Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь «застрахаваная ўзброенымі сіламі і ядзерным парасонам» Расеі, — амбасадар Бабіч


Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч у інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» расказаў, чым так званая «саюзная дзяржава» адрозьніваецца ад Эўразійскага эканамічнага саюзу, куды таксама ўваходзяць Расея і Беларусь (а таксама Армэнія, Казахстан і Кіргізстан).

Ён адзначыў, што «Саюзная дзяржава» старэйшая за ЭАЭС на 15 гадоў, і растлумачыў:

«Перадусім, для эканомікі Рэспублікі Беларусь і цана на паліўна-энэргетычныя рэсурсы, газ, нафту, нафтапрадукты, і магчымасьць доступу на вялізны расейскі рынак, і доступ да расейскіх субсыдыяў для расейскіх прадпрыемстваў, і пытаньні вайскова-тэхнічнай палітыкі — усё значна выгадней у эканамічным пляне, чым паводле правілаў Эўразійскага эканамічнага саюзу», — пералічыў Бабіч.

«Другі аспэкт палягае ў пытаньнях ваеннай бясьпекі, — працягнуў ён. — Бясьпека Рэспублікі Беларусь застрахаваная ўзброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі і ядзерным парасонам, які існуе ў Расеі. І гэта таксама гіганцкія выдаткі расейскага бюджэту, якія мы нясем на супольную абарону і бясьпеку, хоць у нас ёсьць супольная рэгіянальная групоўка войскаў і сілаў.

Але самае галоўнае, канечне, адрозьненьне — гэта тое, што ўсё ж Эўразійскі саюз — гэта саюз эканамічны, а „саюзная дзяржава“ — гэта саюз палітыка-эканамічны. Гэта саюз двух братніх славянскіх народаў з агульнай культурай, агульнымі традыцыямі, агульнай гісторыяй, агульнай мовай».

Бабіч адзначыў, што ў Расеі вельмі цэняць, што Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, дзе расейская мова мае дзяржаўны статус нароўні з нацыянальнай. Акрамя Беларусі, «дзяржаўнай мовай» расейскую называюць у непрызнаных «ДНР» і «ЛНР» ва Ўкраіне, «ПМР» у Малдове і «Рэспубліцы Паўднёвая Асэтыя» ў Грузіі. У Латвіі ў 2012 годзе праходзіў рэфэрэндум за наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай, каб зраўнаць яе ў гэтым дачыненьні з латыскай, але «за» прагаласавалі толькі 24,88%.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG