Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Капыльскі актывіст правядзе мітынг на Дзень Канстытуцыі: Буду казаць Лукашэнку, каб сыходзіў


Віктар Дашкевіч на пікеце ў Дзень Канстытуцыі, 2015 год
Віктар Дашкевіч на пікеце ў Дзень Канстытуцыі, 2015 год

Капыльскі райвыканкам дазволіў мясцоваму актывісту БХД Віктару Дашкевічу правесьці ў горадзе мітынг, прымеркаваны да Дня Канстытуцыі.

«Гэта нашая капыльская перамога, бо актывісты БХД падавалі такія ж заяўкі яшчэ ў 10 месцах Беларусі, але толькі ў нас дазволілі. Прычым дазволілі мітынг не на стадыёне, дзе нікога не бывае, а ў сквэры на вуліцы Партызанскай. Аб 11 гадзіне пачнём мітынгаваць, спадзяюся, што прыйдзе да 50 чалавек і яшчэ мінакі далучацца. Мяне ўжо папярэдзілі, каб не заклікаў да нечага такога... Скажу шчыра: буду выказвацца рэзка. Пра тое, што Лукашэнка шмат абяцаў, але нічога не выконвае і таму мусіць пакінуць пасаду», — распавёў Свабодзе заяўнік мітынгу Віктар Дашкевіч.

У Капыль для ўдзелу ў мітынгу таксама зьбіраюцца актывісты БХД зь Менску, Слуцку і Салігорску. «Для нас Дзень Канстытуцыі — гэта найперш пагаварыць зь людзьмі пра парушэньні іх правоў, дадзеных Асноўным законам, згадаць пра зьніклых палітыкаў, пра тых, каго ўлады перасьледуюць за іх меркаваньні», — кажа каардынатар БХД Павал Пракаповіч.

Летась Віктар Дашкевіч праводзіў у Капылі пікеты, за якія потым выплачваў міліцыянтам і камунальнікам да паловы сваёй штомесячнай пэнсіі. Гэтым разам міліцыянты папярэдзілі Віктара Дашкевіча, што іх паслугі па ахове мітынгу абыйдуцца яму ў 1 мільён 35 тысяч рублёў.

«Мітынг дазволены ўсяго на 1 гадзіну, за гэты час 3–4 міліцыянты нядрэнна заробяць на тым, што мусяць рабіць паводле сваёй службы. Вось табе і свабода сходаў паводле Канстытуцыі!» — пракамэнтаваў каштарыс на правядзеньне мерапрыемства актывіст БХД Віктар Дашкевіч з Капыля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG