Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: «сатэліты» ЗША «падрохкваюць» Вашынгтону


Уладзімір Пуцін
Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, выступаючы ў Маскве з пасланьнем да Фэдэральнага сходу, заявіў, што ў адказ на меркаваны выхад Злучаных Штатаў з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці Расея разгорне ракетныя сыстэмы, нацэленыя ня толькі на ўзбраеньні, але і на цэнтры прыняцьця рашэньняў на тэрыторыі ЗША ды іхных саюзьнікаў.

«Няхай ЗША палічаць далёкасьць і хуткасьць нашых сыстэмаў зброі. Няхай спачатку палічаць, а потым прымаюць рашэньні аб пагрозах на адрас нашай краіны», — сказаў Пуцін.

Абвінавачваньні ЗША на адрас Расеі ў парушэньні дамовы ён назваў надуманымі. Саюзьнікі Злучаных Штатаў, паводле словаў прэзыдэнта Расеі, «падрохкваюць» Вашынгтону ў гэтым пытаньні. Гэтыя словы выклікалі воплескі ў залі.

На думку Пуціна, Злучаныя Штаты праводзяць антырасейскую палітыку, Расея ж не зацікаўленая ў канфрантацыі з ЗША і хоча міру.

Гаворачы аб пераўзбраеньні расейскай арміі, Пуцін згадаў, што ўжо вельмі хутка на ўзбраеньне паступяць міжкантынэнтальныя ракеты «Сармат», гіпэргукавы комплекс «Авангард», лязэрны комплекс «Перасьвет» і марскі комплекс «Пасейдон». Пуцін згадаў і аб распрацоўцы новай гіпэргукавай ракеты «Цыркон». Відэаролікі, адрозна ад мінулага году, на гэты раз не дэманстраваліся.

Гаворачы пра замежную палітыку, Пуцін сказаў пра важнасьць разьвіцьця сувязяў зь Беларусьсю, Кітаем, Індыяй, Японіяй і краінамі Паўднёва-Ўсходняй Азіі, а таксама выказаў надзею на наладжваньне адносін з краінамі ЭЗ.

Пуцін у пасланьні не згадаў Украіну і не казаў пра Сырыю.

Замежнай палітыцы і абароне сёлета была прысьвечана меншая частка пасланьня ў яго другой палове. Большая частка выступу была пра сацыяльныя праблемы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG