Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Брэст ці Берасьце?


Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Афіцыйная назва — Брэст

Спрадвечная беларуская назва — Бе́расьце

Паходзіць ад назвы дрэва бераст (вяз): берасьце — яго зарасьнік. Паселішча ўпершыню згадваецца пад 1019 годам. У летапісах яно пад запісанымі адпаведна тагачасным артаграфіям назвамі Берестіе, Берестье, Бересть. Здавалася б, поўнагалосная ўсходнеславянская форма. Чым яна магла не падабацца расейскай адміністрацыі?

Расейская форма «Брест» — прыклад русыфікацыі праз палянізацыю. З XVII стагодзьдзя асноўнае справаводзтва ў Беларусі ўжо вялося па-польску, што і зафіксаваў у 1696 годзе сойм Рэчы Паспалітай. Бытавала і лацінская мова. У польскай мове Берасьцю адпавядае Brześć (Бжэсьць), на аснове якога паўстала лацінскае напісаньне асновы Brest-. Каб ня блытаць горад над Бугам з Бжэсьцем Куяўскім (Brześć Kujawski), увялі назву Бжэсьць Літоўскі (Brześć Litewski), хоць прасьцей было б адрозьніваць інакш: той Бжэсьць, а гэтае Берасьце.

Прышлыя расейцы доўга выбіралі форму назвы заваяванага гораду: Бржесть, Бржест і ўрэшце Брест — апошняя форма наагул нічога супольнага ня мае з спрадвечным імем паселішча, якое ў тутэйшых дыялектах гучыць як Бэ́рысть ці Бэ́рэсть. У дакумэнтах БНР і ў савецкай Беларусі да 1933 году пасьлядоўна ўжывалася напісаньне Берасьце.

Дарэчы, ад формы «Брэст» па-беларуску немагчыма ўтварыць натуральныя назвы жыхароў: «брашчане» — ад брэху? «Брастаўчане» — але ж няма прыметніка «брэстаўскі»! Гэта адзін з аргумэнтаў на карысьць вяртаньня спрадвечнай беларускай назвы тысячагадоваму гораду.

Берасьцейскі чыгуначны вакзал, архіўнае фота
Берасьцейскі чыгуначны вакзал, архіўнае фота

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Берасьце фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

Яшчэ гарады з «памылкамі» ў назвах

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG