступіць такая просьба, будзе разам зь Беларусьсю адстойваць гэты сувэрэнітэт усімі магчымымі сродкамі. Калі гэта намёкі на Расею, то гэта зусім не па партнэрскі..».

Пра мяккую беларусізацыю

«Вельмі тонкая грань паміж мяккай беларусізацыяй і дэрусыфікацыяй, — адзначыў спадар Бабіч. — Патлумачу, у чым гэтая тонкасьць складаецца. На самой справе, вывучэньне роднай мовы, роднай гісторыі, роднай культуры, традыцый свайго народа — гэта нават не права, гэта абавязак любога народа, які не хоча страціць самаідэнтычнасьць. І было б дзіўна якім-небудзь чынам абмяжоўваць у незалежнай і сувэрэннай дзяржаве гэтыя магчымасьці», — сказаў Бабіч.

Пра расейскую мову ў Беларусі

«Я ўжо шмат разоў казаў, наколькі беражлівыя адносіны ў Беларусі да рускай мовы, — адзначыў Бабіч. — На яе ніхто не замахваецца, наадварот ствараюцца ўмовы для яе разьвіцьця. Таму тут трэба ўважліва глядзець, што на самой справе адбываецца, а што нам спрабуюць навязаць як нейкія працэсы, якія нібыта адбываюцца».

Пра ваенную бясьпеку Беларусі

«Другі аспэкт палягае ў пытаньнях ваеннай бясьпекі, – працягнуў ён. – Бясьпека Рэспублікі Беларусь застрахаваная ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі і ядзерным парасонам, які існуе ў Расеі. І гэта таксама гіганцкія выдаткі расейскага бюджэту, якія мы нясем на супольную абарону і бясьпеку, хоць у нас ёсьць супольная рэгіянальная групоўка войскаў і сілаў», – сказаў Бабіч.

Пра расейскія войскі ў Беларусі

«На сёньняшні дзень баявых магчымасьцяў расейскіх узброеных сілаў, беларускіх узброеных сілаў дастаткова для адбіцьця любой агрэсіі любога праціўніка. У сёньняшняй сытуацыі рабіць нічога не трэба. Але калі, вядома, гэты парытэт будзе парушаны, то, як правільна сказаў прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, вярхоўныя галоўнакамандуючыя знойдуць эфэктыўнае рашэньне для таго, каб адэкватна адрэагаваць на тое разьвіцьцё сытуацыі, якое можа адбыцца» — адзначыў пасол Бабіч.

Пра альтэрнатыву расейскай нафце

«Што тычыцца альтэрнатывы, па якой пастаўлена задача прэзыдэнтам Беларусі (знайсьці альтэрнатыўнага пастаўшчыка нафты для заводаў краіны), то адказ, магчыма будзе нечаканым. Калі Беларусі ўдасца выканаць даручэньне свайго прэзыдэнта, то мы, безумоўна, будзем гэтаму толькі рады. Рады чаму? Калі нашы партнэры знойдуць нафту таньнейшая за расейскую, яны больш заробяць – і мы не можам гэтаму ня цешыцца», – сказаў Бабіч.

Пра Саюзную дзяржаву і фарматы інтэграцыі

«Калі мы сёньня лічым, што фармат Саюзнай дзяржавы нашым народам патрэбны, давайце сядзем і разьбярэмся, што трэба зрабіць для руху наперад. Калі мы лічым, што гэтая мадэль у нейкай ступені сябе вычарпала і яе трэба закансэрваваць, пераключыўшыся на ЭАЭС ці іншыя фарматы, давайце зробім гэта. Толькі па-шчыраму дамовімся, што мы будуем, і далей будзем адпавядаць гэтым правілам», — цытуе Бабіча ТАСС.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG