Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіча адклікаюць з пасады амбасадара Расеі, — СМІ

абноўлена

Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча адклікаюць з пасады ў Менску, пішуць расейскія выданьні «Коммерсантъ» і «Интерфакс».

Інфармацыю пра гэта ананімна пацьвердзілі некалькі высокапастаўленых крыніц.​

«Гэта абмяркоўваецца зь мінулага тыдня», – сказала адна з крыніц.

Паводле «Коммерсантъ», адстаўка Бабіча стала вынікаў неаднаразовых просьбаў Лукашэнкі да Пуціна. Апошняя размова нібыта адбылася ў Пэкіне. Падчас яе Лукашэнка нібыта запэўніў Пуціна, што гатовы пачаць «інтэграцыю, якая даўно абмяркоўвалася», але зноў папрасіў адклікаць Бабіча. Пуцін пагадзіўся, даў Лукашэнку год, паабяцаўшы ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі, сьцьвярджае крыніца «Коммерсантъ».

20 красавіка Лукашэнка ня стаў камэнтаваць выказваньні расейскага пасла Міхаіла Бабіча і заявіў, што «Расея зь ім разьбярэцца сама».

Апошняя інфармацыя пра публічную актыўнасьць Бабіча зьявілася на сайце расейскай амбасады ў Беларусі 19 красавіка.

На пасаду новага расейскага амбасадара ў Беларусі разглядаюць кандыдатуру сэнатара Дзьмітрыя Мезенцава, які дагэтуль быў генэральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і губэрнатарам Іркуцкай вобласьці, піша расейскі «РБК».

23 красавіка папулярны расейскі тэлеграм-канал «Кремлевский мамковед» (больш за 100 тысяч падпісантаў) напісаў са спасылкай на крыніцы ў пуцінскай адміністрацыі, што амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч у хуткім часе пакіне сваю пасаду.

​Прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава 26 красавіка заяўляла, што спыненьне паўнамоцтваў расейскага амбасадара ў Беларусі знаходзіцца ў кампэтэнцыі Ўладзіміра Пуціна.

Міхаіла Бабіча прызначылі расейскім амбасадарам у Беларусі 24 жніўня 2018 году. Дагэтуль ён займаў пасаду паўнамоцнага прадстаўніка прэзыдэнта Расеі ў Прыволжскай фэдэральнай акрузе.

Паводле «Коммерсантъ», Бабіч, які не зьяўляўся карʼерным дыпляматам, быў палітычным прызначэнцам. Пачатак яго працы ў Менску супаў з пачаткам больш актыўнай палітыкі Расеі ў беларускім накірунку. З 2018 году Масква патрабуе ад Лукашэнкі рэальных крокаў у бок інтэграцыі, прапісаных у дамове 1999 году аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі.

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG