Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 году.
Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх былі зьмененыя пад вонкавым уплывам.
Беразіно — сучасная афіцыйная назва
Бярэ́зань — беларуская народная назва
Упершыню згадваецца ў 1501 годзе як мястэчка на рацэ Бярэ́зіне (якую часам завуць і Бяроза); сьпярша належала Сапегам, а пасьля Тышкевічам і Патоцкім. У 1655-м падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай яго на некалькі гадоў занялі расейскія войскі. У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны цераз паўнаводную Бярэзіну перапраўляўся з войскам швэдзкі кароль Карл ХІІ. Ад 1793 году Бярэзань уключана ў склад Расейскай імпэрыі.
У расейскай ужываецца форма Березино, ад якой паходзіць цяперашняя афіцыйная беларуская форма з націскам на апошні склад.
У міжваенны час (да пачатку русыфікацыі) у БССР яшчэ была назва Бярэзань ці Бярэзынь.
«Зь мястэчак, апроч паветавага места Ігуменя (з 5 тыс. люднасьці), які ляжыць у глухой мяйсцовасьці, сярод аграмадных лясоў і мае вельмі малое эканамічнае значэньне, трэба сказаць аб мястэчку Бярэзыні. Ляжыць яно над р. Бярэзінаю, у цэнтры аграмаднага палескага раёну. мае параходную прыстань і вядзе значны гандаль дрэвам і смалою. У ваколіцах ёсьць вапельні. Люднасьці каля 4 тыс. чал.». («Геаграфія Беларусі» Аркадзя Смоліча).
У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Бярэзань фіксуецца як варыянтная. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа быць прызнаная нарматыўнаю.
Як пераймяноўвалі беларускія гарады
Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».
Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха. Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам, Рудобелку — Акцябарскім, Дрысу — Верхнядзьвінскам, Ігумен — Чэрвенем, Кабыльнік — Нараччу, Качэрычы — Кіраўскам, Прапойск — Слаўгарадам, Шацілавічы — Сьветлагорскам.
Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.
Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.
Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.
«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».
Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.
Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў