Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Посткрымскае пахмельле. Як беларусы павінны прачытаць пасланьне Пуціна


Кадэты-казакі слухаюць пасланьне пуціна ў Растове-на-Доне
Кадэты-казакі слухаюць пасланьне пуціна ў Растове-на-Доне

З пасланьня Пуціна да Фэдэральнага сходу вынікае значная карэкцыя палітыкі Расеі адносна Беларусі.

Сьцісла

  • Зьмена грамадзкіх настрояў у Расеі вядзе да пэўнай карэкцыі замежнай палітыкі Крамля.
  • Курс на «паглыбленьне інтэграцыі» ў рамках мадэлі Саюзнай дзяржавы стаў стратэгічнай лініяй Масквы адносна Беларусі.
  • Зьмяншэньне субсыдый беларускай эканоміцы будзе падтрымана расейскім грамадзтвам.
  • Вэрсія сілавога сцэнару Расеі супраць Беларусі становіцца менш актуальнай, бо цяпер у РФ замежнапалітычны посьпех не канвэртуецца ва ўнутрыпалітычны.

Зьмена грамадзкіх настрояў у Расеі, посткрымскае пахмельле

Сёньняшняе пасланьне Ўладзіміра Пуціна Фэдэральнаму сходу радыкальна адрозьнівалася ад мінулагодняга. Найперш — па структуры, удзельнай вазе розных тэмаў і пытаньняў.

У пасланьні 2018 году асноўнай ідэяй была фарсаваная мілітарызацыя краіны дзеля ядзернай вайны з ЗША. Трэць таго выступу Пуціна прысьвячалася рэкляме найноўшага ўзбраеньня. І расейская грамадзкасьць сустрэла гэта з захапленьнем. Пасьля далучэньня Крыму ідэя велічы Расеі праз дэманстрацыю вайсковай сілы ў замежжы здабыла масавую падтрымку насельніцтва, рэйтынг Пуціна ўзьнёсься да рэкордных вышынь. Канцэпт «Гарматы замест масла», здаецца, ня выклікаў асаблівага пярэчаньня расейцаў. На гэтай хвалі Пуцін упэўнена перамог на прэзыдэнцкіх выбарах.

І вось за год раптам усё моцна памянялася. Гэтым разам 3/4 пасланьня было прысьвечана ўнутранай палітыцы, пытаньням эканамічнага разьвіцьця, сацыяльнай абароны людзей. Мілітарысцкая рыторыка, ваенныя пагрозы ўсяму сьвету ў выступе прэзыдэнта мінімізаваліся. Чаго раптам? У чым прычыны такой рэзкай перамены?

Усё тлумачыцца даволі моцнай зьменай грамадзкіх настрояў у Расеі. Пэнсійная рэформа каталізавала сэйсьмічны зрух масавай сьвядомасьці. Людзі раптам убачылі, што на тле замежнапалітычных посьпехаў (пра якія кажа тэлепрапаганда) узровень жыцьця заўважна зьнізіўся. Давер да ўлады рэзка ўпаў. Паводле сацыялягічных дасьледаваньняў ВЦИОМ, у студзені рэйтынг даверу Пуціну апусьціўся да 33,4%. Гэта мінімум з 2006 году. Нагадаю, што адразу пасьля далучэньня Крыму ўзровень даверу да прэзыдэнта сягаў 86%.

Такім чынам, Расея перажывае посткрымскае пахмельле. Аказалася, што адначасова гарматы і масла расейскія ўлады ня могуць забясьпечыць. Мадэль патрыятычнай мабілізацыі зьдзьмулася. Бясконцыя ток-шоў на фэдэральных тэлеканалах ужо не даюць ранейшага эфэкту. У расейскіх абывацеляў узьнікае лягічнае пытаньне: чаму на Крым, Данбас, Сырыю, Вэнэсуэлу (туды РФ убухала 17 млрд даляраў) грошы ёсьць, а на пэнсіі — няма?

Пуцін пачуў голас расейскай масавай сьвядомасьці. І ягоны зварот да народу значна памяняўся. Цяпер ён кажа пра тое, што найперш хвалюе людзей.

Але ўзьнікае натуральнае пытаньне: гэта сапраўды зьмена палітыкі — ці толькі зьмена рыторыкі? Ці азначае гэта, што Масква зьменшыць замежнапалітычную актыўнасьць?

Зразумела, рэзка памяняць замежную палітыку цяжка, бо, напрыклад, вельмі моцна Расея загрузла ва ўкраінскім і сырыйскім балоце. Але, думаю, пэўная карэкцыя замежнапалітычнага курсу будзе. У нейкім сэнсе гэта праглядаецца і ў пасланьні Пуціна. Рыторыка на адрас Захаду стала больш спакойнай.

Масква будзе праціскаць «паглыбленьне інтэграцыі» зь Беларусьсю

Як усё гэта тычыцца Беларусі? Апошнімі гадамі ў пасланьні Пуціна Беларусь амаль ня згадвалася. Хіба толькі ў кантэксьце палітыкі РФ адносна ЭАЭС.

А вось цяпер бліжэйшаму саюзьніку быў прысьвечаны цэлы сказ: «Лічым слушным актыўна паглыбляць узаемадзеяньне ў рамках Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, у тым ліку больш цесную каардынацыю ў зьнешнепалітычнай сфэры, у эканоміцы».

Пуцін паўтарыў рыторыку расейскіх афіцыйных асобаў апошніх месяцаў. «Паглыбленьне інтэграцыі» ў рамках мадэлі Саюзнай дзяржавы — гэта, гледзячы па ўсім, стала стратэгічнай лініяй Масквы адносна Беларусі. Таму і замацавана ў пасланьні, якое ў пэўным сэнсе — праграмны дакумэнт.

Гэта азначае, што Крэмль не адстане ад Лукашэнкі, што адмовай кампэнсаваць падатковы манэўр справа не абмяжуецца. Трэба чакаць, што наступным рычагом, каб прымусіць Беларусь да «паглыбленьня інтэграцыі», стане пытаньне цэнаў на газ з 2020 году. А там у тым жа кантэксьце можа паўстаць і тэма расейскіх крэдытаў. То бок нічога добрага гэтая рэпліка ні Лукашэнку, ні Беларусі не абяцае.

Субсыдыі беларускай эканоміцы скароцяцца

Калі сапраўды Крэмль плянуе пераарыентаваць дзяржаўныя выдаткі з замежнай палітыкі на ўнутраную, то адмова ад нафтавага і газавага гранту Беларусі якраз добра ўпісваецца ў гэты трэнд. І будзе падтрымана расейскім грамадзтвам.

У былыя часы, калі Расея зьмяншала субсыдыі беларускай эканоміцы, Лукашэнка выкарыстоўваў тактыку скандалу, пачынаў сварыцца, апэляваць да расейскага грамадзтва і эліты, казаць, што мы абараняем Маскву ад натаўскіх танкаў, а гэтыя крамлёўскія шкадуюць грошай для братоў, зь якімі ў адным акопе гнілі. То бок ціснуў на імпэрскія комплексы, і гэта давала эфэкт.

А вось цяпер грамадзкія настроі ў Расеі павярнуліся ў іншы бок, і тактыка скандалу, хутчэй за ўсё, не спрацуе. Здаецца, Лукашэнка гэта разумее, таму і маўчыць.

Верагоднасьць сілавога сцэнару Расеі супраць Беларусі моцна зьменшылася

І яшчэ адна выснова. Апошнімі месяцамі ў мэдыях было шмат алярмісцкіх прагнозаў, што Расея гатовая прымяніць сілавы сцэнар, каб далучыць Беларусь па крымскай ці данбаскай схеме. І аргумэнты прыводзіліся такія. Маўляў, Пуціну дзеля падняцьця рэйтынгу, аднаўленьня «посткрымскага кансэнсусу», патрыятычнай мабілізацыі патрэбна новая маленькая пераможная вайна, і адзіны варыянт дзеля рэалізацыі такой ідэі — гэта Беларусь.

Дык вось, на тле тых працэсаў, якія цяпер разьвіваюцца ў Расеі, такія прагнозы перастаюць быць актуальнымі. Цяпер там адваротны трэнд, замежнапалітычны посьпех не канвэртуецца ва ўнутрыпалітычны. Далучэньне Беларусі можа нават, наадварот, выклікаць раздражненьне расейцаў. Маўляў, мала нам выдаткаў на Крым, Данбас, Сырыю, дык цяпер трэба будзе яшчэ ўтрымліваць і Беларусь.

Таму варта супакоіцца і зыходзіць з таго, што беларусам давядзецца выжываць пры моцным зьмяншэньні расейскай эканамічнай падтрымкі. І гэта тая новая нармальнасьць, да якой трэба будзе адаптавацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG