Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці затрыманы блогер Аляксандар Кабанаў і яшчэ некалькі актывістаў

абноўлена

Аляксандар Кабанаў

14 красавіка ў цэнтры Берасьця міліцыя затрымала блогера Аляксандра Кабанава і актывістаў Дзьмітрыя Бекалюка ды Аляксандра Абляка, а таксама яшчэ дваіх удзельнікаў пратэсту.

Як перадае БелаПАН, яны былі затрыманыя на плошчы Леніна, дзе сёньня ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу, больш як 200 чалавек. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 году.

Кабанаву і Бекалюку інкрымінуюць парушэньне артыкулу 23.34 КаАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў).

Падчас затрыманьня Бекалюка людзі, якія сабраліся на плошчы, скандавалі «Ганьба».

Таксама праваабаронца Раман Кісьляк паведаміў пра затрыманьне актывісткі Тацяны Фесікавай, якую выклікалі сёньня ў Ленінскі РАУС.

Актывіст Аляксандар Абляк падчас акцыі абвесьціў у мэгафон, што гэта мірны сход і выйсьці на яго людзей вымусілі ўлады, які ня чуюць іх думку супраць працы акумулятарнага завода.

Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі будаўніцтва завода рушылі па цэнтральных вуліцах Пушкінскай і Савецкай да ЦУМа на праспэкце Машэрава. Па дарозе яны скандавалі «Не заводу!».

Падчас шэсьця некалькі супрацоўнікаў АМАПу выхапілі Аляксандра Абляка з цэнтру калёны і пасадзілі яго ў сваю машыну. Таксама быў затрыманы Ягор Кандрацюк, які ішоў побач з Абляком і абурыўся дзеяньнямі АМАПу.

12 красавіка былі зьмешчаныя ў ізалятар часовага ўтрыманьня каля дзесяці праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завод. У Ленінскі РАУС абласнога цэнтра ў якасьці сьведак было выклікана 12 актывістаў. Затрымалі і да суду зьмясцілі ў ІЧУ: Дзьмітрыя Андрасюка, Уладзімера Казлоўскага, Дзяніса Малашанку, Сяргея Сьвірскага, Уладзіслава Абрамовіча, Алега Ярмоленку, Дзям’яна Лепесевіча, Кацярыну Басаргіну, Алега Вялова і праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Акумулятарны завод на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» будуе прадпрыемства ТАА «АйПауэр». На заводзе будзе наладжаны поўны цыкль вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
  • Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG