Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабіч хацеў «усьмірыць», новы амбасадар Расеі будзе «купляць»


Амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч з кіраўніком МУС Беларусі Ігарам Шуневічам. 8 красавіка 2019. Ілюстрацыйнае фота.
Амбасадар Расеі Міхаіл Бабіч з кіраўніком МУС Беларусі Ігарам Шуневічам. 8 красавіка 2019. Ілюстрацыйнае фота.

Як выглядае «пэйзаж пасьля бітвы за Бабіча?» Хто перамог, а хто прайграў у выніку скандалу вакол расейскага амбасадара? Як Расея будзе праводзіць сваю стратэгічную лінію адносна Беларусі ў новых умовах? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Праскі акцэнт» адказваюць намесьнік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч і палітолягі Пётра Рудкоўскі, Андрэй Ягораў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Сьцісла:

  • Бабіч сьвядома паводзіў сабе не як амбасадар, а як генэрал-губэрнатар.
  • Галоўным пераможцам, іміджавым і рэпутацыйным, у гэтай гісторыі стаў беларускі МЗС.
  • «Доўгая стратэгія Расеі — на сталае зацісканьне самастойнасьці Беларусі».
  • Вялася такая «пацанская гульня», дзе кожны бок імкнуўся паказаць, хто тут галоўны.

Пэйзаж пасьля бітвы за Бабіча

Цыганкоў: Як выглядае «пэйзаж пасьля бітвы за Бабіча?» З чым засталіся абодва бакі? Ці зьменіцца палітыка Расеі пасьля адкліканьня Бабіча і замены амбасадара?

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Янукевіч: Пра стратэгічную перамогу ці паразу казаць недарэчна. Але я лічу, што беларускія ўлады тут набралі пунктаў, іх можна лічыць пераможцамі. Я не лічу, што адкліканьне Бабіча было набытае за нейкія саступкі. Найбольш дарэчным тут будзе тэрмін «адбіліся». Беларускія ўлады здолелі дамагчыся таго, што спынілі Расею на нейкіх рубяжах. Але Расея не адмовілася ад сваіх задачаў. Наскокам узяць не ўдалося, будуць спрабаваць іншыя мэтады.

Цыганкоў: А што найбольш раздражняла беларускі МЗС у паводзінах Бабіча, чаго ня будзе рабіць новы пасол?

Янукевіч: Бабіч наўпрост сустракаўся з кіраўнікамі прадпрыемстваў, раёнаў, зь міністрамі, магчыма, нават нагаворваў зь імі на Лукашэнку. Ён сьвядома не паводзіў сабе як амбасадар, паводзіў сабе як генэрал-губэрнатар. Але супраціў беларускіх уладаў быў цьвёрды, і Пуцін пабачыў, што трэба іншыя мэтады.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Ягораў: Тое, што бачна на паверхні, — перамог, вядома, Менск. Асаблівы статус Бабіча як спэцпрадстаўніка адразу выклікаў непаразуменьні ў Менску. І прызначылі яго фактычна супраць волі афіцыйнага Менску. Далей беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб выціснуць Бабіча з гэтай прасторы.

Бабіч спрабаваў панізіць статус самога Лукашэнкі ў Беларусі. У Менску і Масквы даволі шмат шэрых схемаў у адносінах — пастаўкі вуглевадародаў, «санкцыёнка». Менск актыўна выкарыстоўваў гэтыя магчымасьці, каб у розных сытуацыях падстаўляць Бабіча, паказваць ягоную некампэтэнтнасьць, ягоную разбуральную ролю. Вялася такая «пацанская гульня», дзе кожны бок імкнуўся паказаць, хто тут галоўны. Нашыя ўлады «апускалі» Бабіча тым, што зь ім жорстка размаўлялі на ўзроўні прэсавага сакратара МЗС.

Цыганкоў: Калі Масква Бабіча пасылала сюды менавіта з пэўнай мэтай, задачай і місіяй — няўжо яна не разумела, што Менску гэта актыўна не спадабаецца?

Ягораў: Магчыма, разьлік быў якраз на тое, каб усталяваць новы фармат адносінаў, панізіць узровень Лукашэнкі. Я ня думаю, што яны наіўна разьлічвалі, што ўсё выйдзе гладка. Субсыдыі і падатковы манэўр тут былі аргумэнтам і сродкам ціску. Але не атрымалася.

Галоўны пераможца, іміджавы і рэпутацыйны, — беларускі МЗС

Пётра Рудкоўскі
Пётра Рудкоўскі

Рудкоўскі: Галоўным пераможцам, іміджавым і рэпутацыйным, тут зьяўляецца беларускі МЗС. Мяне цікавіць, наколькі МЗС паводзіў сабе самастойна, ці ўзгадняліся з Адміністрацыяй прэзыдэнта выказваньні прадстаўніка МЗС Глаза. У любым выпадку, на ўнутрыпалітычнай сцэне МЗС паказаў сабе як вельмі прыкметны актар. Але нават калі гэтыя рэчы ўзгадняліся, актыўнасьць МЗС вельмі хутка атрымала пэўны вынік, і таму гэта выразна прасочваецца як перамога МЗС.

Цыганкоў: То бок можна казаць пра рэпутацыйны і намэнклятурны рост міністра замежных спраў Уладзімера Макея.

Рудкоўскі: Рэпутацыйны, і ў публічнай прасторы, і ўнутры ўладнай сыстэмы — гэта відавочна паспрыяе росту ягонага аўтарытэту.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Удзельнікі нашай гутаркі ня лічаць, што Менск нешта паабяцаў Маскве ў адказ на высылку Бабіча. Але лягічна было б меркаваць, што нейкія крокі ў адказ Менск усё ж павінен зрабіць, прадэманстраваць, што ён таксама мусіць у нечым ісьці насустрач Маскве, ці ня так?

Ягораў: Не, зусім ня так. Пытаньне амбасадара ўвогуле не зьяўляецца ключавым у адносінах Беларусі і Расеі. Што было кепска з Бабічам — што ён умешваўся ў сталую гэтую схему адносінаў і спрабаваў перайначыць яе, навязаць іншую — што вельмі не задавальняла афіцыйны Менск. Магчыма, Лукашэнка штосьці мог пэрсанальна сказаць Пуціну, і гэта было выкарыстана расейскай прэсай. Але каб гэта было нешта сутнаснае і рэальнае — я ня думаю, што Менск можа нешта абяцаць толькі дзеля амбасадара.

Цыганкоў: А калі новы амбасадар будзе паводзіць сабе гэтаксама, як і Бабіч?

Ягораў: Але тады зь ім будзе тое самае, што і з Бабічам. Тут альбо пераглядаць усю сыстэму адносінаў, бо нельга дзеля пэрсоны амбасадара прымусіць незалежную краіну пайсьці на саступкі ў справе свайго сувэрэнітэту, гэта надта нізкая цана.

Цыганкоў: Што цяпер беларускія ўлады павінны рабіць з усімі тымі чыноўнікамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, якія сустракаліся з Бабічам? Ці гэта былі проста сустрэчы, ці выкананьне пэўнага заданьня?

Янукевіч: Я перакананы, што гэта было заданьне. Заданьне было «ўсьмірыць» — то бок прыехаць, націснуць, паставіць на месца. Новы амбасадар, я перакананы, будзе дзейнічаць іншымі мэтадамі. У яго будзе задача — «купляць». Ня браць нахрапам, а працаваць з элітамі.

Цыганкоў: Зь якой мэтай?

Янукевіч: З мэтай падрыхтаваць глебу для розных сцэнараў анэксіі Беларусі ў будучыні. Я перакананы, што ад такой задачы Масква не адмовілася.

Рудкоўскі: Зь цяперашняй крамлёўскай уладай пра парытэт у адносінах ня можа быць гаворкі. Стратэгічная мэта Расеі ў дачыненьні да Беларусі і ўсёй постсавецкай прасторы — захаваньне поясу несамастойных, фармальна незалежных дзяржаў, якія будуць у эканамічным, палітычным, сьветапоглядным пляне залежныя ад Расеі.

Тое, што адбываецца, — гэта тактычныя манэўры. Магчыма, пабачылі, што перагнулі трошкі з гэтым Бабічам, няхай будзе замест «ястраба» — «голуб». Але зь вельмі падобным пакетам задач. Нават на рытарычным узроўні гэта вельмі важна для Расеі — падкрэсьліваць адданасьць гэтай ідэі. Гэта адзін з інструмэнтаў для Масквы — каб ажыцьцяўляць доўгатэрміновую мэту захаваньня Беларусі ў сфэры інтарэсаў Расеі.

«Расея сур’ёзна настроеная ліквідаваць значную частку беларускага сувэрэнітэту»

Цыганкоў: Як у найбліжэйшы год будуць вырашацца стратэгічныя разыходжаньні ў інтарэсах Беларусі і Расеі? Ці бакі пэўны час будуць рабіць выгляд, што цяпер усё добра, ці рытарычныя і эканамічныя сваркі разгарацца ўжо даволі хутка?

Янукевіч: Агульная лінія Расеі ня зьменіцца. Масква будзе эканамічна і інфармацыйна душыць і Лукашэнку, і ўсю Беларусь. Каб стварыць сытуацыю, калі на прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка будзе ісьці аслаблены, каб напярэдадні выбараў змусіць яго да нейкіх крокаў. Я прагназую яшчэ большае стварэньне эканамічных праблемаў для Беларусі, абмежаваньне доступу да рынкаў, працяг інфармацыйных войнаў. Я ня веру, што яны «аддадуць» гэты год Лукашэнку, напружаньне нікуды ня зьнікне.

Рудкоўскі: Можна даць прагноз, што будзе зьмена тактыкі з захаваньнем асноўнай стратэгіі Расеі. Ня варта перабольшваць значэньне Беларусі для Расеі. Там вельмі шмат іншых праблемаў на замежнапалітычнай арэне. Іншы момант — варта памятаць, што рэйтынг Лукашэнкі ў Расеі даволі высокі, параўнальны з рэйтынгам Пуціна ў Беларусі.

Ня думаю, што на сёньня распрацаваны сцэнар нейкіх вострых крокаў і захадаў адносна Беларусі. Але па меры разьвіцьця падзеяў, набліжэньня выбараў у Беларусі Крэмль можа перабудаваць сваю тактыку. Аднак цяпер больш перадумоваў для таго, каб прагназаваць момант пэўнага зацішша, прымірэньня.

Ягораў: Стаўкі Расеі значна большыя, чым проста захаваньне Беларусі ў сфэры свайго ўплыву. Расея значна больш сур’ёзна настроеная на ліквідацыю значнай часткі сувэрэнітэту Беларусі. Калі яна гуляе ў доўгатэрміновым пэрыядзе, то можна чакаць доўгай стратэгіі сталага зацісканьня Беларусі, ліквідацыі эканамічных прэфэрэнцыяў, абмежаваньня доступу да расейскага рынку. Зь іншага боку, гэта будзе рабіцца такім чынам, каб ня даць Беларусі пераарыентаваць гандлёвыя плыні на Захад.

Гэта будзе ізаляцыя, паніжэньне эканамічнага дабрабыту Беларусі, стварэньне праблемаў, інфільтрацыя расейскай агентурай, напампоўваньне мэдыйнай прасторы і сацыяльных сетак расейскім кантэнтам, скупляньне чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў — то бок падрыхтоўка глебы для анэксіі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG