Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Хойнікі ці Хвойнікі?


Савецкая ўлада масава пераймяноўвала старажытныя гарады й мястэчкі Беларусі, назвы якіх здаваліся ёй «немілагучнымі» і палітычна сумнеўнымі. Але выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны пачалі яшчэ ў Расейскай імпэрыі — пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў. Свабода сабрала зьвесткі пра шэраг гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх зьмяніліся пад вонкавым уплывам.

Хойнікі

  • Афіцыйная назва — Хойнікі
  • Спрадвечная назва — Хвойнікі

Таксама Хвайнікі́, Хво́йнічак. Першы пісьмовы ўспамін пра Хвойнікі як мястэчка Брагінскай воласьці Кіеўскага ваяводзтва датуецца 1492 годам. Гэта была тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, а затым паселішча адышло да Каралеўства Польскага. У розныя часы тут гаспадарылі Палазовічы, Любецкія, Харлінскія, Абрамовічы, Бжазоўскія, Шуйскія, Прозаравы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 году Хвойнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі і разам зь іншымі паселішчамі трапілі ў сьпіс на перайменаваньне. Расейская ўлада ўзяла за ўзор польскі варыянт — Chojniki (па-польску choina — хвоя). У выніку зьнікла празрыстая для беларусаў повязь назвы гораду з хваёвымі лясамі.

У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь», зацьверджаным Дзяржаўным камітэтам па маёмасьці і ўзгодненым з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Беларусі, формы Хвойнікі, Хвайнікі́, Хво́йнічак фіксуюцца як варыянтныя. Гэта значыць пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яны могуць быць прызнаныя нарматыўнымі.

Як пераймяноўвалі беларускія гарады

Поруч з імёнамі беларускіх гарадоў, мястэчак і вёсак, якія прымусам замяніла савецкая ўлада, вось ужо пару соцень гадоў існуюць і «тапонімы з памылкамі».

Перайменавалі старажытныя гарады й мястэчкі, назвы якіх былі «немілагучныя» або палітычна сумнеўныя для зрусыфікаванага бальшавіцкага вуха.

• Койданава (Койданаў) зрабілі Дзяржынскам,
• Рудобелку — Акцябарскім,
• Дрысу — Верхнядзьвінскам,
• Ігумен — Чэрвенем,
• Кабыльнік — Нараччу,
• Качэрычы — Кіраўскам,
• Прапойск — Слаўгарадам,
• Шацілавічы — Сьветлагорскам.

Вёсак такіх значна больш. Агулам блізу 450 беларускіх паселішчаў пацярпелі ад радыкальнай рэвізіі аўтэнтычных тапонімаў.​

Раней, у пару Расейскай імпэрыі, назвы не мянялі радыкальна, а «карэктавалі» адпаведна моўным густам новых гаспадароў.

Спачатку наагул не зважалі на мясцовыя тапанімічныя традыцыі.

«Калі Беларусь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, ні дакумэнталісты, ні гісторыкі, ні картографы таксама не парупіліся пра дакладнасьць перадачы беларускіх айконімаў на расейскую мову, — пісала выбітная беларуская тапанімістка Валянціна Лемцюгова. — Яны запазычвалі ўжо гатовыя польскія формы і запісвалі іх кірыліцкай графікай. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, зь неўласьцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі».

Але пасьля паўстаньня Кастуся Каліноўскага ўлады Расейскай імпэрыі пачалі выкарыстоўваць тапанімію як складнік гібрыднай вайны — дзеля зьмены ідэнтычнасьці жыхароў заваяваных земляў. У 1866 годзе яны ўзяліся мяняць назвы вуліц беларускіх гарадоў ды склалі сьпіс паселішчаў, назвы якіх «подверглись извращению во время польского господства в здешнем крае» і якім неабходна было надаць «местные русские названия». Толькі ў Горадзенскай губэрні такіх паселішчаў было 558, сьведчыць гісторык Іна Соркіна. За часамі СССР практыку працягнулі.

Пэўныя спрадвечныя назвы былі змадыфікаваныя адміністрацыйным чынам, іншыя — стыхійна, але ўсе такія зьмены аддалялі аблічча беларускіх тапонімаў ад першаўзору. Свабода сабрала зьвесткі пра купу гарадоў, арыгінальныя найменьні якіх пад вонкавым уплывам памянялі выгляд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG