Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «бітве за Бабіча» Лукашэнка перамог. Але што ён за гэта паабяцаў Пуціну?


У ацэнцы адкліканьня Міхаіла Бабіча з пасады амбасадара Расеі ў Беларусі хацелася б пазьбегнуць празьмернага неабгрунтаванага аптымізму.

Сьцісла

  • Новы расейскі амбасадар — мяккі, неканфліктны чыноўнік без залішніх палітычных амбіцыяў.
  • З заменай амбасадара сур’ёзныя пытаньні Менску з Масквой зноў будуць вырашацца на ўзроўні, значна больш вышэйшым за амбасадара.
  • Крэмль ня робіць нічога, што можа ўспрымацца як саступка, учыненая пад ціскам.
  • Хутчэй, «саступка» зробленая ў якасьці авансу за нейкія наступныя патрэбныя Маскве рашэньні.
  • Лукашэнка вытаргаваў ня толькі адкліканьне Бабіча, але і спакойнае, без умяшаньня Масквы, правядзеньне ўласных перавыбараў.

​Вядома, беларуская прапаганда прадставіць адстаўку Бабіча як безумоўную перамогу афіцыйнага Менску. Маўляў, чалавек, які выйшаў за рамкі дыпляматычнасьці і, як было сказана ў заяве прадстаўніка беларускага МЗС, «не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай» — цяпер ганебна адасланы назад, у Маскву, што паслужыць урокам на будучыню для іншых.

Не выклікае сумневу і рэакцыя шавіністычных колаў у Расеі, якія дратуе сама наяўнасьць беларускай дзяржаўнасьці. Усе апошнія тыдні расейскія тэлеграм-каналы такой накіраванасьці ажыўлена апісвалі бітву за Бабіча, прадстаўляючы яе як барацьбу «патрыятычных сілаў» супраць «прабеларускага лобі» ў Маскве. «Адкліканьне Бабіча будзе азначаць поўную паразу Пуціна ва ўнутрырасейскай барацьбе і поўную паразу Расеі на беларускім кірунку» — пісаў незадоўга да зьяўленьня навіны пра адкліканьне тэлеграм-канал «Бульба престолов», які лічыцца блізкім да шавіністычнага сайту Regnum.

​Пра «перамогу» Менску кажа і кандыдатура новага амбасадара, сэнатара Дзьмітрыя Мезенцава, які дагэтуль быў генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і губэрнатарам Іркуцкай вобласьці. Як відаць з расейскіх крыніц, Мезенцаў — гэта як бы Сурыкаў-2 (Сурыкаў быў да Бабіча амбасадарам Расеі ў Беларусі). Мяккі, неканфліктны, чыноўнік без залішніх палітычных амбіцыяў — поўная процілегласьць Бабічу.

Можна чакаць, што з заменай амбасадара, як і спадзяецца Менск, сапраўды сур’ёзныя пытаньні з Масквой зноў будуць вырашацца не на ўзроўні фігуры амбасадара (што ўспрымалася Менскам як прыніжэньне), а на ўзроўні значна больш вышэйшым — кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.

Чаму Крэмль пагадзіўся пайсьці насустрач Лукашэнку? Крэмль, які апошнія гады ня робіць нічога, што можа ўспрымацца як саступка, учыненая пад ціскам — нават у адносінах з Захадам? Чаму Пуцін, які клапоціцца пра свой «круты» імідж, раптам «саступіў» Лукашэнку бязь нейкай важнай на тое прычыны? Так не бывае. Хутчэй, «саступка» зробленая ў адказ на штосьці, у якасьці авансу за нейкія наступныя патрэбныя Маскве крокі, рашэньні.

Той жа «Коммерсантъ» піша, што падчас апошняй нядоўгай сустрэчы ў Пэкіне Лукашэнка запэўніў Пуціна, што гатовы пачаць рэальную інтэграцыю ў абмен на адкліканьне Бабіча. Пуцін пагадзіўся і даў Лукашэнку год, паабяцаўшы ня ўмешвацца ў гэты час ва ўнутраныя беларускія справы.

То бок, калі верыць гэтай інфармацыі (а яна выглядае даволі лягічна і заканамерна), беларускі кіраўнік вытаргаваў ня толькі адкліканьне Бабіча, але і спакойнае, без умяшаньня Масквы, правядзеньне ўласных перавыбараў.

Такі крок Лукашэнкі выглядае даволі знаёмым і нярэдкім у ягонай палітычнай практыцы — паабяцаць, забясьпечыць сабе яшчэ трошкі спакойнага і спрыяльнага часу (дзень прастаяць, ноч пратрымацца). А далей — паглядзім, «ці ішак памрэ, ці падзішах» — усё можа зьмяніцца, і, маўляў, свае абяцаньні можна будзе і не выконваць.

Рызыкоўная гульня, трэба сказаць. Але цалкам у стылі Аляксандра Лукашэнкі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG