Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі завода АКБ ля Берасьця лічаць, што бізнэсоўца Лемяшэўскага маглі затрымаць, каб суцішыць пратэсты


Такое меркаваньне падчас традыцыйнага «кармленьня галубоў» на цэнтральнай плошчы Берасьця выказаў Дзям’ян Лепясевіч.

Паведамленьні аб магчымым затрыманьні Віктара Лемяшэўскага зьявіліся ў СМІ ў пятніцу 28 чэрвеня. Афіцыйнай інфармацыі аб гэтым пакуль няма, КДБ навіну не камэнтуе. Невядомая таксама прычына магчыма затрыманьня.


Сваё меркаваньне пра гэта выказаў адзін зь лідэраў пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця, які належыць кампаніі Віктара Лемяшэўскага. «Гэта можа быць крокам уладаў для таго, каб супакоіць народ, — сказаў Дзям’ян Лепясевіч у размове з агенцтвам БелаПАН. — Я асабіста не веру ніводнаму дзеяньню ўладаў. Вось калі Лемяшэўскі сядзе ў турму, а з заводу вывезуць усё абсталяваньне, тады я скажу: Так, улада ўсё зрабіла па літары закону».

Будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця было прыпыненае распараджэньнем кіраўніка берасьцейскага аблвыканкама Анатоля Ліса ў сярэдзіне чэрвеня. Кіраўніцтва кампаніі «Ай-Пауэр», якая валодае заводам, заяўляе аб поўнай адпаведнасьці прадпрыемства ўсім нормам і зьбіраецца выпускаць прадукцыю пасьля атрыманьня неабходных дазволаў.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG