Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Міёры ці Мёры?


Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Шмат гадоў адзінай афіцыйнай назвай былі​ Міёры

Натуральная беларуская назва — Мёры

Паселішча ўпершыню згадваецца ў 1514 годзе як маёнтак Мярэя Браслаўскага павету. У перапісе ВКЛ 1567 году гэта ўжо Мёры (Меры). Паходжаньне назвы не зьвязанае з коранем «мерці». Ёсьць возера Мёрскае (старая назва Мёры), імя паселішча паходзіць ад яго, наадварот амаль ніколі не бывае. А вось гідронім гэты можа быць як балцкага (рэчка Мера ёсьць у Сьвянцянскім раёне), так і фіна-вугорскага кораня. Абодва яны азначаюць пэўную водную прастору.

Фэст «Журавы і журавіны» ў Мёрах, 2016 год
Фэст «Журавы і журавіны» ў Мёрах, 2016 год

Форма Мёры (Меры) ужывалася ў большасьці старабеларускіх дакумэнтаў. І на польскамоўных мапах ХVІІ–ХVІІІ стагодзьдзяў назва мястэчка Mіоrу адлюстроўвала такое самае вымаўленьне. Калі беларускія землі былі анэксаваныя Расеяй, тамтэйшыя адміністратары й картографы паўтарылі польскае напісаньне кірылічнай графікай — Міоры (зь літарай І, дарэформавай расейскай графікай)​. У выніку Мёры пішуцца сучасным расейскім правапісам як Миоры, шляхам адваротнай трансьлітарацыі на беларускую зь іх зрабілі недарэчную, штучную форму Міёры.

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, форма Мёры фіксуецца як нарматыўная.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG