Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 забытых фактаў пра беларускую Канстытуцыю. Куды зьніклі яе аўтары і чаму Лукашэнка мае царскія паўнамоцтвы


Тузін фактаў пра Канстытуцыю, якія распавёў Свабодзе сябра Канстытуцыйнай камісіі, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў.

1. На вокладцы Канстытуцыі ўзору 1994 году была старажытная «Пагоня»

Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прыняў 15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Асноўны закон краіны падпісаў тагачасны сьпікер парлямэнту Мечыслаў Грыб. На вокладцы Канстытуцыі — старажытны герб «Пагоня».

Міхаіл Пастухоў
Міхаіл Пастухоў

2. Канстытуцыя патрэбная, каб вызначыць лад дзяржавы

Канстытуцыю называюць Асноўным Законам краіны. Яна патрэбная, каб вызначыць лад дзяржавы, сыстэму яе органаў і паказаць, якія правы і свабоды мае грамадзянін і як іх можна абараняць.

3. Над Канстытуцыяй Беларусі працавалі 4 гады 100 чалавек

Задачу стварыць Канстытуцыю паставілі ў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай СССР, якую прынялі 27 ліпеня 1990 году. У распрацоўшчыкі Канстытуцыі запісалася каля 60 дэпутатаў Вярхоўнага Савету і больш за 30 юрыстаў. Было створана дзьве групы. Першую ачольваў Васіль Шаладонаў, які на той час быў намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету. Другой групай кіраваў Віктар Ганчар. Каля Шаладонава канцэнтраваліся больш сталыя і заслужаныя юрысты, каля Ганчара — моладзь. Пасьля гэтыя дзьве групы аб’ядналі ў адну. Ініцыятыву захапіла кансэрватыўная частка групы, а маладых юрыстаў адціснулі ад далейшай працы.

4. Шаладонаў памёр пасьля выбуху, Ганчар бясьсьледна зьнік

Сябра Канстытуцыйнай камісіі Васіль Шаладонаў пасьля працаваў Генэральным пракурорам Беларусі, ачольваў менскае прадстаўніцтва Сталага камітэту так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Увосень 2006 году на ягоным лецішчы выбухнуў газавы балён. Шаладонаў памёр у лякарні ад апёкаў.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі Віктар Ганчар быў намесьнікам старшыні ўраду, старшынём ЦВК. Затым перайшоў у апазыцыю. Як дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня актыўна ўдзельнічаў у працэдуры імпічмэнту Лукашэнкі ў 1996 годзе, якая не была даведзеная да канца. У траўні 1999 году Віктар Ганчар арганізаваў кампанію па выбарах прэзыдэнта Беларусі ў сувязі з заканчэньнем прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнкі, якую сарвалі ўлады. 16 верасьня 1999 году Віктар Ганчар разам са сваім сябрам бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім зьніклі бязь вестак. Пазьней на месцы, дзе, як мяркуецца, адбылося выкраданьне, знайшлі аскепкі шкла аўтамабіля і сьляды крыві.

Віктар Ганчар
Віктар Ганчар

5. Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце пасады прэзыдэнта не прадугледжвала

У тэксьце Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР прэзыдэнцкая пасада няе згадвалася. Але пракамуністычная бальшыня ў Вярхоўным Савеце і юрыдычная прафэсура старой школы «прабілі» гэтую пасаду.

6. Пасаду прэзыдэнта прыдумалі пад Кебіча

Спачатку ідэя прэзыдэнцтва разглядалася канстытуцыйнай камісіяй, якая ўтварылася на базе дзьвюх груп, як чыста тэарэтычная ідэя. Але чым далей працягвалася праца над Асноўным Законам, тым больш выразна акрэсьлівалася асоба, пад якую Канстытуцыя стваралася. Гэта быў тагачасны прэм’ер Вячаслаў Кебіч.

Ішлі доўгія дыскусіі пра тое, якой павінна стаць пасада прэзыдэнта. Урэшце схіліліся да памяркоўнага варыянту — парлямэнцка-прэзыдэнцкай сыстэмы кіраваньня краінай. Парлямэнт станавіўся галоўным, а прэзыдэнт быў як бы пры ім. У Вярхоўнага Савету заставалася шмат рычагоў уплыву на яго. Напрыклад, прэзыдэнту можна было абвясьціць імпічмэнт нават у выпадку аднаразовага парушэньня ім Канстытуцыі і законаў. Але паколькі Канстытуцыя рабілася «пад Кебіча» і фармальна ён меў моцную падтрымку ў Вярхоўным Савеце, тады думалася, што прэзыдэнт і парлямэнт будуць працаваць тандэмам.

Аляксандар Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч
Аляксандар Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч

7. Лукашэнку маглі не дапусьціць да выбараў з-за маладога ўзросту

Тое, што адбылося, гэта ўнікальная і парадаксальная сытуацыя беларускай гісторыі. Падчас працы Канстытуцыйнай камісіі норма пра тое, што прэзыдэнтам можа быць асоба ва ўзросьце ня меней за 40 год, не выклікала ніякіх спрэчак. Усе сышліся на тым, што прэзыдэнт павінен быць асобай сталай, якая адбылася. У апошнім надрукаваным варыянце Асноўнага закону была менавіта гэтая ўзроставая норма. Калі б яна захавалася, то Лукашэнка «пралятаў» бы міма першых прэзыдэнцкіх выбараў. 40 год яму спаўнялася 30 жніўня 1994 году. А першы тур выбараў адбыўся яшчэ 23 чэрвеня.

Калі дайшла справа да апошняга абмеркаваньня, дэпутат Лукашэнка выступіў і заявіў: чаму прэзыдэнтам такой магутнай краіны, як ЗША, можа быць грамадзянін, якому больш за 35 год, а Беларусі — толькі больш за 40? Гэта азначае, што больш сталыя па ўзросьце прэтэндэнты баяцца больш маладых. Так лічбу 40 у самым апошнім варыянце Канстытуцыі зьмянілі на 35.

8. На рэфэрэндуме 1996 году прынялі не дапаўненьні і зьмяненьні да Канстытуцыі, а фактычна новую Канстытуцыю

Калі ўзяць у рукі Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, то на ім афіцыйна прапісана: КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэфэрэндумах 24 лістапада 1996 г. і 17 кастрычніка 2004 г.). Рэальна трэба гаварыць пра новую Канстытуцыю, настолькі кардынальныя зьмены ўнесеныя ў яе.

Яшчэ шэраг судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, у тым ліку і я, былі ўпэўненыя ў гэтым. Але памяркоўная бальшыня пагадзілася, што так званыя зьмяненьні і дапаўненьні можна выносіць на рэфэрэндум. Аднак ён будзе мець не абавязковы, а рэкамэндацыйны характар. І пра гэта было пад зноскай прапісана ў бюлетэнях для галасаваньня.

Насамрэч у Канстытуцыю адразу ўнесьлі зьмены. Прэзыдэнт станавіўся галоўным, а парлямэнт заставаўся як бы пры ім. Прычым парлямэнт распускаўся ўсяго праз 10 месяцаў пасьля яго абраньня. Адбылася зьмена ўлады пад шыльдай рэфэрэндуму.

9. Лукашэнка збаяўся не Ярмошынай, а Ярмошына

Уладзімер Ярмошын
Уладзімер Ярмошын

Са мноства зьменаў прывяду толькі адну. Пасьля рэфэрэндуму ў Канстытуцыі зьявілася норма, што прэзыдэнтам можа быць толькі беларус па нараджэньні. Кажуць, што яе Лукашэнку падказалі дарадцы, якія баяліся, што на чарговых выбарах пераможную альтэрнатыву беларускаму «правадыру» мог скласьці тагачасны старшыня Менскага гарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын.

Паводле Канстытуцыі 1994 году яго павінны былі зарэгістраваць кандыдатам, а пасьля рэфэрэндуму Ярмошын, які нарадзіўся ў Расеі, аўтаматычна ня мог прэтэндаваць на ўдзел у выбарах. Я лічу, што гэта найгрубейшае парушэньне права грамадзянаў Беларусі. Ад яго пацярпеў не адзін Ярмошын, а шмат хто. Сярод іх і я. Я больш за 40 гадоў жыву ў Беларусі, але паколькі нарадзіўся за 40 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы — на тэрыторыі Расеі, на Браншчыне, — не магу прэтэндаваць на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі.

10. Распрацоўшчыкі новай Канстытуцыі сябе не называюць

Хто распрацоўваў новы варыянт Канстытуцыі — яшчэ адна таямніца беларускай гісторыі. Яны пра сябе нідзе не заяўляюць, захоўваюць маўчаньне. Думаю, таму, што як дасьведчаныя юрысты яны разумеюць, якую цёмную справу зрабілі. Калісьці гісторыя іх усіх назаве.

11. Лукашэнка працягнуў для сябе магчымасьць абірацца прэзыдэнтам бясконцую колькасьць разоў

Канстытуцыя 1994 году ў сваім першым выглядзе забараняла адной і той жа асобе быць прэзыдэнтам больш за два разы. Таму Лукашэнка пасьля выбараў 1994 і 2001 гадоў ня меў права балятавацца на наступных выбарах. Каб «разруліць» сытуацыю, патрэбна было мяняць Асноўны Закон.

І такі варыянт знайшлі. Да кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў 2004 году дадалі рэфэрэндум з адным пытаньнем: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні“?».

Нельга з упэўненасьцю казаць, што ўсе выбарцы разабраліся ў гэтым хітра сфармуляваным пытаньні. Бальшыня, паводле Цэнтравыбаркаму, прагаласавала «за».

У той жа час, паводле артыкула 112 Выбарчага кодэксу, «на рэспубліканскі рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні: ...зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь...».

12. Мы жывем паводле нелегітымнай Канстытуцыі

Праз рашэньне Канстытуцыйнага суду ад 4 лістапада 1996 году пра тое, што вынікі рэфэрэндуму маюць толькі рэкамэндацыйны характар, такі Асноўны закон ня мог пачынаць дзейнічаць. Але, тым ня менш, праз прэзыдэнцкі ўказ са спасылкай на вынікі галасаваньня ён дзейнічае.

Першая публікацыя 15.03.2016

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG