Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цыганскім пасёлку Магілёва памерла жанчына. Родныя вінавацяць амапаўцаў


Каля дому нябожчыцы

У магілёўскім пасёлку Грабянёва мясцовыя цыганы разьвітваюцца з 67-гадовай суродзічкай Лідзіяй Юрчанкай. Хворая на анкалёгію жанчына памерла праз тры дні пасьля ўварваньня ў яе хату ўзброеных амапаўцаў. Прычынай сьмерці стала адарваньне тромба.

Дом нябожчыцы Лідзіі Юрчанкі
Дом нябожчыцы Лідзіі Юрчанкі

Бараніла ўнукаў

Родзічы настойваюць, што нябожчыца ня здолела перажыць стрэсу. Позна ўвечары 16 траўня ў яе хату ўварваліся амапаўцы, і яна, як магла, бараніла сваіх непаўналетніх чатырох унукаў. Дзяцей і гаспадыню паклалі тварам уніз на падлогу. У той момант у доме не было мужчын.

«Бабця прасіла, каб не палохалі дзяцей, — расказвае пра перажытае чатырнаццацігадовая ўнучка нябожчыцы. — На гэта адзін з амапаўцаў адказаў: „Сука, закрой рот, или я тебя порву на куски“. Калі мой брат папрасіў бабцю супакоіцца, каб зь ёю не зрабілі нечага кепскага, то на яго амапавец накіраваў зброю і загадаў: „Закрой рот“».

Пасьведчаньне аб сьмерці Лідзіі Юрчанкі з кодам прычыны сьмерці 125.1А
Пасьведчаньне аб сьмерці Лідзіі Юрчанкі з кодам прычыны сьмерці 125.1А

Паводле дзяўчыны, яе сястра пачала задыхацца, але амапаўцы не давалі выклікаць хуткую дапамогу. Усе ў хаце плакалі. У падворку міліцыянты «ўсё перавярнулі і дзе былі замкі пазрывалі іх». Паводле дарослых, амапаўцы ў пасёлак прыехалі на некалькіх бэтээрах.

Яны кажуць, што дзеці цяпер баяцца хадзіць у школу і з трывогаю ўспрымаюць грукат машын.

«Лекары засьцерагалі ад хваляваньняў»

Наступныя два дні кабета скардзілася родзічам на болі ў сэрцы. Казала, што за сваё жыцьцё з падобным абыходжаньнем не сутыкалася. Згадвала аповеды сваёй маці пра аблавы паліцаяў падчас нацысцкай акупацыі і параўноўвала іх зь перажытым цяпер. Наказвала родным, каб «яны беглі зь Беларусі, бо тут ім жыцьця ня будзе».

У хаце Людзіі Юрчанкі
У хаце Людзіі Юрчанкі

«Лекары засьцерагалі яе ад хваляваньняў. Папярэджвалі, што аслаблены анкалёгіяй арганізм можа ня вытрымаць. А пасьля ўварваньня амапаўцаў у яе падскочыў ціск. Яго зьбілі таблеткамі», — кажа ўнучка.

Нябожчыцу не вазілі ў морг, паводле цыганскіх традыцыяў рабіць ускрыцьцё — грэх.

Пра тое, што прычынай сьмерці стала адарваньне тромба, яе родзічы кажуць са словаў мэдыкаў, якія канстатавалі сьмерць. Паводле іх, лекар хуткай дапамогі запэўніў, што тромб адарваўся праз стрэс. У пасьведчаньні аб сьмерці яе прычына пазначаная кодам 125.1А, што азначае «атэрасклератычная хвароба сэрца».

Анкалёгію ў Лідзіі Юрчанкі выявілі 8 гадоў таму. Ускладненьняў не фіксавалася, кажуць яе родныя. Памерла яна ў калідоры, седзячы на канапе.

Пахаваюць яе 22 траўня на грабянёўскіх могілках. Праводзіць на іх нябожчыцу прыйдзе ўвесь цыганскі пасёлак.

Мэдык-экспэрт: «Судзінныя хваробы стрэсазалежныя»

«Вядома ж, калі ў дом з гвалтам урываюцца, то чалавек апынаецца ў стане стрэсу», — кажа магілёўскі мэдык, які пагадзіўся на ўмовах ананімнасьці пракамэнтаваць гісторыю са сьмерцю жыхаркі Грабянёва.

Паводле яго, судзінныя хваробы стрэсазалежныя. «Інфаркты, інсульты стрэсамі могуць быць справакаваныя, і верагоднасьць катастрафічнага зыходу для хворага дужа высокая», — тлумачыць суразмоўца.

Цыганская вуліца, на якой жыла Лідзія Юрчанка
Цыганская вуліца, на якой жыла Лідзія Юрчанка

Разам з тым экспэрт засьцерагае ад пасьпешлівых высноваў, бо сытуацыя, на яго думку, вымагае адмысловых экспэртыз, якія маюць высьветліць прыроду зьяўленьня тромба. Нюансаў тут дужа шмат, кажа ён.

«Але, паўтаруся, вострыя судзінныя хваробы могуць быць справакаваныя стрэсамі», — падсумоўвае мэдык.

Што рабілі амапаўцы ў пасёлках кампактнага пражываньня цыганоў

16 траўня былі затрыманыя дзясяткі цыганоў у магілёўскіх пасёлках іхнага кампактнага пражываньня: Грабянёва і Чапаеўка. Узброеныя амапаўцы зьявіліся неўзабаве пасьля таго, як праваахоўнікам стала вядома пра выкраданьне і сьмерць магілёўскага супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча.

У дамы цыган міліцыянты ўрываліся гвалтам. Гаспадароў зьбівалі. Потым везьлі ў раённыя аддзелы міліцыі.

19 траўня іх вызвалілі з ізалятару часовага ўтрыманьня. Кожны быў дапытаны ў справе забойства Патаповіча. Некаторыя сьцьвярджаюць, што зь іх спрабавалі выбіць паказаньні. Цыганоў утрымлівалі пад вартай, як дробных хуліганаў.

Паводле старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская дыяспара цыганоў» Алега Казлоўскага, міліцыянты прыходзілі да цыганоў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Цыганы з магілёўскага пасёлка Чапаеўка зьвярнуліся да памочніка прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці Міхаіла Русага, каб той абараніў іх ад «ціску і пагрозаў з боку праваахоўных органаў».

Якая афіцыйная пазыцыя ў пытаньні перасьледу цыган

Афіцыйная інфармацыя пра датычнасьць прадстаўнікоў цыганскай меншасьці да забойства міліцыянта не агучвалася. Гэткая інфармацыя фігуравала ў перадсьмяротным паведамленьні калегам у Viber лейтэнанта Патаповіча, пра што стала вядома з тэлеграм-каналу NEXTA.

Факт масавага затрыманьня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызнаюць ані Сьледчы камітэт, ані Міністэрства ўнутраных спраў. Там сьцьвярджаюць, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

20 траўня начальнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня СК Яўген Архірэеў паведаміў, што галоўная вэрсія сьмерці лейтэнанта Патаповіча — суіцыд.

21 траўня першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Іван Падгрускі на пытаньне БелаПАН, ці ня лічыць ён, што МУС павінна папрасіць прабачэньня перад цыганамі, адказаў: «Можа быць, і трэба. Ня ведаю, ці будзем».

Сьмерць міліцыянта Яўгена Патаповіча ў Магілёве. Што вядома?

  • 16 траўня ў Магілёве зьнік лейтэнант дарожна-патрульнай службы ДАІ
    22-гадовы Яўген Патаповіч (на фота). З паведамленьня ад яго вынікала, што яго выкралі цыганы на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі. ​Неўзабаве яго знайшлі мёртвым у лесе. ​Труп быў у кайданках, без штаноў, побач — пісталет, абярэмак дроў, рыдлёўка. Сьледчы камітэт заявіў, што Патаповіча забілі падчас выкананьня службовых абавязкаў.
  • 16 і 17 траўня ў Магілёве і па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні цыганоў. Некаторыя зь іх па вызваленьні казалі, што міліцыянты іх білі.
  • 17 траўня вэрсія з выкраданьнем міліцыянта на чорнай «Волзе» з расейскімі нумарамі перастала лічыцца прыярытэтнай.
  • 18 траўня адбылося разьвітаньне з Патаповічам. Прыехалі сілавікі з усёй Беларусі, а таксама кіраўніцтва МУС. Нябожчыка адпеў праваслаўны сьвятар. Міліцыянта пахавалі ў вёсцы Вішоў за 30 кілямэтраў ад Магілёва.
  • 20 траўня Сьледчы камітэт паведаміў, што «асноўная вэрсія сьмерці — суіцыд». Матывы самагубства невядомыя.​
  • 22 траўня ў Магілёве міліцыя затрымала цыганскага барона. Яго падазраюць у збыце наркотыкаў і невыкананьні судовага рашэньня аб пазбаўленьні права кіраваньня аўтамабілем.
  • 23 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч назваў абгрунтаванай «праверку» цыганскай супольнасьці ў Магілёве. «У міністра няма ні падстаў, ні абгрунтаваньняў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — заявіў ён.

Чаму беларусы ня вераць міліцыі. Былы сьледчы пракамэнтаваў нестыкоўкі ў сьмерці магілёўскага міліцыянта

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG