Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу супраць блогера Кабанава спынілі. За 4 месяцы не знайшлі складу злачынства


Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота
Аляксандар Кабанаў, архіўнае фота

Берасьцейскі блогер Аляксандар Кабанаў расказаў на Facebook аб спыненьні крымінальнай справы супраць яго «праз адсутнасьць складу злачынства».

«За чатыры месяцы высьветлілася, што я не прысабечваў сродкі таварыства ўласьнікаў жытла ў суме колькі там рублёў і колькі там капеек, — піша Кабанаў. — За чатыры месяцы і... пры дапамозе паднятага на вушы Бярозаўскага РАУС, прыкамандзіраванага супрацоўніка Берасьцейскага АБЭП, 12 сьледчых Бярозаўскага раённага сьледчага камітэту і двух сьледчых Кобрынскага сьледчага камітэту».

Кабанаў найбольш вядомы асьвятленьнем берасьцейскіх пратэстаў, як то акцыяў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, што праходзяць кожную нядзелю ўжо больш за год.

Яго, ягонага паплечніка Сяргея Пятрухіна ды іншых мясцовых актывістаў і блогераў пэрыядычна затрымліваюць і штрафуюць, летась садзілі на суткі. Супраць Пятрухіна ў лютым завялі крымінальныя справы за «паклёп» і «абразу» міліцыянтаў, аштрафавалі на амаль 15 тысяч рублёў, але ён абяцаў, што гэта яго ня спыніць.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG