Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка далучыўся да дыскусіі, як абараняць Бацькаўшчыну


Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, 2 ліпеня

Першае ўражаньне ад выступу Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе да Дня Незалежнасьці — чакаў нечага большага.

Усё ж такі юбілей, 75-я гадавіна вызваленьня Беларусі ад фашыстаў. І праз тры тыдні будзе 25-я гадавіна знаходжаньня пры ўладзе. Думалася, пачую нейкія больш фундамэнтальныя высновы.

Але ў рэальнасьці ўсё была традыцыйна. Калі вынесьці за дужкі камэнтар наконт спрэчкі вакол «закона аб адтэрміноўцы», то выступ аказаўся ўвогуле адносна кароткі. У ранейшых аналягічных выступах было больш гучнай рыторыкі і патасу.​

Як звычайна, Лукашэнка абрынуўся на «дэструктыўныя сілы», якія «спэкулююць» на тэму «пралікаў, дапушчаных у пачатку Вялікай Айчыннай вайны». Але ліквідацыя кіроўнага складу Чырвонай Арміі напярэдадні вайны больш пасуе назваць «злачынствам», чым «пралікам».

Аднак у Лукашэнкі іншая думка:

«Гэтыя пралікі ў цяжкія, складаныя пэрыяды разьвіцьця той ці іншай дзяржавы непазьбежныя... Мы не дазволім зрушыць акцэнты той эпохі і перакласьці адказнасьць за ваенныя страты на людзей, якія да апошняга верылі ў сумленнасьць дасягнутых і палітычных дамоўленасьцей напярэдадні вайны, і запэўненьняў, і абяцаньняў».

У перакладзе на зразумелую мову гэта гучыць так: рукі прэч ад Сталіна, які да апошняга верыў у сумленнасьць Гітлера. Аднак лічыць веру ў сумленнасьць Гітлера нявінным і «непазьбежным пралікам» – значыць мець вельмі своеасаблівыя ўяўленьні пра гісторыю.

Але найбольш цікавы сюжэт выступу Лукашэнкі – гэта камэнтар наконт спрэчкі вакол «закона аб адтэрміноўцы» службы ў войску. Ён абрынуўся на тых, хто аспрэчвае гэты закон у «нашай вялікай «сьметніцы», то бок у інтэрнэце.

Кіраўнік Беларусі лічыць, што дзеля абароны краіны ёсьць тры варыянты: альбо заключыць саюз з NATO, альбо мець саюз з Расеяй ці ўступленьне ў РФ, альбо абараняць самім. Аднак Лукашэнка сьвядома падмяняе тэму дыскусіі.

Крытыкі закону як раз і прапануюць, як лепш арганізаваць абарону краіны. І самая галоўная ідэя – гэта ўступіць у саюз з беларускім грамадзтвам. Каб сьвядома выконваць грамадзянскі абавязак, у краіне павінны быць грамадзяне, а не дзяржаўныя падданыя, якіх трэба заганяць у войска пагрозамі рэпрэсій. Грамадзяне павінны мець магчымасьць уплываць на прыняцьце палітычных рашэньняў, у тым ліку, на згаданы закон.

Другі момант. Патрэбен грамадзянскі кантроль за войскам, яно не павінна быць падобным на турму, дзе ад безвыходнасьці жаўнеры канчаюць жыцьцё самагубствам.

І нарэшце, вярнуць тэрміну «патрыятызм» яго беларускую аснову. Дарэчы, культ Вялікай Айчыннай вайны ў тым выглядзе як ён інтэрпрэтуецца на афіцыйным узроўні, фарміруе, хутчэй, савецкі патрыятызм, а не беларускі. Ці, напрыклад, чыіх патрыётаў рыхтуе сувораўская вучэльня? Прызыўнікі ў войска павінны разумець, што яны будуць абараняць Радзіму, а не нейкую міталягічную Саюзную дзяржаву

(Нагадаю, Беларусь і Расея абмяркоўваюць Ваенную дактрыну Саюзнай дзяржавы).

І дарэчы, патасна разважаючы пра гістарычны посьпех беларускай дзяржаўнасьці, Лукашэнка ніяк не ўзгадаў інтэнсіўныя перамовы Беларусі з Расеяй аб інтэграцыі. Таксама даволі паказальны факт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG